Падключыць слоўнік Насовіча да перакладчыцкай праграмы на вашым камп'ютары? Лёгка!


У якім выглядзе тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» 1870 года дайшоў у год 2019-ы? Пра гэта Belsat.eu пагутарыў з праграмістам Алесем Булойчыкам.

У 1857 годзе беларускі філолаг, этнограф і лексікограф Іван Насовіч закончыў гістарычны слоўнік беларускай мовы. За працу навуковец атрымаў Увараўскую прэмію – 1500 рублёў срэбрам. Але слоўнік застаўся ненадрукаваны.

Затое ў 1870-м выйшаў унікальны слоўнік жывой народнай мовы, вынік 16-гадовай працы Івана Насовіча. Да сваіх запісаў, зробленых падчас педагагічнай дзейнасці і адмысловых экспедыцыяў, – далучыў лексіку з друкаваных крыніцаў: актаў, граматаў, фальклорных зборнікаў і перыёдыкі. За «Слоўнік беларускай мовы» Насовіч атрымаў Дзямідаўскую прэмію – 2500 рублёў асігнацыямі.

«Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча

Перавыданне гэтага ўніверсальнага слоўніку рыхтаваў шматгадовы кіраўнік моўнай службы «Белсату» Зміцер Саўка. Дачасны сыход з жыцця не дазволіў яму закончыць працу. Але справу падхапіў праграміст Алесь Булойчык, які робіць электроннае выданне Насовіча.

Праграміст Алесь Булойчык.
Фота: уласны архіў

Беларускія электронныя кнігі ўжо займелі сваю чытацкую нішу. Але са слоўнікамі сітуацыя іншая. Мне не сустракаліся ў продажы электронныя слоўнікі. Чаму вы вырашылі выдаць Насовіча не на паперы? Якія магчымасці дае электронная форма?

Кажуць, папяровую кнігу больш прыемна чытаць, чым электронную. І тут я цалкам згодны – калі гэта тычыцца мастацкіх твораў. Але слоўнікі ўсё ж бліжэйшыя да даведнікаў, і працаваць з імі нашмат эфектыўней праз пошук. Так, на паперы ўсе словы падаюцца па альфабэце, што дазваляе дастаткова хутка разгарнуць старонку з патрэбным слоўнікавым артыкулам. Але ж электронны варыянт паскарае пошук у дзясяткі разоў і дае магчымасць знайсці не толькі загалоўнае слова, але і слова ў любым артыкуле. Таксама можна шукаць па канчатку, частцы слова.

Можна за секунды знайсці аднакаранёвыя – прыдасца школьнікам. Можна паглядзець, якія словы маюць патрэбнае спалучэнне літараў, – калі б я была паэткай, абавязкова б выкарыстоўвала такую магчымасць. Таксама паводле адмысловых пазнак можна шукаць прымаўкі, песні.

Так, і гэты пералік можна працягваць – пра такое ў выпадку з папяровым слоўнікам нельга нават марыць! Да таго ж, электронны слоўнік можна падключаць да розных праграм, накшталт перакладчыцкіх, аналізаваць словы і гэтак далей. Слоўнік ператвараецца з проста даведніку ў паўнавартасны інструмент для даследавання.

«Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча

І для працы: журналістаў, літаратараў, студэнтаў, філолагаў… Такім чынам значна пашыраецца сфера ўжытку ў сучасным тэхналагічным свеце – сярод людзей, якія працуюць за камп’ютарам.

Дый распаўсюджваць электронны слоўнік значна лягчэй. Спампаваць у сеціве – непараўнальна прасцей, як знайсці папяровую кнігу, выдадзеную 30 ці 100 гадоў таму. То бок, электронны слоўнік – гэта магчымасць выйсці на новы ўзровень карыстання.

Чаму так не робяць іншыя? Большасць слоўнікаў складаюць дзяржаўныя ўстановы, дзе сучасныя тэхналогіі выкарыстоўваюцца вельмі абмежавана. Для іх вынік працы – гэта друкаванае выданне, якое можна памацаць і паставіць на паліцу. Як потым карыстацца – пра тое ніхто не думае. Да таго ж электронныя слоўнікі пакуль не ўспрымаюцца ў навуковым асяроддзі як паўнавартасныя выданні. Пры гэтым нельга сказаць, што электронныя слоўнікі – нешта новае для Беларусі, бо шмат гадоў існуе, напрыклад, сайт slounik.org.

Філолагам пра вартасць слоўніка Насовіча казаць не трэба. А чым прывабіць неспецыялістаў? Калі праца датуецца ХІХ стагоддзем, то яна фіксуе стан мовы на перыяд выхаду. Лагічна было б падумаць, што кніга састарэла, згубіла актуальнасць…

У XX стагоддзі беларуская мова моцна пацярпела ад камуністаў, словы дзяліліся на «правільныя» і «нацдэмаўскія», і апошнія штучна не ўключаліся ў акадэмічныя слоўнікі, што збядняла беларускую мову ў цэлым. Таксама не варта забываць пра ўплыў расейскай мовы. Таму вяртанне да нашых крыніц – працэс патрэбны і карысны з розных бакоў. У 1920-я гады, калі ў Беларусі актыўна ішло моўнае будаўніцтва, слоўнік Насовіча карыстаўся надзвычай шырокім попытам. Уплыў заўважны і ў лексіцы тагачасных беларускіх пісьменнікаў.

У чым вартасць слоўніка Насовіча для звычайнага карыстальніка? Ды хаця б у тым, што ён змяшчае шмат прыказак, прымавак, фразеалагізмаў, цытат з народных песень, прыкладаў сапраўднага жывога ўжывання беларускага слова.

«Слоўнік беларускай мовы» Івана Насовіча

Слоўнік выйшаў у 1870 годзе і адлюстраваў арфаграфічныя асаблівасці таго часу. У арыгінале на вокладцы бачым: Словарь бѣлорусскаго нарѣчія. Якая канцэпцыя сучаснага выдання? Ці захавалі «яці»?

Так, слоўнік друкаваўся старым расейскім правапісам, а іншага і не магло быць у той час, бо беларуская мова, як мы бачым па назве, у імперыі ўспрымалася як «наречіе» (дыялект) і не мела афіцыйнага статусу. Прайшло шмат часу, і сёння паспаліты карыстальнік за тым правапісам не ўбачыць сучасных беларускіх словаў ці з цяжкасцю іх пазнае. Напрыклад, самае простае: «апослѣ» – нішто іншае, як сучаснае «апасля».

Электронны варыянт не мае такіх абмежаванняў, як папяровы, таму мы спрабуем апрача арыгінальнага тэксту ўключыць і іншую інфармацыю, якая дапаможа чытачу камфортна шукаць патрэбныя звесткі. Мы падрыхтуем сучасным правапісам толькі загалоўныя словы, але з захаваннем першапачатковых формаў, а таксама дадамо сучасныя варыянты і сінонімы, якія стануць дапаможнымі пры пошуку патрэбнай інфармацыі. Дадаткова плануем падаць правілы чытання паводле старога правапісу для лепшага разумення тэксту артыкулу.

Я паўдзельнічала ў рыхтаванні слоўніку, вычытаўшы пасля сканавання і распазнавання словы на літары А і Б. Магу сказаць, што гэта няпростая праца, якая патрабуе пільнасці, уседлівасці ды філасофскага стаўлення: бо відавочнага выніку няма ні праз гадзіны, ні праз тыдні, ні праз месяцы. Як ішла праца над выданнем? Хто ўсё прыдумаў і зрэалізоўваў?

Зміцер Саўка.
Фота: архіў Ілоны Урбановіч-Саўкі

Слоўнік Насовіча дастаткова вялікі, недзе 35 тысяч слоў. Пачынаў рыхтаваць яго Зміцер Саўка, які заўчасна памёр, так і не дарабіўшы. Была зробленая вялізарная праца з дапамогай валанцёраў, і яшчэ добры кавалак працы застаецца.

Наколькі ўсё ў жыцці ўзаемазвязанае. Цяпер рыхтуецца да друку Саўкава кніга пра Беларуска-Амерыканскае задзіночанне. У прадмове Лявон Юрэвіч, літаратуразнавец, гісторык беларускай эміграцыі, сябра прэзідыуму Рады БНР і сябар Змітра, згадвае: «Аднойчы, напароўшыся ў «Кнігарні пісьменніка» на толькі выдадзены факсімільна слоўнік Насовіча, Зміцер набыў адразу тры асобнікі – бязадрасна, з разлікам на кагосьці, каму некалі, магчыма, спатрэбіцца». Атрымліваецца, тая бязадраснасць перарасла ў адрасаванне ўсім беларусам! Умоўна кажучы, трыма слоўнікамі – накарміць усіх, каму не хапіла Насовіча.

Калі б не праца Змітра, я б нават не пачынаў гэтага праекту, бо вычытка слоўніку, ды яшчэ з «яцямі», – гэта вялікая праца, што патрабуе ўвагі да кожнай літары. Такая праца непараўнальная з вычыткай звычайных мастацкіх тэкстаў. А далей яшчэ трэба тэхнічная апрацоўка, асучасніванне загалоўкаў, падбор сінонімаў. Але, як ужо такая вялікая праца зробленая, то трэба давесці справу да ладу.

Hавiны
Беларусы стварылі ўнікальны сэрвіс, які не дае памыліцца
2018.09.06 11:00

Прыемна ўсведамляць, што не нехта недзе там пашырае для цябе беларушчыну, а ты сам па цаглінцы будуеш сваю беларускую хату, сабе, сябрам, родным. На што цяпер збіраеце грошы?

Як я казаў, вялікая праца ўжо зробленая: расчытванне сканаў, першая вычытка. Таксама Зміцер выпрацаваў падыходы да асучаснівання загалоўкаў, якія мы ўдакладнілі. Патрэбна яшчэ адна фінальная вычытка, праца з загалоўкамі і падбор сінонімаў. Мы спрабавалі зрабіць гэта сіламі валанцёраў, але праца ішла вельмі марудна, як і ў Змітра ў свой час. Да таго ж, асучасніванне і падбор сінонімаў могуць зрабіць толькі прафесійныя мовазнаўцы, якія і без таго занятыя. Таму невялікае фінансаванне падштурхне гэтую працу, і мы нарэшце будзем мець вынік.

ВІДЭА
Святочны канцэрт да Дня роднай мовы
2019.02.19 18:27

Тое, што краўдфандынг усё больш распаўсюджваецца, – гэта добра, бо прыцягванне шырэйшага кола дазваляе рабіць праекты, якія патрабуюць грошай, але ў якіх не надта зацікаўленыя выдавецтвы і дзяржаўныя ўстановы. За апошнія некалькі гадоў вырашыліся тэхнічныя праблемы краўдфандынгу: каб аддаць свой рубель, не трэба больш бегчы ў банк ці на пошту, а можна зрабіць усё праз камп’ютар. Праўда, у краўдфандынгу ўдзельнічае пакуль невялікая частка людзей, бо няма ў грамадства звычкі фінансаваць патрэбныя яму праекты. Спадзяюся, гэтае кола будзе расці.

Алесю, дзякую за гутарку! Няхай У НАС усё атрымаецца!

Спрычыніцца да выхаду «Слоўніку беларускай мовы» Івана Насовіча можна тут.

З Алесем Булойчыкам, суаўтарам Добрапісу, Беларускага корпусу і Біблійнага корпусу, гутарыла Настасся Вікулава/Belsat.eu

Стужка навінаў