Падымаць Аршанскі раён уладам дапамагае «Савушкін прадукт»


«Савушкін прадукт» – адзін з найбуйнейшых вытворцаў малочнай прадукцыі ў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота – Віктар Драчоў/ТАСС

25 студзеня працаўнікоў малочнага камбінату ў Сянне паінфармавалі аб скарачэнні. Былы дырэктар «ОршаСырЗаводу» і галоўны інжынер малочнага цэху ў Сянне тлумачаць «Белсату», чаму ў горадзе закрываецца апошняе прадпрыемства, якое давала жыхарам працу.

«Рабочым ужо кажуць у адкрытую, што ім нічога не свеціць, – кажа «Белсату» галоўны інжынер цэху Уладзімір Кіслякоў. – Гэта звязана з тым, што няма сыравіны – і завод прастойвае. Куды будзе адпраўляцца сыравіна, вырашае кіраўніцтва канцэрну або аблвыканкам. На Віцебшчыне сыравінныя зоны ўжо падзеленыя. Нам толькі застанецца зборнае малако, якое здае насельніцтва».

Справка
Цэх «Сенненскі» робіць сухое абястлушчанае малако і сухі малочны прадукт у мяшках па 25 кг і масла – «Салодкавяршковае» и «Сялянскае» у каробках па 20 кг. Сухое малако прадпрыемства адраўляе ў Казахстан, масла прадаецца ў Беларусі.

Неафіцыйна працаўнікам паведамілі, што завод камбінат канчаткова закрыецца ў траўні. Найбліжэйшым месцам працы для больш, чымся 120 чалавек можа стаць спіртзавод у Янове ў 50 км ад Сянна. Але людзі не гатовыя туды ездзіць.

«Працы ў Сянно няма. Будаўнічыя арганізацыі ўсе пазачыняліся, цяпер на закрыццё чакае хлебазавод. Ад Райпо застанецца, можа, толькі невялікая база – тут збіраецца будавацца «Еўраопт». Сваіх арганізацыяў у нас тут наогул няма, калі шчыра казаць», – кажа Кіслякоў. – Можна пайсці ў калгас, але ніхто не хоча – там заробкі па тры месяцы не выплочваюць».

Паводле інжынера, Сянно – не адзінае месца, дзе адбываецца падобны працэс. Гэтак, нядаўна зачыніўся малочны цэх у Дуброўне. Нічога не пагражае толькі цэху ў Копысі, бо гэта – малая радзіма кіраўніка Беларусі.

«У Копысі працягваюць рабіць сыры. Лукашэнка не дазволіць закрыць прадпрыемства: у Копысі знаходзіцца ягоны дом», – працягвае Кіслякоў.

«Белсату» не ўдалося паразмаўляць з дырэктарам сенненскага цэху: з 25 студзеня ён на бальнічным. Былы дырэктар «ОршаСырЗаводу» Мікалай Школьнікаў, які пагадзіўся з намі паразмаўляць, пацвердзіў перабоі з сыравінай. Сярод прычынаў Школьнікаў называе таксама тое, што малочныя прадпрыемствы ў Аршанскім раёне выкупае «Савушкін прадукт».

«Савушкін прадукт» мацнейшы фінансава – гэта звязана толькі з гэтым. Ну і ёсць праблема з малаком у раёне», – кажа Школьнікаў.

«Савушкін прадукт» скупае прадпрыемствы «Аршанскага малочнага камбінату». Там ужо адбылася рэарганіцыя. Калі гэты працэс пачаўся, то камбінаты ў Дуброўне, Сянне і Копысі перавялі пад юрысдыкцыю Аршанскага хлебакамбінату, а ў снежні цэх у Сянне аддалі «ОршаСырЗаводу». Разумееце, гэта было вырашана ў Лукашэнкі ўжо даўно – каб падняць Аршанскі раён. Я так разумею, з такой прапановай звярнуліся і да «Савушкінага прадукту», – дадае Кіслякоў.

Аршанскі раён – пыласос Віцебшчыны

На пачатку студзеня Аляксандр Лукашэнка загадаў спрасціць падатковы рэжым для ўсіх прадпрыемстваў Аршанскага раёну. Тут дазволілі ўжываць будаўнічыя і тэхнічныя нормы Еўразвязу, ЕАЭС і КНР без адаптацыі да беларускай рэчаіснасці. Дзее шэраг ільготаў пры стварэнні ды пашырэнні вытворчасці.

Да канца 2023 года ў раёне забаранілі выбарачныя праверкі і абмежавалі пазапланавыя. Абвінавачаных і падазраваных у эканамічных злачынствах будуць браць пад варту ў выключных выпадках. Заробкі кіраўнікоў арганізацыяў і чыноўнікаў прывязаныя да вынікаў выканання праграмы развіцця раёну. Дзеля хуткага прыняцця рашэнняў райвыканкамам дазволена распараджацца неэфектыўнай дзяржаўнай маёмасцю.

Найбольш эфектыўныя захады для развіцця раёну ўлады плануюць распаўсюдзіць на іншыя рэгіёны Беларусі.

На думку экспертаў, гэткія ільготы варта распаўсюджваць на ўсю краіну, а не рабіць пад Воршай эксперыментальны Гон-Конг.

«Калі рабіць такія ўнікальныя льготы для аднаго раёну, узнікае лагічнае пытанне: а што рабіць астатнім 117 раёнам нашай краіны? Бо такія льготы могуць стаць падатковым і адміністрацыйным пыласосам для ўсіх вытворцаў», – тлумачыў «Белсату» эканаміст Яраслаў Раманчук.

Дзяніс Дзюба, фота анонсу – Васіль Фядосенка/Reuters/Forum

Стужка навінаў