Пагранічная служба Беларусі: ад савецкай акупацыі да аховы незалежнасці


Дзіўным спалучэннем старой савеччыны і беларускай сучаснасці вызначаецца Пагранічная служба Беларусі, якая лічыць, што адзначае сёння «свой» юбілей.

Беларускія памежнікі ўжо стаяць «100 год на ахове дзяржаўнай мяжы», паведамляе нам сайт Дзяржаўнага пагранічнага камітэту Рэспублікі Беларусь. Адзначым адразу для моўных пурыстаў, што афіцыйны назоў установы на беларускай мове менавіта «пагранічная служба», а не «памежная». З гэтым аўтар нічога зрабіць не можа.

Ленін «бараніў межы Беларусі»?

Беларуская армія пакуль што пачынае сваю гісторыю з лютага 1918 года, калі чырвоныя войскі панічна беглі ад жаўнераў кайзера, а таксама былі выбітыя з Менску беларускімі і польскімі вайсковымі фармаваннямі.

Пагранічная служба Рэспублікі Беларусь не адступае ад гэтай сумнеўнай традыцыі. Яна адзначае свой дзень народзінаў 28 траўня, калі старшыня Рады народных камісараў Савецкай Расеі Уладзімер Ленін падпісаў дэкрэт пра стварэнне Памежная аховы ў народным камісарыяце фінансаў.

Арыгінал ленінскага дэкрэту. Фота http://100.gpk.gov.by

Гэта была Памежная ахова, задачай якой была, цытую гэты самы ленінскі дэкрэт, «абарона памежных інтарэсаў «Расейскай Федэратыўнай Савецкай Рэспублікі».

Такім чынам нам прапануюць аддаваць грошы падаткаплацельшчыкаў незалежнай Беларусі на святкаванне юбілею сілавой структуры чужой краіны.

Больш за тое, гэта тая самая краіна, якая замінала стварыць беларускую незалежную дзяржаву, вяла баявыя дзеянні супраць войск Беларускай Народнай Рэспублікі, а потым масава рэпрэсавала і знішчала беларускае насельніцтва.

Беларуская застава ў гонар саюзніка Гітлера

Характэрна, між іншым, што абсалютная большасць асобаў, у гонар якіх названыя 13 застаў сучаснай Пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь, не беларусы па паходжанні ці месцы нараджэння. http://100.gpk.gov.by/history/borderpost/

Рыгор Кофанаў. Фота http://100.gpk.gov.by

Гэтак, напрыклад, Рыгор Кофанаў родам з-пад расейскага Белгараду, вызначыўся 17 верасня, бо напаў на казарму польскіх памежнікаў: «Падчас руху на захад памежнікі сутыкнуліся з варожай групай… Памежныя патрулі і вартавы, які ахоўваў Пляцоўку, былі абяззброеныя без адзінага стрэлу… Пасля гэтага штурмавая група, у якую ўваходзіў Кофанаў, павінна была кінуць гранату ў акно казармы». Граната не даляцела, польскія памежнікі пачалі адстрэльвацца, і Кофанаў загінуў.

Польшча ў той час ужо ваявала супраць гітлераўскай Нямеччыны, а Рыгор Кофанаў напаў на польскіх памежнікаў па загадзе Іосіфа Сталіна, які дамовіўся з Гітлерам пра напад на Польшчу з усходу.

Нямецкія калегі Рыгора Кофанава зносяць польскі памежны шлакбаўм прыкладна ў той жа час на заходняй мяжы Польшчы.

Што цікава, Кофанаў, які загінуў пры нападзе на чужую тэрыторыю, лічыўся «загінулым пры абароне дзяржаўнай мяжы СССР у верасні 1939 года». У Пружанах дагэтуль існуе вуліца, якая названая ў гонар Рыгора Кофанава.

На варце мяжы незалежнай дзяржавы

Як жа на самой справе ўтварылася беларуская Пагранічная служба?

Прайшлі дзесяцігоддзі савецкай няволі, СССР аслабеў і пачаў развальвацца, што дало магчымасці новаму пакаленню беларускага нацыянальнага руху дасягнуць незалежнасці. Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, у які былі абраныя дэпутаты-патрыёты, абвесціў дзяржаўны суверэнітэт Беларусі ў жніўні 1991 года, таму перад кіраўніцтвам новай дзяржавы адразу паўстала задача аховы межаў краіны.

Беларускія памежнікі ў пачатку 1990-х гадоў. Фота istpravda.ru

20 верасня 1991 года было прынята пастанаўленне ВС, згодна з якім фармаванне былой Заходняй памежнай акругі памежных войск КДБ СССР на тэрыторыі Беларусі пераходзілі пад камандаванне ўрада Беларусі. Гэта і сталам пачаткам фармавання беларускіх памежных войскаў.

Цяпер беларуская Пагранічная служба складаецца з Берасцейскай, Гомельскай, Гарадзенскай і Смаргонскай памежных групаў, а Мазырскага, Пінскага, Лідскага, Полацкага памежных атрадаў, атраду памежнага кантролю «Менск», Інстытуту памежнай службы і дапаможных структураў.

Беларускія памежнікі ў пачатку 1990-х гадоў. Фота istpravda.ru

Арганізацыя аховы дзяржаўнай мяжы – неабходная, але дарагая справа. Спачатку беларускія памежнікі знаходзіліся толькі на мяжы з Польшчай, потым яны разгарнуліся на межах з Летувой і Латвіяй, потым з Украінай.

Цяпер яны, згодна з паведамленнямі некаторых крыніцаў, рыхтуюцца з’явіцца і на беларуска-расейскай мяжы. Сумнеўна, каб у 1918 годзе Ленін, падпісваючы свой дэкрэт, думаў пра існаванне такой мяжы інакш, чым у сваіх начных кашмарах.

Беларускія памежнікі зараз.

 

Само існаванне беларускай дзяржавы і штодзённая праца беларускай Пагранічнай службы абвяргае хлусню, якой кормяць беларусаў ідэолагі, галовы якіх засталіся ў палоне савецкай прапаганды.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары