Падзеі 33-га дня пратэстаў: прыкуты салігорскі шахцёр, штрафы студэнтам, перафарбаваны дом


«Белсат» працягвае сачыць за асноўнымі падзеямі ў краіне.

Шахцёр Юры Корзун, які распачаў адзіночны пікет у адной з шахтаў «Беларуськалія» і прыкаваў сябе кайданкамі. Салігорск, Беларусь, 10 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Шахцёр Юры Корзун, які распачаў адзіночны пікет у адной з шахтаў «Беларуськалія», прыкаваў сябе кайданкамі да горназдабыўчага абсталявання. Як паведамілі Belsat.eu, мужчыне паступаюць пагрозы расправы праз абвал шахты.

Месца адзіночнага пікету ў адной з шахтаў «Беларуськалія», дзе шахцёр Юры Корзун прыкаваў сябе кайданкамі. Салігорск, Беларусь, 10 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Юры таксама апублікаваў зварот, які распачаў так:

«8 верасня мне споўнілася 42. Усё свядомае жыццё я жыву пры рэжыме Лукашэнкі. Заўсёды быў апалітычны, але цяпер не магу заставацца ўбаку. АГЛ ніколі не любіў беларусаў! Сёлета ён перастаў сябе стрымліваць і распачаў генацыд беларускага народу!»

След ад кайданкоў. Шахцёр Юры Корзун, які распачаў адзіночны пікет у адной з шахтаў «Беларуськалія» і прыкаваў сябе кайданкамі. Салігорск, Беларусь, 10 верасня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / belsat.eu

Прыкладна а 10:20 шахцёру Юрыю Корзуну разрэзалі кайданкі і вынеслі з шахты. Каля ўваходу ў руднік чакала хуткая. Юрыя адправілі ў прыёмны пакой. Калона ў падтрымку Юрыя пачала рух па Любанскай шашы ў бок салігорскай ЦРБ.

Шахцёра Юрыя Корзуна адпусцілі. Ён распавёў, як яго гвалтоўна вынеслі з шахты і завезлі ў шпіталь:

Юрый распавёў, як яго затрымлівалі:

«Гвалт быў не грубы, у шахце. Мяне заблакавалі, адціснулі ад ланцуга, каб абрэзаць бензаінструментам. Я не лічу гэта гвалтам. Іх было чалавек дзесяць. Не буду называць прозвішчы, гэта былі інжынерна-тэхнічныя работнікі,. З кавалкам ланцуга я і выехаў, яго потым здымалі ў МНС, бо зняць з мяне кайданкі ў шахце ў іх не атрымалася. Было падазрэнне на праблемы з сэрцам. Кардыяграма ў парадку. У мяне тэмпература. Я спадзяюся памыюся, пераапрануся і далучуся да стачкі».

Прысутныя праводзілі Юрыя воклічамі «Маладзец».

 

Марыя Калеснікава адчувае сябе бадзёра

Марыя Калеснікава. Менск, Беларусь. 24 жніўня 2020 г.
Фота: Света Фар / belsat.eu

Адвакат Людміла Казак сустрэлася з Марыяй Калеснікавай. Паводле яе, Марыя адчувае сябе бадзёра, нягледзячы на стрэс апошніх дзён. У СІЗА ў Марыі падымаўся ціск і турбуе сэрца. На целе ёсць удары, баляць рукі. Людміла Казак звяртае ўвагу, што дакументаў аб затрыманні ў Марыі Калеснікавай на руках няма.

Марыя таксама сутыкнулася з пагрозамі фізічнай расправы, калі знаходзілася ў ГУБАЗіК. Яна звярнулася ў Следчы камітэт адносна выкрадання і пагрозаў. У заяве, якую перадала ейны адвакат, зняволеная сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады апісала падзеі 7 і 8 верасня.

Марыя піша, што можа апазнаць кожнага, каго пералічыла ў заяве адносна выкрадання, псіхалагічнага ціску, пагрозаў пазбаўлення жыцця і спробаў вывезці яе за межы Беларусі.

«Названыя асобы ў дачыненні да мяне выказвалі пагрозы пазбавіць мяне жыцця, якія ўспрымаліся мною рэальна. У прыватнасці, заяўлялі, што ў выпадку, калі я добраахвотна не пакіну тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, мяне ўсё роўна вывезуць: жывой ці ў частках. Выказваліся і пагрозы пазбавіць мяне волі на тэрмін да 25 гадоў. […] Мне надзелі на галаву мяшок, запіхалі ў мікрааўтобус і вывезлі на беларуска-ўкраінскую мяжу, дзе з ужываннем сілы, супраць маёй волі спрабавалі выправадзіць мяне з Рэспублікі Беларусь».

 

Лукашэнка «ўладу не аддасць»

10 верасня падчас прадстаўлення Андрэя Шведа на пасадзе генеральнага пракурора Аляксандар Лукашэнка заявіў:

«Мяне часта папракаюць у тым, што «ўладу ён не аддасць». Правільна папракаюць. Мяне народ не для гэтага абраў. Як і вы таксама – уладальнікі гэтай улады і яе носьбіты. […] Улада не для таго даецца, каб яе ўзяў, кінуў і аддаў.

У сярэдзіне 90-х яна валялася ў гразі, аб яе выціралі ногі. Гэтак жа як і аб вас – тых, хто насіў пагоны. Шмат хто з вас гэты перыяд памятае. І я не хачу, каб Беларусь вярнулася да таго часу. Таму ніхто кінуць у гразь уладу, як яны патрабуюць, не пасмее»

 

Абстрактныя затрыманні

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабавала ад СК распачаць крымінальную справу за перашкоду законнай прафесійнай дзейнасці амаль 50 журналістаў.

10 верасня ведамства адказала – там інфармацыю дадзеную ў дакументах (на 4 аркушы) назвалі абстрактнай, у сувязі з чым падставаў для правядзення праверкі няма.

 

Чарговая справа за гвалт у дачыненні да міліцыянта.

Жыхар Віцебску Аляксандр Кірыленка ўдзельнічаў у сутыкненні з міліцыяй на вуліцы Праўды ў Віцебску ў мінулую нядзелю падчас шэсця. Аляксандр ударыў супрацоўніка, каб абараніць жанчыну сталага веку. Але зараз мужчына і сам стаў ахвяраю крымінальнага пераследу.

На сёння Следчы камітэт Беларусі распачаў 43 крымінальныя справы па фактах пагрозаў міліцыянтам.

У той жа час па факце катаванняў было распачата 0 крымінальных справаў. А ахвяры катаванняў і збіванняў самі становяцца падазраванымі.

 

Затрыманні

Сябра стачкама «Беларуськалія» Пётр Пячкураў быў затрыманы ва ўласным пад’ездзе і зараз ён знаходзіцца ў Салігорскім РАУСе.

У Серабранцы АМАП напаў на ўдзельнікаў сумеснага маршу Лошыцы і Серабранкі. А 22-ай гадзіне на вуліцы Пляханава, каля 7-ай дзіцячай паліклінікі, была сутычка з «балаклаўцамі». Затрымалі прыкладна 10 чалавек. Павезлі ў Ленінскі РАУС. Выскачылі раптоўна з бусікаў. Збілі некалькіх чалавек.

Таксама былі затрыманні ў Малінаўцы.

 

Студэнтак БДМУ аштрафавалі на Br 675 за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Анастасія Шматкова, Паліна Вежнавец, Яна Зябко, Таццяна Каплун, Марыя Алешка, Дар’я Эркаева і Адрыяна Шэрэль учора ўдзельнічалі ў акцыі салідарнасці ў падтрыманне Марыі Калеснікавай.

Цягам дня студэнты розных вну ладзілі акцыі падтрымкі і салідарнасці.

 

Стаў вядомы лёс яшчэ 2 супрацоўнікаў АСВОД, якія ратавалі людзей, хаваўшыхся ад АМАПу ў рацэ Свіслач, падчас нядзельнага маршу.

Сяргею Арцюшэўскаму далі штраф у Br 810, а Паўлу Лялевічу ў Br 945. Абодвух судзілі паводле арт. 23.34 КаАП РБ (удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах).

 

Міліцыянты забаранілі праводзіць запланаваны канцэрт на Плошчы Пераменаў у Менску!

У выпадку пачатку канцэрту – з аўтобусу выйдуць сілавікі.

 

Эмацыйны зварот да міністра МНС Вашчанка.

 

Вынікі перапісу

Белстат апублікаваў справаздачу па перапісу насельніцтва 2019 года. Паводле гэтых дадзеных за 20 гадоў насельніцтва скарацілася амаль на 632 тыс.чалавек. Колькасць жыхароў вясковай мясцовасці па ўсёй краіне скарацілася на 976 тысяч чалавек, гараджан стала больш на 338 тысяч.

У 2019 годзе ў краіне жыло амаль 8 млн. беларусаў. З іх роднай мовай беларускую назвалі 60,3 %. Сярод палякаў Беларусі 54,4 % лічаць беларускую мову роднай. Гэта самы вялікі вынік сярод не тытульных нацыяў нашай краіны.

Стужка навінаў