Падчас стрымаў 31 ліпеня міліцыянты затрымалі пяць журналістаў «Белсату»

Падчас пікетаў Святланы Ціханоўскай у Маладзечна і Лідзе, якія адбыліся 31 ліпеня, міліцыянты затрымалі пяць журналістаў «Белсату». У пастарунках міліцыянты склалі пратаколы і вынялі тэхніку, пасля чаго вызвалілі журналістаў.

31 ліпеня ў Маладзечна і Лідзе адбыліся пікеты Святланы Ціханоўскай. Гледачы «Белсату» змаглі паглядзець мерапрыемствы на нашым сайце. Таксама многія пабачылі, як у жывым эфіры міліцыянты схапілі журналістаў тэлеканалу і павезлі іх у РАУС. Гэтак, у Маладзечна затрымалі Змітра Міцкевіча, Дзяніса Дзюбу і Алеся Сіліча. Апошняга на месцы аштрафавалі на 135 рублёў за налепку Пагоня на яго асабістым аўце. На Змітра і Дзяніса склалі пратаколы паводле арт. 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ). Журналістам пагражае штраф ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 540 да 135ў рублёў).

Журналісты «Белсату» Зміцер Міцкевіч і Дзяніс Дзюба затрыманыя падчас стрыму

Аналагічныя пратаколы склалі міліцыянты на журналістаў «Белсату» Галіну Абакунчык і Уладзіміра Лунёва ў Лідзе. Сілавікі вынялі ў нашых журналістаў асабістыя мабільныя тэлефоны.

У Лідзе затрыманыя журналісты «Белсату»

СК belsat.eu

Hавiны