Падлетак ударыў прэмʼера Іспаніі ў твар


Падчас спаткання з выбарнікамі ў горадзе Пантэведра іспанскі прэмʼер Марʼяна Рахой атрымаў у твар.

Падлетак-агрэсар, які напаў на палітыка, спрабаваў біцца і з ахоўнікамі. Апошнія хутка яго затрымалі і апранулі на 17-гадовага хлопца кайданкі.

Прэмʼер прагульваўся па горадзе, у якім правёў значную частку сваёй маладосці, разам з сябрамі сваёй Народнай партыі.

Нападнік наблізіўся да палітыка, патлумачыўшы, што хоча зрабіць сэлфі. Ніякімі агрэсіўнымі паводзінамі не вылучаўся.

У пэўны момант падлетак папросту нанёс удар у твар Марʼяну Рахою, пасля чаго спрабаваў схавацца ў натоўпе. Ахоўнікі яго затрымалі.

Іспанскі прэмʼер-міністр у Twitter напісаў, што не пацярпеў і што збіраецца на перадвыбарчае спатканне ў горад Ла-Каруньня. Аднак на стоп-кадры бачна, што ў выніку атакі з Марʼяна Рахоя ўпалі акуляры, а месца ўдару на твары пачырванела.

У бліжэйшую суботу ў Іспаніі адбудуцца парламенцкія выбары. Паводле апытанняў, партыя Рахоя, хутчэй за ўсё, пераможа, але не атрымае большасці, патрэбнай да самастойнага кіравання. Самыя галоўныя пытанні гэтай выбарчай кампаніі – эканоміка і беспрацоўе, якія на сёння зʼяўляюцца самымі вострымі праблемамі Іспаніі.

НМ, belsat.eu, паводле Pap.pl, фота і відэа ENEX

Стужка навінаў