Падпалкоўнік, былы памежнік, вучыўся ў Акадэміі ФСБ. Што вядома пра палітвязня Дзмітрыя Караку


43-гадовы Дзмітрый Карака большую частку свайго жыцця прысвяціў вайсковай службе: пачаў кар’еру на берасцейскай заставе, а завершыў начальнікам сектару арганізацыі аператыўнага пошуку ў Дзяржаўным памежным камітэце. Цяпер Дзмітрый – у СІЗА КДБ паводле «справы «Белгазпрамбанку». 6 ліпеня праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Раніцаю 18 чэрвеня Дзмітрый Карака з Эдуардам Бабарыкам выехалі з Менску: яны планавалі аб’ехаць шэсць гарадоў, каб здаць у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі аркушы з подпісамі за Віктара Бабарыку. Дзмітрый быў за стырном. За горадам машыну спынілі сілавікі. Дзмітрыя затрымалі разам з Эдуардам, абодвух змясцілі ў СІЗА КДБ. Пазней стала вядома, што Караку інкрымінуюць ч. 2 арт. 243 КК («Ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»).

Дзмітрый Карака. Фота з сямейнага архіву

Як высокапастаўлены вайсковец трапіў у каманду Бабарыкі? Ягоная жонка Марыяна ў інтэрвʼю belsat.eu распавяла пра шлях свайго мужа.

«Мой муж – афіцэр, 20 гадоў аддаваў доўг радзіме, ахоўваючы дзяржаўныя межы Беларусі. За перыяд службы ён не меў ніводнага спагнання. Асабіста затрымаў больш за 200 парушальнікаў мяжы, двойчы быў узнагароджаны прэзідэнтам. Скончыў ён сваю службу вельмі годна – у Дзяржаўным памежным камітэце. У жніўня 2014 года ён выйшаў на пенсію ў званні падпалкоўніка».

Пасля ўладкаваўся ў «Белгазпрамбанк», памочнікам старшыні. Туды як раз патрабаваўся чалавек з такім досведам і якасцямі. Даслаў рэзюмэ, прайшоў суразмову… Ён быў вельмі рады гэтай працы, адразу спадабаўся калектыў. Ён са сваім выдатным досведам кіравання падышоў Віктару Дзмітрыевічу на ролю памочніка», – распавядае Марыяна.

Дзмітрый Карака. Фота з сямейнага архіву

Пасля сканчэння Вайсковай акадэміі ў 1998 годзе Карака ўладкаваўся намеснікам начальніка на памежнай заставе «Берасце», у складзе Берасцейскай Чырвоназнаменнай памежнай групы. Потым прайшоў заставы «Каменюкі», «Пясчатка», «Кацельня-Баярская», стаўшы там начальнікам. У 2005-2008 годзе жыў у Маскве, вучыўся ў Памежнай Акадэміі ФСБ. З 2008 году – афіцэр і старэйшы афіцэр аддзелу арганізацыі памежнай службы ў Дзяржаўным памежным камітэце. Перад выхадам на пенсію ўзначальваў сектар арганізацыі паўсядзённага аператыўнага пошуку ў тым жа аддзеле.

Указамі Аляксандра Лукашэнкі быў узнагароджаны медалямі «За бездакорную службу» ІІ і ІІІ ступені.

«Мы з мужам сустрэліся, калі ён быў старэйшым лейтэнантам. Мы разам прайшлі гэты шлях. Гэта вельмі годны чалавек. Я – жонка афіцэра, гэта таксама прафесія, паверце. І не такая лёгкая! Але з каханым можна ўсё прайсці і дайсці да генерала.

Пасля ўсяго, што перажыта, хочацца, каб гэта неяк ацэньвалася нашай дзяржавай. Хіба працаваць у банку – злачынства? Быць чальцом ініцыятыўнай групы, збіраць подпісы – таксама злачынства?», – кажа Марыяна Карака.

Яны з мужам далучыліся да выбарчай кампаніі Бабарыкі, як толькі той абвесціў свой намер балатавацца ў прэзідэнты.

Дзмітрый і Марыяна Карака. Фота з сямейнага архіву

– Ці былі ў вас нейкая асцярога з гэтай нагоды? Бо ёсць жа сумны досвед папярэдніх выбарчых кампаніяў з рэпрэсіямі.

– Шчыра кажучы, на той момант не было асцярогі. Хутчэй, нейкая невядомасць. Але была таксама ўпэўненасць у нашым рашэнні. Не было ніякіх сумневаў, што мы хочам і можам падтрымаць Віктара Бабарыку. Бо мы разумелі, што ўсё будзе правільна і паводле закону. Мы адчувалі сябе абароненымі і нават не ўяўлялі, як жахліва ўсё можа скончыцца.

– На папярэдніх выбарах, падчас службы, ваш муж галасаваў за Лукашэнку? У які момант ён змяніў свае погляды?

– Мы ніколі гэтае пытанне не абмяркоўвалі. Я так разумею, галасаванне заўжды адбывалася па месцы службы. Канешне, муж хадзіў галасаваць за дзейную ўладу ў абавязковым парадку. Тады мы не бачылі годных альтэрнатываў, нават не разглядалі іх. Гэта быў адзіны чалавек, за якога можна было галасаваць, нават размовы не вялося.

Калі трэба было галасаваць – галасавалі за Лукашэнку.

Дзмітрый Карака. Фота з сямейнага архіву

– Як вы даведаліся пра затрыманне Дзмітрыя?

– Мяне разбудзілі чальцы ініцыятыўнай групы і запыталі, ці я чула, што адбываецца. Першае, што я раблю – набіраю мужу, гэта была 10-я раніцы. Яшчэ эсэмэску напісала «Дзе ты?» Ніхто мне ўжо не адказаў… У багажніку машыны, на якой яны з Эдуардам ехалі, была вялізарная колькасць запоўненых падпісных лістоў. Эдуард павінен быў здаць іх у тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі як кіраўнік ініцыятыўнай групы. На жаль, здаць іх ужо не было магчымасці.

Мой муж быў звычайным чальцом ІГ, ніякім каардынатарам ён не быў. Дапамагаў усім, чым мог: да яго маглі звярнуцца, калі маскі скончыліся, калі трэба раздрукаваць падпісныя лісты. Ён жа пасля сыходу з банку фактычна быў без працы, то не адмаўляўся ўсім гэтым займацца.

– Прыгадайце, якія былі вашыя першыя думкі, калі стала вядома, што ён у СІЗА?

– Я была ўпэўненая, што яго адпусцяць праз трое содняў. Распытаюць, чым займаўся, як апынуўся ў адной машыне з Эдуардам, магчыма, нейкія пытанні па следству… Муж заўжды казаў, што адкажа на любыя пытанні, бо яму няма чаго хаваць. Але прыдумваць нешта з галавы ён не будзе.

За ўвесь час з моманту затрымання на допыт яго выклікалі ўсяго двойчы. Я не разумею, па якой прычыне яго проста так трымаюць там.

– У вас дома праводзілі ператрус, нешта забралі?

– Ператрус быў у той жа дзень, калі прыйшлі ў «Белгазпрамбанк». 11 чэрвеня а 14-й гадзіне нам у дзверы пастукаліся з ДФР. Пры дваіх панятых шукалі нейкія дакументы, але нічога не знайшлі і нічога не забралі.

– Як былыя саслужыўцы Дзмітрыя каментуюць тое, што з ім адбываецца цяпер?

– Былыя саслужыўцы вельмі абураныя. Яны ведаюць беззаганную вайсковую кар’еру мужа. У першую чаргу, абураныя неправамерным затрыманнем. Можна было б адпусціць пад падпіску аб нявыездзе. Калі б выклікалі для следчых дзеянняў – няўжо б ён не прыехаў? Хіба нельга чалавеку знаходзіцца дома? Хочацца, каб да людзей ставіліся па-чалавечы. Рэакцыя ў саслужыўцаў такая, што яны захацелі напісаць куды-небудзь, распавесці пра ягоную кар’еру. Аддаеш усё жыццё доўг радзіме, павінны ганарыцца…

– У якіх умовах трымаюць Дзмітрыя? Як ягоны стан здароўя?

– У камеры вельмі горача. З ім сядзяць яшчэ пару чалавек па іншых справах, з перадачамі праблем не было. Пагуляць іх выводзяць на паўгадзіны. Здароўе, дзякуй богу, у парадку, але ён вельмі сумуе.

І мы ўсе сумуем! Хочацца, каб і мой муж, і Эдуард з Віктарам Бабарыка хутчэй аказаліся на свабодзе. Гэта выдатныя, выдатныя людзі…

Hавiны
«Грошы, знойдзеныя ў сяброў». Усё, што вядома пра «справу Белгазпрамбанку»
2020.06.15 15:51

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў