Некаторыя даследчыкі лічаць Радамлю сталіцай радзімічаў, якая бачыла самога заснавальніка племені – Радзіма. Менавіта тут ладзяць тэматычны фэст «У госці да радзімічаў», які набліжае ўдзельнікаў і гасцей да старадаўніх часоў.
Першыя паселішчы людзей у гэтых маляўнічых, нават сакральных месцах былі ўжо ў ІІ стагоддзі да нашай эры. Драўляны Радамальскі замак заклалі ў XII стагоддзі на старажытным гарадзішчы для абароны ад ворагаў. На тэрыторыі замку быў сакральны калодзеж ды капішча.
У часы войнаў паміж ВКЛ і Маскоўскім княствам Радамльскі замак з’яўляўся адным з усходніх фарпостаў ВКЛ і адчуў на сабе ўсю гарачыню войнаў. Палова скарбніцы ды сялянскіх прыпасаў гораду Радамля ішла на абслугоўванне замку, які нават меў сваю артылерыю, але праз рэгулярныя падпалы кожны раз дабудоўваўся.
Большасць навукоўцаў лічаць, што замак быў канчаткова знішчаны падчас вайны ВКЛ з Маскоўскім княствам 1654-1667 гадоў, ці Крывавага патопу: пасля вайны ён ужо нідзе не згадваецца.
Нягледзячы на практычна цалкам знішчаную архітэктурную спадчыну каардынатарка мясцовай ініцыятывы «Радамля – старажытны горад Радзімічаў» Алеся Далецкая працягвае пры дапамозе ПРААН ды Еўразвязу паступова аднаўляць сакральныя помнікі радзіміцкай культуры ў Радамлі і робіць гэта даволі паспяхова.
У музеі пад адкрытым небам каля замкавага валу спачатку пабудавалі стылізаваныя радзіміцкія зямлянкі X стагоддзя. Сёлета ў межах конкурсу разьбяроў «Славянскія ідалы» было ўсталявана Пярунова капішча з пантэонам ідалаў славянскіх багоў, якіх, на думку арганізатараў ініцыятывы, у старажытнасці ўшаноўвалі радзімічы, а таксама агнявая брама для традыцыйнай здабычы «жывога агню». Не забыліся збудаваць і стацыянарную гліняную печ для абпалу керамічных вырабаў, падобную на тыя, якімі некалі карысталіся радзімічы.
Усё гэта ажыла на штогоднім этнафэсце, дзякуючы інсцэніроўцы штодзённага жыцця і абрадавай культуры радзімічаў.
Сёлета арганізатары фестывалю акрамя сцэнаў побытавага жыцця радзімічаў вырашылі паказаць гасцям абрад няпоўнай крэмацыі памерлага, а таксама ўшанавання багоў на капішчы. Мужчыны падчас абраду здабывалі «жывы агонь» перацягваючы вяроўку ў агнявой браме.
Рытуальны агонь перадавалі па чарзе галоўнаму павадыру роду, які пасля галашэння «маці» над «загінулай» ад рук ворагаў «дачкой» звярнуўся да багоў, а потым падпаліў вогнішча. «Цела памерлай» прысыпалі зямлёй усе дарослыя «чальцы роду».
Тэатралізаваную праграму фэсту дапоўнілі выступы клубу гістарычнай рэканструкцыі «Хірд Ваўкі», разнастайныя майстар-класы, выступы этна-гуртоў з танцамі ды гульнямі, а таксама дэгустацыя страваў традыцыйнай мясцовай кухні і рамесны кірмаш.
Наведнікаў музею пад адкрытым небам у Радамлі ўражвае непаўторнае па сваёй прыгажосці ды энергетыцы месца, дзе на маляўнічых узвышшах пад нябёсамі існавала старажытнае радзіміцкае гарадзішча, а пазней горад з драўляным замкам, узмоцненым вежамі, з капішчам ды паселішчам на пасадзе, апяразанымі ракой Радучай.
Цяпер краявіды ізноў арганічна ўпрыгожвае ўпершыню цалкам адноўленае ў Беларусі капішча славянскіх багоў, агнявая брама, зямлянкі радзіміцкага паселішча, таму наведаць і адчуць атмасфэру жыцця прашчураў сучаснай беларускай дзяржаўнасці варта для кожнага сапраўднага беларуса.
Вячаслаў Радзіміч, belsat.eu