«Падзякуйце, што сына вярнулі цэлым і жывым». Сям’ю затрыманага падлетка прызналі сацыяльна небяспечнаю

14-гадовы Раман Белахвостаў увечары 12 жніўня бавіў час з сябрамі. Побач быў жаночы ланцуг салідарнасці. Пачаліся затрыманні. Каля Рамана спынілася «газель» белага колеру, з яе выбеглі чацвёра ў чорным адзенні і масках, схапілі хлопца ды запіхнулі ў машыну. Як пазней распавёў падлетак, дарогаю да аддзялення міліцыі яго білі па галаве, выломлівалі пальцы, абзывалі ды пагражалі, што адвязуць у лес, і больш яго ніхто не знойдзе. Праз тры месяцы сямʼю Рамана паставілі на ўлік як сацыяльна небяспечную. Хлопец дасюль баіцца белых «газеляў» і заставацца самому.

«Не думаў, што затрымаюць. Я ж нічога не зрабіў»

Пра затрыманне і тое, што адбывалася потым, Раман з маці Вольгаю Белахвоставай наважыліся распавесці толькі цяпер. Цягам трох месяцаў жанчына баялася, што, калі агучыць усё ў медыях, на іх стануць ціснуць яшчэ больш. Але 17 лістапада адмысловая камісія пастанавіла, што дзеці Вольгі – у сацыяльна небяспечным становішчы. Гэта сталася тым момантам, пасля якога жанчына больш не можа маўчаць, нягледзячы на страх.

Сілавікі супраць школьнікаў: як падлеткі трапляюць пад рэпрэсіі

Раман згадвае, што ў той дзень, 12 жніўня, разам з сябрамі гуляў у Моладзевым парку ў Бабруйску. Туды пачалі зʼязджацца аўтазакі, і падлеткі вырашылі сысці. Пайшлі да гандлёвага цэнтру «Карусель», сядзелі там на лаўцы. Бачылі, як збіраюцца жанчыны з кветкамі. Праз паўгадзіны прыехалі сілавікі, пачаліся затрыманні.

– Каля мяне спынілася белая «газель». Я сядзеў на лаўцы ды не збіраўся ўцякаць, я не думаў, што будуць затрымліваць мяне – я нічога не зрабіў, – зазначае хлопец. – Але раптам адчыніліся дзверы, выбеглі чацвёра ў чорным і масках ды кінуліся да мяне з крыкам: «Хутка ў аўтобус!»

Раман спрабаваў патлумачыць, што ён няпоўнагадовы, але яго гвалтам паднялі з лаўкі і закінулі ў аўтамабіль.

Затрыманне Рамана Белахвостава каля гандлёвага цэнтру «Карусель» у Бабруйску, 12 жніўня, прыкладна а 17:30. Фота: «Вечерний Бобруйск»

«Міліцыянт схапіў за пальцы і пачаў іх выломліваць»

У салоне Раман апынуўся адзін у суправаджэнні шасцёх міліцыянтаў у масках і балаклавах, два з іх былі ў шаломах.

– Я баюся людзей у масках, калі не бачу іхных твараў, так заўсёды было, – адзначае хлопец. – У мяне пачалася паніка.

Раптам аўтамабіль спыніўся, зайшоў яшчэ адзін міліцыянт у балаклаве, сеў насупраць. Потым пачаў лазіць па кішэнях хлопца: дастаў тэлефон, квіткі на тралейбус і 5 беларускіх рублёў. Раман кажа, што грошы міліцыянт паклаў сабе ў кішэню ды так і не вярнуў.

– Які сорам: дарослы мужык крадзе ў падлетка няшчасныя пяць рублёў, – кажа Раман пра гэты выпадак.

Міліцыянт патрабаваў ад Рамана разблакаваць тэлефон. Хлопец адмаўляўся.

– Гэта яго вельмі злавала. Ён так лаяўся, некаторыя словы я чуў упершыню, – згадвае падлетак. – У мяне ў якасці паролю – адбітак пальца. Пабачыўшы гэта, міліцыянт схапіў мяне за пальцы ды пачаў іх выломліваць. У мяне там была даволі свежая траўма, толькі-толькі швы знятыя, яшчэ ўсё цалкам не зажыла, і з-за таго, што гэты супрацоўнік моцна выкручваў пальцы, пайшла кроў.

Раман Белахвостаў. Фота: з сямейнага архіву

«Казаў, што мяне кінуць у скляпенне, забʼюць, ніхто па мяне не прыйдзе»

Далей міліцыянт пачаў біць Рамана далонямі па галаве.

– Ён крычаў: «Жывёліна, што ты тут ходзіш?! Як там у вас цяпер модна, «Жыве Беларусь»?» – эмацыйна апавядае падлетак. – Сцягнуў з маёй рукі белую стужку (а гэта была проста гумка для валасоў, бо ў мяне была даўгая чолка), разарваў яе, потым штурхнуў мяне наперад. Там другі падняўся, даў мне выспятка і штурхнуў назад. Тады гэты, што выломліваў мне пальцы, схапіў за валасы, абзываў пі…м, цягаў з боку ў бок, я стукнуўся галавой аб нейкі выступ у машыне. Казаў, што мяне кінуць у скляпенне, забʼюць, ніхто па мяне не прыйдзе і не будзе шукаць.

Рамана пыталі, колькі яму заплацілі за нібыта ўдзел у мітынгу. Казалі пра тыя знойдзеныя ў яго пяць рублёў, што вось гэта, відаць, і ёсць аплата.

Падлетка прывезлі ва ўнутраны дворык будынку УУС Бабруйскага гарвыканкаму. Паклалі тварам на асфальт, абшукалі. Потым павялі ў аддзел справаў няпоўнагадовых. Паводле Рамана, інспектаркі пагражалі яму і ягонай сям’і. «Прабіўшы» прозвішча хлопца «па базе», высветлілі, што ягоная маці, хоць і жыве ў Беларусі, – грамадзянка Расейскай Федэрацыі.

Падлетку пачалі пагражаць, што маму дэпартуюць, а яго з 8-гадоваю сястрой адправяць у дзіцячы дом. Бацьку, які працуе дальнабойнікам у расейскай фірме, і старэйшую сястру – юрыста паводле адукацыі, абяцалі пазбавіць працы.

– І зноў абзывалі, казалі: «Навошта ты пафарбаваў валасы, як пі..р?» – прыгадвае Раман.

Раман Белахвостаў. Фота: з сямейнага архіву

«Прыязджайце, забірайце вашага апазіцыянера»

Хлопец казаў, што без мамы не будзе нічога казаць і падпісваць, прасіў патэлефанаваць. Інспектаркі марудзілі. Адна з іх казала: «Калі я захачу, твая мама ўвогуле сюды не зойдзе». Але ўрэшце маці выклікалі.

– Калі мама прыйшла, я адразу ёй распавёў, што са мною рабілі, але адна з інспектарак сказала, што ўсё гэта няпраўда, я прыдумаў, іншыя ёй падтакнулі і прыгразілі, што зараз складуць пратакол за паклёп, – кажа Раман.

Падлетак быў у такім шоку, што не памятае, як даехаў дамоў.

Маці Рамана, бабруйчанка Вольга Белахвостава, таксама з жахам згадвае той дзень, які стаўся пачаткам кашмару ў жыцці ейнай сям’і. Каля 17:40 12 жніўня жанчыне патэлефанавалі з незнаёмага нумара і сказалі: «Прыязджайце, забірайце вашага апазіцыянера».

Будынак УУС, куды спадарыня Вольга прыехала па сына, быў ачэплены, да яе падышоў чалавек са зброяй.

Жанчына прыехала са старэйшаю дачкой-юрысткай, але дзяўчыну не пусцілі. Ад інспектарак у справах няпоўнагадовых спадарыня Вольга даведалася, што сына затрымалі на пікеце салідарнасці, у яго знайшлі аркуш паперы з намаляванаю на ім чырвонаю паласою.

Спадарыні Вользе далі падпісаць нейкі пратакол: у той момант яна гатовая была падпісаць што заўгодна, абы яе з сынам адпусцілі. Ім дазволілі ісці, але на гэтым пераслед сям’і не скончыўся. 3 верасня Рамана паставілі на ўлік у інспекцыі справаў няпоўнагадовых. На Вольгу склалі пратакол паводле артыкулу 9.4 КаАП РБ – «Невыкананне абавязкаў у выхаванні дзяцей».

Маці плача штодзень, бо не можа справіцца з крыўдаю

Жанчыну выклікалі ў міграцыйную службу, распачалі правяранне адносна «мэтазгоднасці перабывання» ў Беларусі. Але праз некаторы час бабруйчанка атрымала ліст, падпісаны намеснікам начальніка УУС Бабруйскага гарвыканкаму Андрэем Малахавым, з дазволам жыць у Беларусі паводле ейнага адрасу.

СК затрымаў трох пратэстоўцаў за блакаванне дарогі ў Менску. Двум з іх – 17 гадоў

Спадарыня Вольга кажа, што гэты дакумент выклікаў здзіўленне нават у Следчым камітэце, дзе яе пазней апытвалі. Жанчына ўсё ж напісала заяву ў пракуратуру наконт перавышэння міліцыянтамі сваіх паўнамоцтваў у дачыненні ейнага сына. Пракуратура накіравала заяву ў Следчы камітэт. 13 лістапада спадарыня Вольга атрымала апавяшчэнне пра адмову ў распачынанні крымінальнай справы, бо Следчы камітэт падчас правярання не знайшоў «у дзеяннях працаўнікоў АУС злачынства, прадугледжанага арт. 426 КК РБ («Перавышэнне службовых паўнамоцтваў»)».

Жанчына змірылася і з улікам, і з артыкулам 9.4, думала, што на гэтым непрыемнасці скончацца. Сям’я не ведала, што ў школе, дзе вучыцца Раман, ідзе даследаванне на прадмет магчымай пастаноўкі Белахвоставых на ўлік як сям’і ў сацыяльна небяспечным становішчы (СНС). Пазней спадарыня Вольга даведалася, што падчас першага такога даследавання не знайшлі прычынаў для СНС. Але пракуратура ўказала на той самы артыкул 9.4 КаАП і загадала правесці даследаванне зноў.

17 лістапада, у дзень народзінаў малодшай сястры Рамана, 8-гадовай Сафіі, сям’я даведалася, што яны цяпер на ўліку СНС тэрмінам на тры месяцы. Пасля гэтай навіны спадарыня Вольга плача штодня, не можа справіцца з крыўдай, яна не разумее, за што на ейную сямʼю гэтак ціснуць.

«Лепш бы ён у вас з півам там сядзеў»

– Што зрабіў мой сын? Якое злачынства? У нас ужо забаронена маляваць на паперы чырвоную паласу? – эмацыйна пытае маці Рамана. – Я гэтыя пытанні задавала ў міліцыі, а ў адказ пачула, што «лепш бы ён у вас з півам там сядзеў». І гэта мне сказаў міліцыянт! Для іх падлетак-алкаголік – гэта менш страшна, чым, як яны самі сказалі, апазіцыянер.

Спадарыня Вольга задавала тыя ж пытанні і ў інспекцыі справаў няпоўнагадовых, калі Рамана ставілі на ўлік.

– На гэта мне сказалі: «Мама, падзякуйце, што вам яго вярнулі цэлым і жывым». Пра што мне з імі яшчэ размаўляць пасля гэтых словаў? – жанчына не можа стрымаць слёзаў.

Маці падлетка перакананая: цяперашні ціск на сямʼю і статус СНС – гэта помста за скаргу на міліцыю ў пракуратуру. Уся сітуацыя вельмі балючая і прыніжальная: жанчына лічыла і лічыць сябе добраю маці. Калі муж цяжка працуе, яна, хоць і сама ходзіць на працу, увесь астатні час прысвячае дзецям, імкнецца даць ім усё.

«Актывізм прыраўноўваецца да алкагалізму». Што рабіць, калі ўлады ціснуць на ўдзельнікаў пратэстаў праз дзяцей

Сям’я Белахвоставых шматдзетная: дзве дачкі і сын. Старэйшая дачка атрымала добрую юрыдычную адукацыю, вучылася на платнай аснове ў Менску. Цяпер там жыве і працуе. Малодшая Сафія займаецца бальнымі танцамі і заўсёды прывозіць з рэспубліканскіх турніраў залатыя ды срэбныя медалі. Раман цяпер вучыцца ў 9-м класе, а пасля збіраецца паступаць у чыгуначны каледж у Менску ці Гомлі.

Вольга Белахвостава з сынам Раманам і дачкой Сафіяй. Фота: з сямейнага архіву

Пры гэтым славутае падтрыманне для шматдзетных з боку дзяржавы сям’я не надта і адчула.

– Усё, што ў нас ёсць, што маюць мае дзеці, мы з мужам зарабілі самі, – адзначае спадарыня Вольга.

«Баюся, што мяне зноў забяруць і павязуць забіваць»

Цяпер цягам трох месяцаў сям’я Белахвоставых будзе на асаблівым кантролі ў школы ды «іншых зацікаўленых органаў». Потым зноў склічуць камісію, якая пастановіць, ці можна зняць статус СНС.

Музыку Ваданосаву паклікалі ў РУУС на гутарку: «Калі не прыйдзеце самі, дзеці адправяцца ў прытулак»

Спадарыня Вольга кажа, што ў Рамана дасюль назіраюцца праявы псіхалагічнай траўмы, яна збіраецца весці сына да псіхолага.

– Рома баіцца заставацца ўдома ўвечары адзін, паўсюль едзе са мною, – адзначае бабруйчанка. – Калі бачыць на вуліцы міліцыянта – хоць і вышэйшы за мяне ростам, прыціскаецца да мяне, нібы шукае абароны.

Пра гэта адкрыта кажа і Раман: калі ён сам удома, то баіцца, што па яго прыедуць. Па горадзе ён таксама стараецца хадзіць з сябрамі ці мамаю, каб, «калі яны забяруць мяне ды павязуць забіваць, нехта ўсё бачыў і мог распавесці».

Падлетка вельмі пужаюць белыя «газелі» і асабліва тая самая. Пабачыўшы гэты аўтамабіль праз некалькі дзён пасля затрымання, Раман адчуў сутаргі і ледзь не знепрытомнеў.

– Я ніколі не думаў, што мяне так схопяць ні за што ў горадзе, і што гэта зробяць не нейкія бандыты, а міліцыя – людзі, якія павінны нас абараняць. Ад гэтага – адчуванне бяссілля, беззаконня, што ты тут ніхто і ніяк не можаш сябе абараніць, – Раман ледзь стрымлівае слёзы.

«Ніколі не прабачу ім таго, што яны рабілі з маім сынам»

Раман просіць падкрэсліць: перажываць сітуацыю яму дапамагаюць сябры, аднакласнікі і настаўнікі, якія на ягоным баку.

Вольга Белахвостава збіраецца абскарджваць статус СНС. Муж, які працуе ў Расеі, прапаноўваў ім усім з’ехаць. Але жанчына не збіраецца ўцякаць і будзе да канца змагацца за сябе ды сваю сямʼю.

– Я ніколі ім не прабачу таго, што яны рабілі з маім Ромам, што выломлівалі яму пальцы, білі. Хто яны пасля такога здзеку з дзіцяці? Ці людзі? – зноў са слязьмі пытае спадарыня Вольга. – Я нікуды не збіраюся ўцякаць. Тут мой дом. І тут я буду змагацца за свае правы ды правы сваёй сям’і.

НА, «Белсат»

Hавiны