«Падсушым, а там паглядзім…» Ці вернецца Вітаўт у Горадню?


Драўляную скульптуру князя Вітаўта, якая стаяла ў Горадні паміж Старым і Новым замкамі, прыбралі супрацоўнікі ЖКГ. Апошнім часам яна моцна нахілілася: кажуць, што аснова цалкам спарахнела.

Драўляная скульптура Вітаўта стаяла паміж Старым і Новым замкамі.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Скульптуру Вітаўта ў Горадні, якая фактычна знаходзілася ў аварыйным стане, спачатку паднялі, пасля загрузілі на спец транспарт ды звезлі. Як апынулася, звезлі на склад УЖРЭПу на часовае захаванне ды для прасушкі. Драўляны Вітаўт ужо меў некалькі глыбокіх трэшчынаў, а цягам верасня наагул пахіліўся і нагадваў вежу ў Пізе, таму мясцовыя ўлады і прынялі такое рашэнне.

Зараз на месцы, дзе стаяў Вітаўт, – ці тое варонка, ці тое дзірка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пасля з’яўлення інфармацыі пра знікненне Вітаўта гарадзенцы адразу замітусіліся: маўляў, ці вернуць скульптуру пасля аднаўлення на яе законнае месца? Зараз гэта адзін з нешматлікіх помнікаў дзеячам нацыянальнага пантэону ў горадзе: большасць помнікаў па-ранейшаму адлюстроўвае адно савецкую гісторыю.

Можна аднавіць гэтую скульптуру, а можна і копію зрабіць

Працу з Вітаўтам даверылі гарадзенскаму скульптару Мікалаю Скляру, які не першы год працуе з драўлянай пластыкай. Паводле яго, спачатку трэба ацаніць фронт працаў і ні ў якім разе не спяшацца:

Зараз на месцы, дзе стаяў Вітаўт, – ці тое варонка, ці тое дзірка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Скульптуру трэба высушыць, каб не было вільгаці. Пасля ўжо будзем разбірацца, якія хімікаты выкарыстоўваць для аднаўлення, колькі гэта будзе каштаваць, як шмат часу зойме і г.д. Сам я раблю аўтарскія працы, але даводзілася займацца і рэстаўрацыяй. Паглядзім, карацей, заўчасна яшчэ пра нешта казаць».

У Горадні дэмантавалі статую Вітаўта.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Тэарэтычна спадар Мікалай не выключае і варыянт з вырабам копіі, калі высветліцца, што з аднаўленнем будзе занадта шмат праблемаў. Калі ж не, то скульптуру пакрыюць адмысловымі прамочваннямі ды ўмацуюць аснову, магчыма, нават з дапамогай металічнай канструкцыі.

Гарадзенцы гатовыя збіраць грошы на помнік з трывалага матэрыялу

Скульптура Вітаўта была падораная гораду літоўцамі на пачатку 1990-х гадоў. Такі самы Вітаўт стаіць і зараз у Тракаі. Паводле відавочцаў, там скульптура знаходзіцца яшчэ ў горшым стане. Справа яшчэ і ў тым, што для літоўцаў падобныя скульптуры міфалагічных ці гістарычных персанажаў не ёсць нечым унікальным і ставяцца з разлікам пэўнага часу. У нашай жа сітуацыі скульптурная выява князя апынулася адзінай у горадзе, бо помніка з металу ці каменю дагэтуль няма.

Ніжняя частка скульптуры наўпрост спарахнела.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Цікава, што праз дзень пасля дэмантажу скульптуры ў інтэрнэце з’явілася петыцыя за ўсталяванне сапраўднага помніка вялікаму князю. Менавіта ў Горадні Вітаўт меў сваю рэзідэнцыю ды збудаваў першы мураваны замак, які, зрэшты, зараз знаходзіцца ў стане рэканструкцыі.

Рэканструкцыя старога замку працягваецца.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Вялікі князь Вітаўт зʼяўляецца адной з найважнейшых гістарычных фігур Беларусі і вельмі моцна звязаны з Горадняй. Вітаўт валодаў Горадняй як сваёй вотчынай і тытулаваўся князем гарадзенскім яшчэ да атрымання тытула вялікага князя літоўскага.У Горадні вялікі князь адзначаў асабістыя святы і праводзіў дыпламатычныя сустрэчы найважнейшага міжнароднага значэння. Пры Вітаўце Горадня зʼяўлялася адным з найважнейшых гарадоў ВКЛ», – напісана ў петыцыі.

Рэканструкцыя старога замку працягваецца.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Аўтары петыцыі прапаноўваюць пасля рэстаўрацыі перадаць драўлянага Вітаўта на баланс Гарадзенскаму гісторыка-археалагічнаму музею, а на яго месцы паставіць помнік з трывалага матэрыялу. Конкурс на лепшы варыянт помніка мае быць адкрытым, а збор сродкаў – усенародным, «зыходзячы з эфектыўнасці падобнага падыходу», упэўненыя аўтары звароту. Менш чым за суткі петыцыю падпісалі ўжо амаль 200 чалавек.

Фота
Бракуе толькі сайдынгу! Паглядзіце, што робяць з замкам Вітаўта ў Горадні
2018.09.06 09:59

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў