Падпалкоўнік супраць прадпрымальніка: як назаўжды пасварыцца з суседам


Віктар Лагун звярнуўся ў рэдакцыю belsat.eu з расповедам пра будаўніцтва ў Менску, каля ягонага прыватнага дому, якое ён лічыць незаконным. Суседзі будуюць замест аднакватэрнага жылога дому будынак адміністрацыйнага або прамысловага тыпу. Гэта не адзіная прэтэнзія да суседа, і Віктар спраўна піша звароты ў дзяржаўныя інстанцыі. Але там кажуць… што ўсе ў парадку, а сусед Юрый Зезелюк гаворыць журналістам, што яму гэта ўжо надакучыла.

На ўскрайку вёскі Вялікі Трасцянец, якая фактычна знаходзіцца ў межах Менску па трасе Мінск-Магілёў, стаіць трохпавярховы будынак. На ім – банер спартовай крамы з раскладам працы і адрасам сайту. Крама знаходзіцца ў суседнім доме ўглыб вуліцы акурат побач з домам Віктара Лагуна.

Падпалкоўнік на пенсіі, былы намеснік вайсковага пракурора Віктар Лагун сцвярджае, што будаўніцтва вядзецца незаконна і непакоіцца, што ў суседа хутка будзе вытворчасць. А на пенсіі яму не хочацца мець шум і рух побач.

Будынак, які Віктар Лагун лічыць пабудаваным незаконна.

«Па дакументах тут павінен стаяць жылы аднакватэрны дом. Ці гэта можна прыняць за жылы аднакватэрны дом?, – кажа карэспандэнтам Віктар Лагун. – Калі ўсе гэта запрацуе, тут проста невыносна стане жыць».

Гэта не адзіная прэтэнзія да суседа, Юрыя Зезелюка, прадпрымальніка і ўласніка спартовай крамы. Будынак, дзе знаходзіцца крама, мае гаспадарчую пабудову, што стаіць сцяной у плот падпалкоўніка.

Гаспадарчая пабудова. Віктар Лагун скардзіцца на тое, што снег з даху падае на дрэвы на яго ўчастку і агулам, пабудова не адпавядае стандартам.

«Яна знаходзіцца з паўднёвага боку і кідае цень на мой участак. Калі б гэта было з паўночнага боку, я можа і нічога не казаў бы, – распавядае Віктар. – Але ж глядзіце, як па дакументах, то ў іх тут зарэгістравана 101 кв.метр, а ў наяўнасці там адзін паверх яшчэ пад зямлёй і адзін яшчэ ўверх. Атрымліваецца, што павінна быць зарэгістравана 303 кв.метры», – і паказвае журналістам копіі дакументаў.

Суд і пракуратура на баку прадпрымальніка

Віктар Лагун збіраецца дайсці да Генеральнага пракурора

На працягу амаль двух гадоў Віктар Лагун звяртаецца ў дзяржаўныя органы з просьбай праверыць законнасць будаўніцтва новага трохпавярховага будынку, а таксама адпаведнасць гаспадарчай пабудовы будаўнічым і архітэктурным нормам.

Да прадпрымальніка ездзяць праверкі. Дзяржаўны камітэт па стандартызацыі Рэспублікі Беларусь пацвярджае, што будынкі маюць парушэнні. У выніку, Менрайвыканкам распачынае адміністрацыйную справу за самавольнае будаўніцтва супраць уласніка, але прызнае віну недаказанай і закрывае справу.

«Калі ён толькі пачаў пісаць гэтыя звароты, у нас за паўгады было шаснаццаць праверак, – распавядае Юрый Зезелюк, уласнік спартовай крамы. – Што яны правяраюць, і якія вынікі – мне не кажуць і нават адказы не дасылаюць, бо заяўнікам па факце з’яўляецца ён (Віктар Лагун)».

Спартовая крама

Віктар, у сваю чаргу, лічыць усе праверкі бессэнсоўнымі, а адказы дзяржаўных органаў – адпіскамі. І настойвае на новых праверках і замерах, а таксама на асабістай сустрэчы з Генеральным пракурорам і старшынём аблвыканкаму. Дагэтуль яму адмаўлялі ў запісы на асабісты прыём.

«Я здзіўлены органамі ўлады. Звяртаюся ў пракуратуру і кажу, што я знайшоў парушэнні. А яны быццам не бачаць нічога і не чуюць», – скардзіцца Віктар Лагун.

Дзесяць гадоў мыліся разам у лазні, а цяпер не могуць паразмаўляць

Выгляд з трасы Менск-Магілёў

Юрый Зезелюк па тэлефоне адразу кажа belsat.eu: «Вы б ведалі, як мне ўсе гэта надакучыла!»

Скаргі «у адказ» мае і прадпрымальнік. Напрыклад, у справе калодзежу, які знаходзіцца за плотам Віктара Лагуна. Прадпрымальнік кажа, што той адключае ягонай жонцы ваду, калі Юрыя няма ўдома. Калі мы запыталіся аб гэтым, Віктар Лагун адказвае, што такое было, але ён не наўмысна зрабіў гэта. У выніку – судовая справа і падпалкоўніку давядзецца пераносіць свой плот падалей ад калодзежа.

Дамовіцца суседзі больш не могуць. Агулам, не размаўляюць. Віктар Лагун распавядае яшчэ пра адну судовую справу паміж імі – за абразу. Падпалкоўнік нават сплаціў прадпрымальніку маральную шкоду – 5 базавых велічыняў.

«А раней у лазні мыліся разам», – кажа Віктар Лагун.

Віктар Лагун, падпалкоўнік на пенсіі. Дваццаць гадоў адслужыў у Расеі, на Урале.

Цікава, але агульную лазню ўзгадвае таксама і Юрый Зезелюк.

«Мы дзесяць гадоў мыліся разам у лазні, дзяцей разам гадавалі, а зараз вось пасварыліся з-за майго будаўніцтва».

Цяпер жа, у размове з журналістамі яны нападаюць адно на адно то за будынак, то за калодзеж, то за прыватныя рэчы, непрыдатныя ні для вушэй трэцціх асобаў, ні тым больш для публікацыі ў медыях.

Чым сэрца супакоіцца

Тое, што тут будзе вытворчасць, пакуль толькі здагадкі Віктара Лагуна. Але Будынак відавочна не жылы

Калі суседзі не могуць звярнуцца адно да аднаго праз плот, то belsat.eu запытаўся ў Віктара Лагуна, якое асноўнае ягонае патрабаванне. «Каб не было там вытворчасці», – кажа Віктар Лагун, маючы на ўвазе новае будаўніцтва суседа.

Побач з гэтай пляцоўкай знаходзіцца прыватны двухпавярховы дом з плакатам «Прадаецца». Па нумары тэлефону адказвае Вольга, уласніца, і распавядае наступнае:

«Калі я была маленькая, мама судзілася з суседзямі (Зезелюкамі). Я не памятаю, у чым там быў канфлікт, але ў выніку нам давялося знесці гараж. Памятаю яшчэ, што калі была малая, то ў гэтыя вароты пастаянна заязджалі фуры».

Вароты, пра якія распавядала Вольга

Вольга жыве зараз у Санкт-Пецярбургу і ў Менску была апошнім разам у верасні. Яна такасама супраць, каб сусед ладзіў там прамысловую дзейнасць.

«Канешне, мне не падабаецца тое, што будуецца там побач. Я супраць, але я адсюль нічога не магу зрабіць. Хто ў мяне купіць дом, калі там сапраўды будзе вытворчасць?», – кажа яна.

Дом, дзе жыла маці Вольгі, якая таксама судзілася з суседзямі Зезелюкамі.

Віктар Лагун далей мае намер змагацца за ягоную праўду і спакойнае жыццё, як ён яго разумее. Хоча трапіць на прыем да старшыні аблвыканкаму. Выклікаць новыя праверкі і іншых журналістаў.

А Юрый Зезелюк паабяцаў нам, што «калі ўсё гэта скончыцца, я столькі раскажу вам, што цэлую кнігу можна будзе напісаць».

Вераніка Уладзімірава, фота Ірына Арахоўская, belsat.eu

Стужка навінаў