Падчас пратэстаў у Горадні пацярпела 5-гадовая дзяўчынка


Сям’я Іны Чараухі ехала з аднаго канца Горадні ў іншы ўвечары 11 жніўня. Раптоўна ў іхную машыну ўрэзалася вайсковая тэхніка. Маці з дачкою трапілі ў лякарню.

Маці Іна Чарауха ўчора, 11 жніўня, каля 23 гадзіныехала разам з 5-гадоваю дачкою і мужам па Горадні. Тады ў горадзе праходзілі акцыі пратэсту. Яна кажа, што вельмі разгубілася, калі пабачыла вайсковую тэхніку.

«Муж выехаў на сустрэчную паласу, каб абʼехаць. Аднак насустрач нам выбеглі амапаўцы, пачалі біць машыну дубінкамі – лабавое і бакавое шкло, люстэркі. Пасля гэтага ззаду ў нас заехала вайсковая тэхніка, быў моцны ўдар», – распавядае жанчына.

Пацярпелая дзяўчынка з Горадні.
Фота: instagram.com

Што было далей, для жанчыны «як у цемры». Яна памятае, што калі азірнулася, пабачыла сваю дачку ў крыві.

«Муж хацеў адразу нас адвезці ў лякарню хуткай дапамогі, бо яна зусім побач, аднак да нас падбеглі людзі і прапанавалі падвезці. Дачка плакала – яна вельмі напалохалася. У мужа быў рассечаны лоб. Яго спыніла міліцыя і забрала на разбіралініцтва, адкуль ён вярнуўся толькі на раніцу. Зараз да яго тэлефанаваў следчы, ізноў выклікаў», – апісвае падзеі Іна.

Як стала вядома «Белсату» дзяўчынка знаходзілася ў сярэдне цяжкім стане, у яе была адкрытая чэрапна-мазгавая траўма. Аднак пасля медычнай дапамогі яна была досыць актыўная, магла самастойна есці, ляжала ў звычайнай палаце ў стацыянары. Ёй наклалі некалькі швоў і адпусцілі дамоў пад распіску.

«Дачку лечаць, ёй патрэбны ложкавы рэжым. Я нармальна пачуваецца – жывая, і дзякуй богу. Мы яшчэ ў шоку, зараз важна прыйсці ў сябе. Дачка вельмі напалоханая», – распавяла яна «Белсату».

Іна падкрэслівае, што сям’я не брала ўдзелу ў пратэстах і не сігналіла з аўта – у іх нават не працуе сігнал.

Зараз імаверна яны атрымаюць штраф за тое, што бацька дзяўчыны выехаў на сустрэчную паласу.

Ад 9 жніўня па ўсёй Беларусі праходзяць пратэсты нязгодных з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў. Нягледзячы на мірны характар дэманстрацыяў, сілавікі актыўна ўжываюць зброю. Паводле МУС па краіне затрымана больш за 3 тысячы чалавек.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў