Падчарка акадэміка Сахарава: Пра Беларусь ведаю дакладна адное, што там парушаюцца правы чалавека


Што пагражае дэмакратыі ў свеце? У Вільні Ганна Русінава паразмаўляла з Таццянай Янкелевіч, незалежнаю даследчыцай з Гарвардскага ўніверсітэту, дачкою знакамітай савецкай праваабаронцы Алены Бонэр і падчаркаю Нобэлеўскага лаўрэата, фізіка Андрэя Сахарава.

Ці скончылася халодная вайна паміж СССР і Захадам?

Я думаю, што надзеі, якія ўва ўсіх нас былі ў пач. 90-ых гадоў, на жаль, ужо беспадстаўныя. Яна не толькі не скончылася, але і працягваецца. У іншай сваёй іпастасі. Я не маю вялікіх надзеяў цяпер на паляпшэнне гэтай сітуацыі.

У якой менавіта іпастасі працягваецца гэтая вайна?

Цяпер ідзе гібрыдная вайна. Я думаю, што Расея, якая была не здольная пабудаваць сваю ўласную дэмакратыю, займаецца тым, што падрывае дэмакратыю Захаду. Калі я кажу «Расея», я не маю на ўвазе нават расейскае грамадства. Хоць да яго ў мяне таксама ёсць свае прэтэнзіі. У асноўным я маю на ўвазе палітыку, якую цяпер вядзе кіраўніцтва Расеі.

Як бы вы цяпер апісалі сітуацыю, якая адбываецца паміж Расеяй і Захадам?

У мяне няма такога слоўніку, каб апісаць гэтую сітуацыю. Я баюся за лёс дэмакратычных свабодаў і правоў амаль ува ўсім свеце. У мяне сур’ёзная трывога і асцярогі, што гэтыя свабоды пастаўленыя пад пагрозу. Пагражае ім папулізм, які мы бачым, на жаль, шмат у якіх рэжымах, што ўсталяваліся на тэрыторыі былога Савецкага Саюзу. Гэты папулізм як вірус распаўсюджваецца за межы постсавецкае прасторы. Прыклад яго цяпер ёсць і ў ЗША, і ў Венесуэле, і ў іншых краінах традыцыйна дэмакратычнага Захаду.

Як вы ацэньваеце прэзідэнта Зяленскага? Ці ёсць у яго больш шанцаў выйсці з канфлікту з Расеяй?

Я ўскладаю надзеі на яго непрадузятасць, яго маладосць і свежае ўспрыманне сітуацыі. Пакуль што ў мяне няма ні падставаў, ні вялікай упэўненасці, што ён здолее з гэтага выйсці. Але прайшло занадта мала часу. Я вітаю яго абранне. Я лічу, што гэта можа быць аздараўленчым фактарам. Але для гэтага, вядома, трэба разумнае цвярозае стаўленне і адміністрацыі прэзідэнта Расеі Пуціна, і ўвогуле расейскага грамадства, якое павінна, мне здаецца, змяніць свае прыярытэты на агульначалавечыя каштоўнасці.

Як бы вы ацанілі ролю Беларусі ў канфлікце? Гэта саюзнік Расеі ці яна тут гуляе іншую ролю?

Рэжым Лукашэнкі аўтарытарны, у сутнасці злепак з аўтарытарных рэжымаў іншых краінаў, у першую чаргу, вядома, Расеі, я думаю, што ягоная пазіцыя і роля, якую адыгрывае Беларусь у гэтым трохкутніку, – прычына для заклапочанасці з боку Украіны. Але я заўсёды кажу, што я не палітолаг. І, можа быць, я недастаткова знаёмая з сітуацыяй у Беларусі. Ведаю напэўна адное, што там парушаюцца правы чалавека.

Як вы бачыце далейшую тэндэнцыю дачыненняў Захаду і Расеі?

Я спадзяюся, што на Захадзе захоўваюцца, насуперак усім небяспечным тэндэнцыям папулізму і ксенафобіі, здаровыя грамадскія інстытуты, якія не дадуць яму ісці на шворку аўтарытарных і папулісцкіх тэндэнцыяў Масквы. Мне здаецца, што краіны Захаду, у якіх захоўваецца свабодная прэса, незалежны суд, незалежная заканадаўчая структура, даюць надзею, што дэмакратычны свет захавае дэмакратыю.

Ці ёсць у Беларусі нейкі шанец выйсці з-пад уздзеяння Расеі?

Я не бяруся судзіць. Я толькі жадаю дабра і перспектыўнай будучыні. Любая будучыня павінная быць заснаваная на поглядзе наперад, а не на чаплянні за нейкія старыя мантры і старыя ўяўленні, спароджаныя таталітарным грамадствам.

Інтэрв’ю выйшла ў праграме «ПраСвет» 31.05.2019

Стужка навінаў