Падчас сесіі «Еўранэсту» абмеркавалі беларускія выбары і інтэграцыю з Расеяй


Падчас восьмай сесіі парламенцкай асамблеі Усходняга партнёрства («Еўранэст») адбылося паседжанне працоўнай групы па Беларусі. Палітыкі з нашай краіны і Еўразвязу абмеркавалі існую палітычную сітуацыю ў Беларусі.

Восьмая сесія «Еўранэсту» праходзіць з 8 да 10 снежня ў Тбілісі. Удзел у паседжаннях прынялі прадстаўнікі дэмакратычных партыяў і рухаў з нашай краіны. Афіцыйная палата прадстаўнікоў на сесію не запрошаная.

«Гэта першае паседжанне «Еўранэсту» пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі і менавіта ацэнка вынікаў выбараў будзе важным пунктам абмеркаванняў», – сказаў намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Удзел у паседжанні працоўнай групы па Беларусі ўзяла намесніца старшыні Маладых хрысціянскіх дэмакратаў Марына Хоміч.

«Абмяркоўвалі непрызнанне выбараў і распачалі пытанне ўвядзення санкцый супраць сябраў участковых камісіяў. Таксама размаўлялі пра інтэграцыю з Расеяй. Гэта сёння надзвычай важна, што пытанне Беларусі стаіць на парадку дня ў Еўрапарламенце, бо пагроза страты незалежнасці Беларусі – гэта пагроза для ўсёй усходняй Еўропы», – адзначыла Марына Хоміч.

Датычна мінулай парламенцкай кампаніі еўрадэпутаты сфармавалі сваю думку яшчэ перад паседжаннем па справе Беларусі. Спецдакладчык Еўрапарламенту па Беларусі Пятрас Аўштравічус заявіў, што не бачыць у выбарах прыкметаў выбараў. На яго думку, Аляксандр Лукашэнка проста прасоўваў сваіх кандыдатаў.

«Паколькі не было выбараў, таму прызнаваць абраных з дапамогай гэтых працэдураў немагчыма. Таму я спадзяюся, што Еўрапарламент не зменіць сваю пазіцыю і мы будзем падтрымліваць і надалей стасункі з дэмакратычнай апазіцыяй», – падкрэсліў у каментары БХД еўрадэпутат Пятрас Аўштравічус.

«Еўранэст» – міжпарламенцкае аб’яднанне, ініцыяванае з мэтай збліжэння з Еўразвязам дзяржаваў-удзельніц праграмы «Усходняе партнёрства» (Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Грузіі, Малдовы, Украіны). «Беларускае пытанне» стала складаным для арганізацыі, паколькі выбары ў нашай краіне Еўрапарламент не прызнае дэмакратычнымі. У выніку першая паседжанне Еўранэсту адбылося без беларускай дэлегацыі.

СК belsat.eu

Стужка навінаў