Падчас «жывога ланцугу» АМАП затрымаў лекара-анколага. Сваякам не паведамляюць, дзе яго будуць судзіць


Паводле TUT.by, увечары 19 чэрвеня лекар Віктар Хвашчэўскі не ўдзельнічаў у «жывым ланцугу», а проста вяртаўся з працы дадому.

Позна ўвечары 19 чэрвеня на праспекце Дзяржынскага, дзе ў гэты час з’явілася чарга салідарнасці, Віктар Хвашчэўскі заўважыў знаёмую, якую не бачыў 20 гадоў. Выйшаў з машыны, разгаварыліся, неўзабаве на тратуар выбег АМАП: сяброўку адштурхнулі, лекара схапілі і кінулі ў аўтазак. Туды ж праз імгненне адправілі дзяўчыну, якая стаяла побач і спрабавала зняць на мабільны затрыманне.

Віктар паспеў паведаміць, што яго вязуць у Фрунзенскае РУУС. Сёння яго павінны судзіць, але дзе менавіта, ніхто так і не можа сказаць.

«Усю ноч мы абзвоньвалі РУУС, ізалятар часовага ўтрымання і Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, але ўсюды казалі, што Хвашчэўскі ў іх няма, – тлумачыць сяброўка мужчыны Алена. – У абед наступнага дня, калі я прыехала на Акрэсціна, мне ўсё-такі пацвердзілі, што ён у іх. Перадачу прыняць адмовіліся. Сёння ў Фрунзенскім РУУС усё ж такі прызналі, што пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні на яго складалі там. Але дзе яго будуць судзіць, мы не ведаем – у судзе Маскоўскага раёну, Фрунзенскага ці іншага, нам ніхто нічога не кажа, дзяжурны ў Фрунзенскім РУУС сказаў, што гэта будзе закрыты суд».

Паводле «Вясны», яго судзілі ўсё-ткі ў судзе Фрунзенскага раёну. Аб прысудзе у Br 675 (25 базавых) напісаў каардынатар кампаніі #BYCOVID-19 Андрэй Стрыжак.

Віктар Хвашчэўскі – хірург-анколаг вышэйшай катэгорыі, стаж працы – 21 год. Апошнім часам працаваў у прыватным медцэнтры «Сёмае неба», да гэтага – у 10-й лякарні, раней – загадчык аддзялення ў турэмным шпіталі на Кальварыйскай у Менску.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў