Падчас Форуму рэгіёнаў у Гомлі рэкламуюць туры ў анексаваны Крым. Фотафакт


У Гомлі падчас Форуму рэгіёнаў Украіны і Беларусі працягваюць рэкламаваць турыстычныя паездкі ў Крым, які афіцыйны Кіеў лічыць акупаванай тэрыторыяй.

Гэтак на тралейбусах у Гомлі можна пабачыць рэкламу штодзённых рэйсаў у Сімферопаль, якія арганізоўвае кампанія «БелЭкспресс». Кампанія займаецца пасажырскімі перавозкамі ў Крым. На іх сайце vkrim.by паведамляецца, што аўтобусы пасля выезду з Беларусі «рухаюцца выключна па тэрыторыі Расейскай Федэрацыі».

Адзначым, што заезд у Крым праз Расею лічыцца ва Украіне парушэннем дзяржаўнай мяжы. Паводле ўкраінскіх законаў, беларусы могуць трапіць на анексаваную тэрыторыю толькі праз Украіну і па спецыяльным дазволе. Уезд у Крым праз тэрыторыю Расеі лічыцца парушэннем дзяржаўнай мяжы Украіны: за гэта можна на некалькі гадоў стаць неўязнымі ў краіну, атрымаць штраф або да пятнаццаці содняў арышту. Патрапіць у Крым з турыстычнай мэтай праз Украіну немагчыма – на гэта не выдадуць спецдазвол.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў