Падчас прэзідэнцкай кампаніі бюджэтнікам абяцаюць рост заробкаў


У наступным годзе ўлады абяцаюць павысіць заробкі бюджэтнікам. Міністр фінансаў Максім Ермаловіч у эфіры СТВ заявіў, што заробкі будуць расці апераджальнымі тэмпамі.

У 2020 годзе, калі адбудуцца чарговыя прэзідэнцкія выбары ў краіне, бюджэтнікі будуць зарабляць болей, паабяцаў Міністр фінансаў Максім Ермаловіч.

«Мы закладваем апераджальныя тэмпы росту заработнай платы ў бюджэтным сектары, таму што яны ў папярэднія гады адставалі. Цяпер нам трэба рабіць больш хуткі крок. Ужо такіх перадумоваў для хуткага росту заработнай платы ў эканоміцы мы не бачым. Але тое, што тычыцца бюджэтнага сектару – тут заработная плата будзе расці апераджальнымі тэмпамі», – распавёў кіраўнік Мінфіна Максім Ермаловіч.

Акрамя таго з вуснаў чыноўніка прагучала абяцанне і росту пенсіяў. Урад краіны раней агучваў, што мае намер павялічыць пенсіі да 40 % ад узроўню заробка ў краіне.

«У наступным годзе мы заклалі беспрэцэдэнтны аб’ём сродкаў на падтрыманне Фонду сацыяльнай абароны. Амаль 2 мільярды рублёў будзе накіравана выдаткі. У тым ліку каля мільярда – на збалансаванасць выплатаў працоўных пенсіяў», – распавёў кіраўнік Мінфіна.

Паводле падлікаў Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі ў кастрычніку склаў Br 1123,4, ці каля $ 550. У той жа час мадальны заробак (заробак, якая найбольш часта сустракаецца ў шэрагу размеркавання працаўнікоў па памеры заробкаў) складае каля 560 рублёў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў