Падлеткі ў Беларусі купляюць алкаголь 20 тысяч разоў на год, а ў іх не пытаюцца пашпарт


Каля 20 тысяч разоў на год падлеткі ў Беларусі купляюць у крамах алкаголь і пры гэтым прадаўцы не пытаюцца ў іх пашпарт. Пра гэта падчас канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры распавёў Валянцін Русовіч, каардынатар праграм па грамадскім здароўі краінавага офісу Сусветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі.

25% падлеткаў ва ўзросце 14-17 гадоў мелі магчымасць без прад’яўлення пашпарта купіць алкаголь у крамах. Гэта больш за 20 тысяч фактаў продажаў алкаголю ў год, вынікае з сумеснага даследавання ЮНІСЭФ і Міністэрства аховы здароўя Беларусі.

Паводле спецыяліста, заканадаўства ў дачыненні да продажу алкаголю непаўналетнім у Беларусі надзвычай мяккае.

«Штраф плаціць толькі канкрэтны прадавец, пры гэтым уласнік крамы ніяк эканамічна не пакутуе. За ўсю гісторыю Беларусі не было прыпынена ніводнай ліцэнзіі за факты паўторнага продажу алкаголю непаўналетнім. Такая мера не прадугледжана існым заканадаўствам», – сказаў Русовіч.

Разам з тым, у суседніх краінах за падобнае правапарушэнне штрафуюць прадаўца, дырэктара і ўласніка крамы. А калі такі выпадак зафіксуюць у другі раз, то краму пазбавяць ліцэнзіі. Гэтак, у Расеі прадаўца аштрафуюць на 800 долараў, а з уласніку наагул могуць спагнаць да 8 тысяч.

Паводле ацэнкі Сусветнай арганізацыі здароўя, штогод у Беларусі памірае каля 20 тысяч чалавек ад захворванняў, звязаных са шкодным ужываннем алкаголю. Пры гэтым сёння на дыспансерным уліку стаяць прыкладна 158 тысяч чалавек, хворых на алкагалізм.

KA belsat.eu

Стужка навінаў