Падводныя камяні каршэрынгу. За ДТЗ можна заплаціць як за новую машыну


Каршэрыгавыя сэрвісы – вельмі добрае развязанне для тых, хто не мае свайго аўта. Часцей за ўсё праехацца на такіх машынах атрымліваецца танней, чым таксоўкай. Але якія падводныя камяні могуць напаткаць карыстальніка?

Беручы пакарыстацца каршэрынгавым аўтам, мы разлічваем аддаць умоўныя 10–15 рублёў і з камфортам даехаць да месца. Напэўна, рэдка хто адразу ўяўляе, што трапіць на такім аўце ў аварыю. Вось і мянчук Арцём падумаць не мог, што, трапіўшы ў ДТЗ на пракатным аўце, ён трапіць на $ 10 000. Увечары ў Менску на скрыжаванні вуліц Прытыцкага і Берута хлопец выехаў на скрыжаванне, калі ўжо на святлафоры загарэлася чырвонае святло. У гэты ж момант яму ў бок прыляцела іншае аўта. Варта адзначыць, што другі ўдзельнік ДТЗ таксама парушыў правілы, бо заехаў пад знак «Уезд забаронены». Але, як прызнае Арцём, ягонае парушэнне лічыцца больш сур’ёзным.

«Прыехаў прадстаўнік каршэрынгу, ён сказаў мне, што рабіць, размаўляў з працаўнікамі ДАІ. Сказаў: «Не хвалюйцеся, калі што, то будзеце плаціць у растэрміноўку. Тады я яшчэ не разумеў усю сур’ёзнасць сітуацыі», – узгадвае акалічнасці таго вечара Арцём.

Hавiны
Ці ёсць жыццё пасля UBER? Тэстуем менскі каршэрынг
2018.07.31 11:11

На сайце каршэрынгавай кампаніі, якой карыстаўся Арцём, напісана, што будзе ў выпадку, калі карыстальнік трапіць на аўце ў ДТЗ. Але пры пэўных акалічнасцях сума штрафу разлічваецца індывідуальна і можа быць падвышаная.

Калі вывучаць менавіта дамову, якую падпісвае кожны карыстальнік, то там можна знайсці пункт, у якім напісана, што пры парушэнні некаторых правілаў дарожнага руху кліент мусіць цалкам скампенсаваць страты. Менавіта пад гэты пункт дамовы і трапіў Арцём. У выніку яму і налічылі кампенсацыю $ 10 000, а гэта амаль поўны кошт аўтамабіля.

«Калі мы хочам аспрэчыць гэтую суму, то трэба, па-першае, узяць разлік і зразумець, з чаго гэтая сума склалася, каб можна было канкрэтна сказаць, што нейкія сумы правамерна ўключылі ў гэты разлік, нейкія – не», – раіць юрыст парталу «ABW.BY» Яўген Грачоў.

Таксама Яўген лічыць, што такая сума магла атрымацца таму, што машыны каршэрынгавай кампаніі абслугоўваюцца на афіцыйных сэрвісах, дзе кошты могуць быць удвая або нават утрая большыя, чым на іншых СТА.

Усе машыны каршэрынгавых сэрвісаў застрахаваныя. Атрымліваецца, што каршэрынгавая кампанія бярэ кампенсацыю ад кліента, машыну рамантуюць паводле страхоўкі, вяртаюць кампаніі. У выніку ў каршэрынгу і машына цэлая, і дадаткова яшчэ грошы ад вінаватага кіроўцы.

Зразумела, што такія сітуацыі не вельмі прыемныя для кіроўцаў, якія хацелі кудысьці хуценька пад’ехаць і аддаць машыну. Але ўсё ж такі вельмі важна, каб не мець такога кшталту праблемаў, адразу вельмі ўважліва чытаць дамову.

Hавiны
Самакатчыкі супраць ДАІ: вайна без пераможцаў
2019.09.21 11:00

Даведацца пра ўсе плюсы і мінусы транспарту напракат можна ў прэм’ерным выданні праграмы «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Стужка навінаў