Падземныя пераходы, бардзюры і «прыбіральня за мільён». З якімі перашкодамі можа сутыкнуцца чалавек з інваліднасцю ў Гомлі


У адным толькі Гомлі больш за тысячу чалавек, якія могуць перамяшчацца толькі з дапамогаю інваліднага вазка. Звычайна гэта людзі, якія не пакідаюць сваіх кватэраў. Яны не выходзяць на двор з розных прычынаў: хтосьці саромеецца і баіцца людскіх позіркаў, а камусьці не па сілах перамяшчацца праз непераадольныя бар’еры на вуліцы.

Андрэй Антоненка

Андрэй Антоненка нарадзіўся з ДЦП і перамяшчацца самастойна ён не можа. Яму дапамагае маці Тамара – добразычлівая і ўсмешлівая жанчына. Сам Андрэй інтэлігентны і актыўны хлопец. Захапляецца паэзіяй Срэбнага веку, рок-музыкай, праграмуе, спрабуе сябе ў якасці грамадскага актывіста, дапамагае іншым людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Разам з нашым героем і ягонай маці мы даведаліся, якія асноўныя перашкоды чакаюць вазочнікаў у Гомлі.

Першая перашкода, якая можа чакаць вазочніка, – прыступкі, што вядуць да выхаду з пад’езду. Андрэю і спадарыні Тамары ўдалося развязаць гэтую праблему. Дзякуючы іхным намаганням у пад’ездзе год таму ўсталявалі электрапад’ёмнік.

З пачатку жыхары дому паставіліся негатыўна да ўсталявання гэтай канструкцыі. У выніку давялося нават падаваць у суд, пераконваць людзей і распавядаць аб праблеме на старонках беларускіх і замежных выданняў.

Высокія бардзюры на пешаходным пераходзе для здаровага чалавека перашкода не заўважная, а для маці Андрэя – вялікая праблема.

Асобнае выпрабаванне – грамадскі транспарт. Для спадарыні Тамары тралейбус больш зручны від транспарту, бо ў Гомлі большасць з іх нізкападлогавыя. А з аўтобусамі складаней. Значная іх частка – старыя «гармонікі», з прыступкамі на ўваходзе.

Нам пашчасціла, падышоў рэдкі на маршруце нізкападлогавы. Вельмі істотна, каб аўтобус пад’ехаў блізка да прыпынку і каб кіроўца расклаў апарэль.

У цэнтры гораду асобную праблему ўтвараюць падземныя пераходы. Шэсць з сямі падземных пераходаў у Гомлі абсалютна не прыстасаваныя для вазочнікаў.

Але мы робім перасадку на вуліцы Інтэрнацыянальная. Гэта адзіны падземны пешаходны пераход, абсталяваны ліфтам. Пачаткова планавалася, што ліфт будзе працаваць толькі для вазочнікаў і тых, хто іх суправаджае. Але ў выніку праезд дазволілі і сталым людзям, і мамам з вазкамі.

Пра тое, як карыстацца ліфтамі, мала хто з мінакоў здагадваецца. Звычайны пешаходны пераход са святлафорам застанецца самым зручным варыянтам для пераходу вуліцы.

Наступнае выпрабаванне – «прыбіральня за мільён долараў» на набярэжнай, як яе часта называюць гамельчукі. Гэта самы рэзанансавы будаўнічы праект Гомля за апошні год. Да прыбіральні вядуць дзве манументальныя лесвіцы. Пасярэдзіне, падобны да трону, пад’ёмнік для людзей з інваліднасцю.

«Ага, для платформы патрэбныя ключы, трэба да іх наверх ісці», – заўважае спадарыня Тамара.

Маці Андрэя кліча працаўнікоў грамадскай установы. Да нас выходзіць наглядчыца.

«На жаль, у нас няма доступу да пад’ёмніку. Я не маю права яго ўключаць. Я нават не праходзіла тэхнікі бяспекі. Я вам спачуваю!» – кажа наглядчыца прыбіральні.

«Але ж як нам быць?» – запытваецца Тамара Іванаўна.

«Можаце так зайсці», – адказвае наглядчыца.

«Але ж я на вазку! – заўважае Андрэй. – Вось табе і прыбіральня за мільён долараў!»

Андрэй і спадарыня Тамара вырашылі зрабіць запіс у кнігу скаргаў і прапановаў. Апроч заўвагі Андрэя, у кнізе ўжо шмат нараканняў на працу прыбіральні: «Сорамна выдаваць кожнаму паперку ў рукі!», «У кабінках платнай прыбіральні няма туалетнай паперы, а замест кнігі скаргаў выдаюць агульны сшытак у клетку!».

«Па выніках прагулкі па Гомлю, – кажа спадарыня Тамара, – хачу сказаць, што асабліва цяжка праз вельмі высокія бардзюры. Ёсць складанасці з грамадскім транспартам. Калі выходзім, стараемся сваймі сіламі ўсё рабіць. Дзякуй вялікі людзям, якія дапамагаюць. А ёсць і такія, якія проста адварочваюцца, калі патрэбная дапамога. А сама я не хачу лішні раз звяртацца, бо баюся атрымаць негатыўны адказ».

«У горадзе сітуацыя розная, – дае сваю адзнаку Андрэй, – недзе лепей, недзе горш. Калі ацаніць паводле пяцібальнай сістэмы, то я б паставіў тры з мінусам. Я лічу, што на паляпшэнне сітуацыі патрэбны час. Каб канструктары, якія здаюць праекты, таксама ўзгаднялі іх з людзьмі, для якіх гэта ўсё робіцца. Бо, на жаль, немагчыма адчуць усе патрэбы, усе тэхнічныя нюансы, калі чалавек сам не ў вазку».

Дзень другі

Андрэй вядзе актыўны лад жыцця і стараецца бываць на розных імпрэзах. Разам з маці пабываў на канцэртах «Linkin Park» і «Бі-2», а цяпер марыць трапіць на адкрыццё Еўрапейскіх алімпійскіх гульняў у Менску. Заўсёды, калі ён наведвае гэткія імпрэзы, звяртае ўвагу на безбар’ерны асяродак аб’ектаў, у якіх тыя ладзяцца.

На наступны дзень пасля прагулкі па горадзе Андрэй і ягоная маці паехалі на канцэрт Стаса Міхайлава ў Гомельскі лядовы палац.

Пры наведванні канцэрту праблемы ўзніклі адразу на ўваходзе: ахове давялося тэрмінова раскрываць вузкія дзверы для ўезду вазка. Дробязь, але яшчэ адная замінка.

У Лядовым палацы чалавек з інваліднасцю не зможа скарыстацца прыбіральняю, бо яна не абсталяваная для вазочнікаў.

Суцяшае толькі тое, што люстэрка над умывальнікамі вісіць невысока і можна паглядзецца. Пра гэты момант звычайна забываюць праекціроўшчыкі інтэр’ераў нават у самых сучасных грамадскіх аб’ектах, кажа Андрэй.

За некалькі хвілінаў да пачатку канцэрту Андрэй дзеліцца ідэяй стварэння адмысловага мабільнага дадатку або сайту, дзякуючы якому любы ахвотны гараджанін на аўтамабілі змог бы падкінуць вазочніка ў спадарожным кірунку. Такі алгарытм змог бы сур’ёзна дапамагчы мноству людзей, абмежаваных чатырма сценамі.

Усё гэта Андрэй робіць не толькі для сябе. У яго ёсць сябры з інваліднасцю, і некаторыя з іх саромеюцца выходзіць на двор, вядуць замкнёны лад жыцця. Андрэй ведае, што не ўсе яны маюць сілы, каб змагацца за свае правы. Таму паступова, з дапамогаю сваёй маці, робіць усё магчымае, каб змяніць навакольны асяродак да лепшага.

P.S. Напярэдадні публікацыі матэрыялу маці Андрэя затэлефанаваў галоўны інжынер Палацава-паркавага ансамблю Гомля (да якога цяпер адносіцца прыбіральня на набярэжнай). Паводле спадарыні Тамары, галоўны інжынер патлумачыў, што ліфт працуе, а дзве працаўніцы прыбіральні, на змене якіх была напісаная заўвага ў кнізе скаргаў і прапановаў, могуць быць звольненыя ў сувязі са шматлікімі нараканнямі грамадзянаў на іхную працу.

Але, чаму наглядчыца не змагла запусціць ліфт для Андрэя, інжынер не патлумачыў.

Аўтар тэксту і фота Сяргей Ляпін belsat.eu

Стужка навінаў