Падлетак, што ўчыніў разню ў Стаўбцоўскай школе, пачаў даваць паказанні


Падазраваны ў падвойным забойстве і спробе забойства ў школе № 2 у Стоўбцах Вадзім М. пачаў даваць паказанні. Праўда, пакуль следчыя не каментуюць і не агучваюць падрабязнасцяў.

Гэтую інфармацыю пацвердзілі ў Следчым камітэце, але пакуль адмовіліся ад дадатковых каментароў, паведамляе радыё Свабода.

«Пакуль магу паведаміць толькі тое, што расследаванне працягваецца, следчыя працягваюць усталёўваць усе акалічнасці. Праводзяцца планавыя следчыя дзеянні. Іншая інфармацыя ў інтарэсах следства ў бліжэйшы час паведамляцца не будзе», – паведаміў начальнік аддзелу інфармацыі і сувязі з грамадскасцю Следчага камітэту Беларусі Сяргей Кабаковіч.

Затрыманы Вадзім М. знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання райаддзелу міліцыі ў Стоўбцах. Раней паведамлялася, што хлопец адмовіўся размаўляць са следчымі.

Як паведаміла ў суботнім нумары Стаўбцоўская раённая газета «Прамень», следчыя разглядаюць розныя версіі забойства: ад канфліктнай сітуацыі да псіхалагічнага ўздзеяння на падлетка, у тым ліку праз інтэрнэт, рэлігійную секту і гэтак далей.

Выданне цытуе намесніка дырэктара школы №2 Ірыну Гарэлік, якая вяла ўрок матэматыкі, падчас якога адбыўся напад на Аляксандра Р. Паводле яе словаў, Вадзім М., зайшоўшы ў клас, дзе яна вяла ўрок, накіраваўся менавіта да парты Аляксандра Р.

«Саша паміраў у мяне на руках. Трагедыя здарылася, калі ў нас толькі-толькі пачаўся ўрок матэматыкі. Мы паспелі праверыць толькі адно хатняе заданне. Тут адчыніліся дзверы, увайшоў дзесяцікласнік, у долю секунды ён прайшоў уздоўж сцяны, падышоў да трэцяй парты і нанёс удар Сашы. Мы падхапілі яго на рукі, адсунулі сталы, спрабавалі спыніць кроў. Я маліла Бога: Сашанька, не памірай », – распавяла Ірына Гарэлік.

Паводле медычнага агляду, падазраваны не быў ні ў стане алкагольнага ап’янення, ні пад уздзеяннем наркотыкаў або псіхатропаў.

Меркаванні
Маленькія Стоўбцы, велізарная трагедыя…
2019.02.12 12:02

СК, belsat.eu

Стужка навінаў