Паглядзіце, як людзі ва ўсім свеце ўзнаўляюць творы мастацтваў з таго, што маюць пад рукамі

Фіранкі і біжутэрыя, харчы і туалетная папера, цацкі і хатнія жывёліны – усё ў справу. Калі ў вас скончыліся ідэі, чым заняцца ў самаізаляцыі, – узнавіце твор мастацтва.

З таго, што ёсць у хаце

Флэш-моб з узнаўленнем карціны з дапамогаю трох навакольных прадметаў ініцыяваў найбуйнейшы мастацкі музей Каліфорніі – Музей Геці, ідэю падтрымалі іншыя мастацкія галерэі свету. Сюжэты вядомых карцінаў карыстальнікі інтэрнэту пачалі ствараць з таго, што ёсць пад рукамі, і размяшчаць у розных сацсетках з гэштэгамі #TussenKunstEnQuarantaine, #изоизоляция, #covidlassics. Заданне абмяжоўвацца трыма прадметамі не абавязковае, але забараняецца выкарыстоўваць фільтры і камп’ютарнае апрацоўванне здымкаў.

У Фэйсбуку флэш-моб распачалі 30 сакавіка, а сёння ў суполцы больш за 390 тысяч удзельнікаў. Толькі цягам апошніх содняў да суполкі дадаліся 20 тысяч удзельнікаў, а ў стужку – амаль дзве тысячы новых працаў. Найчасцей удзельнікі пераствараюць партрэты, сярод карцінаў самыя любімыя для пераўтварэнняў «Дзяўчынка з персікамі» Валянціна Сярова, «Дзяўчына з жамчужнай завушніцай» Яна Вэрмээра, «Крык» Эдварда Мунка, «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча.

Але замахваюцца і на больш складаныя сюжэты – Босха, Пікаса, Далі. А спосабы выканання працаў вылучаюцца неверагоднай вынаходлівасцю.

Фрагмент працы Іераніма Босха «Сад зямных асалодаў». Фота: Ksenia Krondo https://www.facebook.com/groups/izoizolyacia/

https://www.facebook.com/katkouskaja/posts/3489041127777837

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=3511697225512227&set=a.232032313478751&type=3&theater

Пікаса як ілюстрацыя да вынаходлівасці. Фота: Alina Alfimova https://www.facebook.com/groups/izoizolyacia/

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі ацэньвае флэш-моб цалкам пазітыўна: «Людзі абнаўляюць, пераспраўджаюць свае веды ў гісторыі мастацкай культуры. А, перадусім, самі становяцца актыўнымі саўдзельнікамі, сутворцамі творчага працэсу. Натуральна, гэта розныя паводле ўзроўню выканання перформансы. Розныя і паводле задачаў. Некаторыя з іх – вельмі прафесійна зробленыя фотаздымкі неверагодна тонкіх і трапных стылізацыяў. У іншых выпадках – гэта буфанада, сатыра, ці нават нешта ўжо з трэшу. Але ўсё разам – гэта гімн Культуры! Гэта сведчанне непераадольнага памкнення людзей да творчасці, да жыццядайнасці Мастацтва!»

Фота: Olga Lipkovich

Жонка пісьменніка і блогера Яўгена Ліпковіча Вольга кажа, што для іхнай сям’і галоўным стымулам для ўдзелу ў флэш-мобе была магчымасць пасмяяцца, бо ў самых цяжкіх сітуацыях і для людзей і для грамадства найлепшыя лекі – пачуццё гумару.

Фота: Olga Lipkovich

«Гратэск і абсурд тут дапамагаюць. Паколькі сабака Лаліта Гламур – бясплатны рэквізіт, то менавіта яна паўдзельнічала і ў «Самсоне, што разрывае пашчу ільву», і ў «П’еце». У нашых інсталяцыях істотныя не дэталі, а ідэя і той смех, які яна выклікае. Што датычыць салдата – гэта таксама смех і гратэск, як і дзве папярэднія інсталяцыі. Але, на жаль, у групе #изоизоляция ўсё больш з’яўляецца настрояў «победобесия». Мяне абвінавацілі, што я замахнулася на святое, і ў сувязі з вялікай колькасцю скаргаў мадэратары выдалілі гэты здымак», – кажа Вольга Ліпковіч.

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=10218099958586854&set=gm.2540303366218932&type=3&eid=ARDyun5IZ01CfeZvfFLmrFqMqicb81ImgX4EQXlgI_T_ieVhiRHEeHP4x7TWl7FJYV2Hh2IK9b5hkS_B&ifg=1

Сяргей Харэўскі выказваецца катэгарычна супраць цэнзуравання інсталяцыяў, бо псеўдамараль здольная загубіць саму соль флэш-мобу: «А рупліўцам «маралі» я б паказаў на тое, што многія творы акурат і актуалізуюцца! Ну, сапраўды, колькі цяпер маладзёнаў, пагатоў на Захад ад Бугу, могуць зразумець гумар Ліпковіча? А так хоць нехта згадае, што гэта за помнікі, дзе яны стаяць і, урэшце, у гонар каго! Вось жа, колькі тут чытачоў ведаюць: хто стаў прататыпам таго помніка, які стаў для Ліпковіча крыніцаю творчае правакацыі?»

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=564474290835720&set=gm.2546031092312826&type=3&eid=ARDutwzv8e9RjNb37vyRvxN56_dRKJB0XvJ09PnG6TBaxDYe5XrVxhLhgadaE3L4n_pG0qihVM83R11A&ifg=1

Тое, якія творы абіраюцца для перастварэння, дае нагоду для разважанняў, лічыць мастацтвазнаўца: «У прыватнасці, мне бракуе адсылак да беларускае мастацкае класікі! Зрэшты, як ні дзіўна, малавата, напрыклад, і іспанскіх першаўзораў! Мала цытатаў з Новага Свету. І зусім амаль ніхто не звяртаўся да тэмаў Азіі».

Шагал як ілюстрацыя да беларускіх творцаў. Фота: Nadia Sidorova https://www.facebook.com/groups/izoizolyacia/

У Беларусі ўсеагульнага каранціну не абвесцілі, але самаізаляцыя – добрая нагода папоўніць галерэю жывых карцінаў творамі нашых мастакоў.

ІД belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны