Пагрозы і нянавісць. Што будзе з Украінай пасля 21.04


Прорва паміж рэйтынгам Уладзіміра Зяленскага ды Пятра Парашэнкі вырасла да 47 %. Сярод грамадзянаў Украіны, якія вызначыліся з выбарам і пойдуць на ўчасткі, 72,2 % прагаласуюць за лідара студыі «Квартал 95», а 25,4 % аддадуць галасы актуальнаму лідару дзяржавы. Такія дадзеныя сёння падаў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялогіі. Аднак пакуль кампаніі кандыдатаў у разгары, а іхныя прыхільнікі падзяліліся на непрымірымыя войскі, адмыслоўцы канстатуюць перавагу формы над зместам і намагаюцца зазірнуць за далягляд 21 красавіка, калі Украіна прыйдзе на ўчасткі.

У апошні тыдзень прэзідэнцкая гонка зрабілася яшчэ больш рэзкай і канвульсіўнай. Уздоўж дарог выраслі бігборды ў колерах кампаніі Парашэнкі з надпісам «Канец» і патыліцай кагосьці, падобнага да дзейнага кіраўніка дзяржавы, грамадскі транспарт ды слупы абраслі налепкамі «Порах сіла, кокс – магіла» ў колерах кампаніі Зяленскага (апаненты кандыдата-коміка абвінавачваюць яго ў злоўжыванні наркотыкамі). Парашэнка штодня запрашае Зяленскага да адкрытай дыскусіі – Зяленскі штодня не прыходзіць і раіць прэзідэнту займацца справамі.

Кандыдаты ў тэлефоне

Пасля першага туру тэлефон разрываецца ад паведамленняў новых сяброў. Тэлеграм-каналы Пятра Парашэнкі і каманды Уладзіміра Зяленскага навыперадкі заклікаюць падпісніка ісці на выбары, нягледзячы на кліматычнае вяртанне кастрычніка і патэнцыйную абыякавасць да палітыкі. Каманда Зе! запрашае далучацца да сваіх філіяў у самых розных гарадах Украіны, усталяваць адмысловы банер кандыдата на сваім персанальным сайце, інфармуюць пра выпадкі чорнага піяру, час ад часу тут з’яўляюцца свежыя сэлфі-прамовы Зяленскага, падазрона няўмелыя ды дрыготкія, як для буйнога медыя-бізнесоўца.

Каманда Зяленскага па-свойму рыхтуе кандыдата да дэбатаў 19 красавіка. Пытанні, якія комік мае задаць дзейнаму прэзідэнту, збіраюць на вуліцах украінскіх гарадоў. На гэтым відэа – жыхары Львова, дзе Зяленскі карыстаецца меншай падтрымкай, чым Парашэнка

Тэлеграм-канал Пятра Парашэнкі ўсяляк падкрэслівае моладзевую скіраванасць: кожны допіс пачынаецца са звароту «Дружа!» (аднойчы нават быў «гайз!», але, відавочна, потым у штабе вырашылі, што гэта занадта). Паведамленні кароткія, малюнкі яскравыя, прапановы інтэрактыўныя (яшчэ нядаўна ў галасаваннях былі дзве магчымыя рэакцыі: «лайк» або «сардэчка», але цяпер дазволілі паказваць нязгоду). Кожны тут – удзельнік адной стратэгічнай гульні з канкрэтнымі задачамі («Пераканай 3/5/10 сяброў галасаваць за Парашэнку– за курс на Еўразвяз ды NATO»).

Канал Парашэнкі прапануе спампоўваць набор стыкераў з выявай прэзідэнта ды фразамі-мемамі

Нянавісць родам з Расеі

Прорва паміж лагерамі прыхільнікаў абодвух кандыдатаў павялічваецца з кожным днём. Узаемныя абразы, сарказм і пераход на асобы сталі асаблівасцю дыскусіяў у грамадскім полі. Палітолаг і адмысловец Украінскага інстытуту будучыні, беларус Ігар Тышкевіч кажа, што за публікацыю нейтральнага аналізу апошнімі днямі пяць разоў сутыкнуўся з пагрозамі высылкі з Украіны.

«Пагрозы сыходзілі ад прыхільнікаў Пятра Парашэнкі, не бяруся сцвярджаць, што гэтыя людзі працуюць у ягоным штабе, – кажа спадар Ігар. – Прычым яны ёсць публічна, або ў фэйсбуку, або ў прыватных паведамленнях. Гэта верыфікуецца дастаткова лёгка. З іншага боку няма пагрозаў, але ёсць рэзкае незадавальненне».

Інтерв’ю
Сустракаюцца Пуцін і ўкраінскі Трамп – анекдот ці рэальная перспектыва?
2019.04.15 13:15

Паводле Тышкевіча, тое, што адбываецца зараз, не нова, і Украіна праз гэта ўжо праходзіла:

«Калі паглядзець стылістыку кампаніі, яна ідзе не пра будучыню, не пра праграмы, а пра нянавісць да свайго апанента. Рэальную такую лютую нянавісць. З аднаго боку, гэта актывізуе ўласны электарат, з іншага – прымушае электарат апанента цябе ненавідзець. Гэты механізм быў запушчаны ва Украіне расейскімі паліттэхнолагамі перад 2004 годам. Ён вельмі жорсткі і цынічны, але ён даказаў сваю эфектыўнасць. На вялікі жаль, украінскія палітыкі кожны раз звяртаюцца да тых жа метадычак».

Тышкевіч кажа, што кожны з кандыдатаў у выпадку перамогі не будзе мець лаяльнай Вярхоўнай Рады. Апаненты новага прэзідэнта будуць распальваць недавер і нянавісць да яго.

«Ведаючы, як украінцы ставяцца да выканання законаў, можна ўявіць сабе, як будуць выконвацца законы, прынятыя ненавісным прэзідэнтам», – рэзюмуе Тышкевіч.

Якімі ж будуць гэтыя новыя законы? Ёсць пытанні да праграмаў абодвух кандыдатаў.

Пра што маўчаць кандыдаты

Паводле даследавання Міжнароднага цэнтру перспектыўных даследаванняў ды Украінскага інстытуту будучыні, перадвыбарчая праграма Уладзіміра Зяленскага ўяўляе сабой асобныя прапановы з розных сфераў грамадска-палітычнага жыцця. Пры гэтым усім пунктам не хапае сістэмнасці ды экстрапаляцыі на рэаліі ўкраінскай палітыкі. Да таго ж у экспертнай супольнасці няма ўяўлення, як сам кандыдат арыентуецца ва ўласнай праграме. І адмыслоўцы, і журналісты, і выбарцы, пакінутыя без канкрэтыкі, вымушаныя самі дадумваць, якімі будуць першыя планы Уладзіміра Зяленскага.

Інфаграфіка
«Facebook» – за Парашэнку, а «УКантакце» – за Зяленскага
2019.04.01 17:48

Няяснымі застаюцца кадравыя прызначэнні, пра якія каманда кандыдата абяцала загаварыць 19 красавіка, пытанні выклікае і гатовасць Зяленскага да супрацы з іншымі палітычнымі сіламі. Толькі праз факт перамогі Зе! ды яго каманды старыя палітыкі не знікнуць, а дзейны склад Вярхоўнай Рады будзе працаваць прынамсі паўгода, і Зяленскаму давядзецца супрацоўнічаць і шукаць кампрамісу.

Перадвыбарчая агітацыя Зяленскага – шмат зелені, нуль канкрэтыкі. Фота – belsat.eu

Што да Парашэнкі, то да яго адкрытымі застаюцца пытанні датычна перадвыбарчых абяцанняў 2014 года, якія гэтак і не атрымалася выканаць. Правядзенне выбарчай рэформы, зняцце недатыкальнасці з дэпутатаў, прыняцце закону пра імпічмент – на ўсё гэта ў дзейнага прэзідэнта не хапіла пяці гадоў. Няўдалая перазагрузка судовай сістэмы, незавершаная антыкарупцыйная рэформа.

Апроч таго, прэтэнзіі выклікае чысціня вядзення перадвыбарнай агітацыі, маштабная кампанія дыскрэдытацыі Уладзіміра Зяленскага і тыражаваны штабам прэзідэнта мэсідж «Парашэнка або Пуцін».

Парашэнка нагадвае, што ў Крамлі з’яўляецца самым непажаданым кіраўніком Украіны. Крыніца – афіцыйная старонка Пятра Парашэнкі ў фэйсбуку

Пошук патрэбнага кабінета

Элітам і атачэнню Аляксандра Лукашэнкі, па словах Ігара Тышкевіча, Зяленскі не зручны. Не таму, што ён кепскі, а таму – што новы.

«Старыя эліты стварылі сістэму, якая існавала 20 год. Ты разумееш сістэму. Ведаеш, каму занесці і з кім дамовіцца. Незалежна ад змены ўлады. Цэнтры сілы ў рэальнай украінскай палітыцы знаходзяцца ў пэўных кабінетах. І ты маеш доступ, уваход у тыя кабінеты. А цяпер «опа!» – і гэтых цэнтраў няма. Гэта азначае, што твая частка эканамічных і іншых праграмаў, публічная, легальная, можа ісці далей. А іншая частка, тая, што на гэтак званых «карупцыйных дагаварняках», і якая можа раздражняць Расею, вось яна падвісае».

А значыць, з перамогай Зяленскага ўлады Беларусі стануць перад непазбежнай патрэбай пратоптваць новыя шляхі да новых украінскіх кабінетаў.

Чытайце таксама:

Hавiны
Дэбаты пра дэбаты. Украінцы вымагаюць ад кандыдатаў рэальнай сустрэчы
2019.04.05 16:03

Адэля Дубавец, belsat.eu

Стужка навінаў