Падлетак з Салігорску запосціў «Укантакце» уласны верш пра бчб-сцяг. Настаўніца загадала яго выдаліць і збірае камісію


На гэтым тыдні вучань 10-й класы гімназіі №1 у Салігорску Герман Л. апублікаваў на сваёй старонцы «Укантакце» верш пра бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня», які сам напісаў. Неўзабаве яму патэлефанавала класная кіраўніца і «параіла» выдаліць верш, а ягонай маці паабяцала прыйсці з «інспекцыяй» дадому.

Як распавёў belsat.eu сябар сям’і, жыхар Салігорску Максім Рэут, падлетак і раней пісаў вершы, праўда, не пра нацыянальную сімволіку. За сваю творчасць ён неаднаразова атрымліваў граматы і ўзнагароды. Да таго ж, Герман лічыцца адным з найлепшых вучняў у гімназіі і раней ніякіх праблем у яго не ўзнікала.

25 сакавіка, імаверна, да Дня Волі, ён змясціў у сацсетцы верш з наступнымі радкамі: «Стаю пад сцягам перамог. І чую прыналежнасць да поспехаў, да барацьбы за чыстую свабоду. А зараз нет яе у нас. Вяртайце сцяг народу»

Маці хлопчыка, Юлія, сцвярджае, што школьнай адміністрацыі «не спадабалася старонка»: прычына такой павышанай цікаўнасці нібыта не ў «Пагоні», а ў папярэдніх творах сына – там настаўнікі знайшлі «суіцыдальныя матывы».

«Маўляў, ён піша занадта сумныя вершы, таму да нас мусіць прыйсці разбірацца адмысловая камісія. Яны прыйдуць заўтра пасля абеду складаць нейкі акт. Той верш сыну класная кіраўніца сказала выдаліць – і ён выдаліў. Я вельмі перажываю, сын таксама нічога не разумее і трасецца», – кажа Юлія ў каментары belsat.eu

Наталля Арлукевіч, фота з сайту гімназіі №1

Класная кіраўніца 10 «А», пра якую ідзе гаворка – Наталля Арлукевіч з 17-гадовым педагагічным стажам. Яна скончыла гарадзенскі ўніверсітэт імя Купалы па спецыяльнасці «расейская мова і літаратура», выкладае гэты прадмет у старэйшых класах. Таксама яна вядзе інфармацыйныя гадзіны ў сваім класе. Двойчы (у 2006 і 2015 гадах) атрымлівала ганаровыя граматы ад мясцовага аддзелу адукацыі, спорту і турызму. На сайце гімназіі яна пазначае свае жыццёвае крэда:

«Голуб – гэта я. Я ў творчым палёце. Творчы палёт не абмежаваны гімназіяй. Ён – мае жыццё!»

Звязацца з Арлукевіч не ўдалося, бо ў Салігорску сёння праходзяць алімпіяды, а яна ўваходзіць у склад журы.

Адміністрацыя гімназіі: «Мы ідзем у сямʼю з камісіяй з іншай прычыны»

У салігорскай гімназіі №1 нам паведамілі: дырэктар Яўгенія Невар цяпер на нарадзе. Намесніца па вучэбнай працы Ірына Яфімовіч сказала карэспандэнту belsat.eu, што «не можа нічога каментаваць, бо нічога не ведае».

Намесніца дырэктара па выхаваўчай працы Валянціна Лянько ў размове з нашым журналістам заявіла:

«Падаецца, вы валодаеце большай колькасцю інфармацыі, чым мы самі. Камісія ідзе ў сямʼю з іншай прычыны. Вельмі шкада, што маці хлопца размаўляе з вамі, а не з намі па гэтай справе».

На пытанне, з якой нагоды камісія ўсё ж збіраецца наведаць сямʼю, Лянько кажа:

«У мяне нават упраўленне адукацыі не пытаецца. Якое вы маеце права цікавіцца? Можаце збіраць іншым чынам звесткі… Мы не парушылі ніякіх законаў».

«Жыву ў страху за сына»

Маці Германа ўпэўненая: Арлукевіч дзейнічае не з уласнай ініцыятывы, а па загадзе вышэйшага кіраўніцтва.

«Ёй далі ўказанні і яна іх выконвае. Ніякіх канкрэтных пагрозаў не было, але сыну могуць зладзіць любыя непрыемнасці, я гэта разумею. Жыву ў страху за сына цяпер. Мне і раней на бацькоўскіх сходах казалі, Герман заўжды мае свае меркаванне», а яму самому раілі быць больш асцярожным, бо «занадта разумны». Пыталіся: «Навошта табе праблемы?»

Гэта да такой ступені дзіка! Мне хочацца заўтра запытаць у іх: вы што тварыце?! Напэўна, калі б мой сын піў або паліў за вуглом, то нікога б не цікавіў. А так дзіця вучыцца, стараецца, вершы піша… Гэта нейкае злачынства?» – абураецца Юлія.

Цяпер сам Герман на канікулах і знаходзіцца ў бабулі. Пакуль ён адмаўляецца распавядаць падрабязнасці гэтай гісторыі. На пытанне, ці сапраўды яго прымусілі выдаліць верш з «Укантакце», хлопец адказвае:

«Не прымусілі, хутчэй, параілі. Каб не пагаршаць сітуацыю, я вымушаны адмовіцца ад каментароў».

 

Кацярына Андрэева belsat.eu

Стужка навінаў