Падзеі ў Беларусі і Майдан ва Украіне: ці можна іх параўноўваць?

Улады Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў пужалі людзей Майданам. Апаненты Аляксандра Лукашэнкі тлумачылі, што не плануюць яго арганізоўваць. Абодва бакі дагэтуль трымаюцца сваіх словаў.

Дзейны кіраўнік Беларусі сапраўды падрыхтаваўся да Майдану. Ён аднак прамаргаў, што часы змяніліся і мадэль пратэстаў сёння ўжо таксама зусім іншая – не такая, якой яна была амаль 7 гадоў таму ва Украіне.

Па-першае, пратэсты ў Кіеве былі сканцэнтраваныя ў адным месцы – у самым цэнтры сталіцы. У той час я жыў у адным са спальных раёнаў Кіева і нічога, апрача водгулля гукавых гранатаў з плошчы Незалежнасці і налепак на слупах ды ў ліфце, не нагадвала пра тое, што ў горадзе трывае рэвалюцыя. У Менску ўсё інакш. Дэманстранты ўжо чарговы вечар гуртуюцца ў розных месцах беларускай сталіцы, перамяшчаюцца, а гэта ўскладняе сілавікам барацьбу з імі. Яны вымушаныя насіцца па ўсім горадзе і паляваць на пратэстоўцаў. А гэта даволі цяжка ў Менску, плошча якога складае амаль 350 км2 і дзе жывуць два мільёны жыхароў. Да таго ж Аляксандр Лукашэнка і ягонае войска ды міліцыя рыхтаваліся да іншага Майдану. Яны чакалі пратэст у адным месцы, які адносна лёгка можна было б разагнаць.

Па-другое, падчас Рэвалюцыі Годнасці ў Кіеве значную ролю адыгралі прамыя трансляцыі (стрымы) з плошчы Незалежнасці. Яны ўскосна заахвочвалі грамадскасць да ўдзелу ў пратэстах. Але традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва тэлебачанне, таксама былі вельмі важныя. Напрыклад, з вялікай упэўненасцю можна сцвярджаць, што на ход падзеяў у сталіцы Украіны паўплывала тое, што прыватныя тэлеканалы (значна больш папулярныя за адзіны канал украінскага дзяржаўнага тэлебачання) паступова пераходзілі на бок дэманстрантаў. У Беларусі практычна ўсе тэлеканалы належаць дзяржаве дый яны таксама не маюць вялікай аўдыторыі.

У цяперашняй сітуацыі гэта малаважна, калі паглядзець на рост папулярнасці інтэрнэту цягам апошніх гадоў. У 2013-ым годзе 42 % украінцаў карысталіся сецівам (у студзені 2020-га года ўжо 63 %). У Беларусі колькасць інтэрнэт-карыстальнікаў сягае на сённяшні дзень 80 % насельніцтва. Улады, здавалася, улічваюць гэта, пра што сведчаць іхныя спробы заблакаваць інтэрнэт. Аднак інфармацыя, нягледзячы ні на што, прасочваецца, перадусім дзякуючы розным Тэлеграм-каналам.

Па-трэцяе, Украіна яшчэ да Рэвалюцыі Годнасці была больш дэмакратычнай (дакладней – больш плюралістычнай) краінай, чымся Беларусь. У паўднёвай суседкі Беларусі існавала таксама больш развітая грамадзянская супольнасць. З яе можна было лёгка вылучыць як кіраўнікоў Майдану, так і арганізаваць канкрэтныя групы, якія, да прыкладу, займаліся аховай, медычнай дапамогай ці нават культурнай асветай. У Беларусі такога няма. Аднак, гэта можна разглядаць як плюс, паколькі лідараў нельга спыніць ці змусіць стрымаць натоўп. Лідары проста фізічна адсутнічаюць. Сама Святлана Ціханоўская не праяўляла нейкай неверагоднай актыўнасці на мітынгах, што зрэшты і не было сюрпрызам. Урэшце ў выніку шантажу спецслужбаў яна з’ехала з Беларусі ў Літву.

Па-чацвёртае, структура ўлады ў Беларусі і ва Украіне зусім іншая. У паўднёвай суседкі Беларусі існуюць розныя групы ўплыву. Перадусім гэта алігархі, якія клапоцяцца пра ўласныя інтарэсы. Пад уплывам падзеяў на Майдане яны пакрысе аддаляліся ад Віктара Януковіча і пераходзілі на бок дэманстрантаў. Беларускі дыктатар дзейнічае ў іншым стылі, захоўваючы за сабой манаполію на ўладу і сілу. Праз гэта ў яго фактычна няма канкурэнтаў у палітычным полі, якія маглі б увайсці ў гульню. Хіба толькі спецслужбы або вайскоўцы былі б здольныя на гэта, калі б захацелі, але пра настроі ў гэтых асяроддзях мы ведаем надзвычай мала.

Па-пятае, менталітэт беларусаў і ўкраінцаў таксама розны. Хоць шмат хто настойвае, што ўвогуле не існуе такога паняцця як «нацыянальны характар», то, аднак, відавочна: слабая дзяржава ва Украіне знішчыла страх перад уладамі і выхавала агульны недавер да начальства, выпрацавала звычку разлічваць у першую чаргу на сябе. У Беларусі сацыяльны кантракт быў зусім іншы: дзяржава давала больш у абмен на паслухмянасць. Нават калі цяпер, у перыяд эпідэміі каронавірусу, цярплівасць грамадзянаў скончылася, часу на развіццё новых формаў грамадскай актыўнасці яшчэ не хапае.

Усё гэта даводзіць: абсурдна казаць пра які-небудзь «Майдан» у Беларусі. Наступілі іншыя часы, існуюць іншыя краіны і адрозныя ўмовы. Бадай, толькі Аляксандр Лукашэнка душой застаўся ў часах СССР, абараняючы ўзмоцненымі аддзеламі міліцыі і спецназу пошту і сядзібу тэлебачання.

Падчас апошняга звароту да беларускага народу Аляксандр Лукашэнка заявіў, што беларусы не павінны забывацца: «Прэзідэнт – гэта лідар дзяржавы, вашай дзяржавы […] гэта твар краіны, ваш твар«. Аднак Аляксандр Лукашэнка не заўважыў, што грамадства змянілася ды хоча мець іншы твар – маладзейшы, больш сучасны, магчыма, нават жаночы. Беларусам больш не патрэбны «бацька». Яны ахвотна замянілі б яго на прыемную дзяўчыну ва ўладзе.

Пётр Пагажэльскі, belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў