Аляксандр Фядута Падазрэнні ў бездакорнай службе

паліткансультант

Андрэй Уцюрын. Фота – prokuratura.gov.by

Аляксандр Лукашэнка нарэшце выказаўся з нагоды арышту свайго былога ахоўніка Андрэя Уцюрына. Прывядзём яго выказванне даслоўна:

«Калі б ён у мяне быў па-за падазрэннямі, ён б дагэтуль працаваў начальнікам Службы бяспекі, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Ужо тады да яго былі пытанні».

Вельмі цікавае паведамленне, якое выклікае, як мінімум, два сустрэчных пытання. Першае – якія менавіта пытанні выклікала дзейнасць Андрэя Уцюрына ў якасці начальніка Службы бяспекі прэзідэнта? І другое – калі менавіта выклікала гэтыя пытанні гэтая дзейнасць: да ўзнагароджання палкоўніка Уцюрына ардэнамі «За бездакорную службу» і «За службу Радзіме» ці ўжо пасля?

Амбасада Расеі: за хабар у Беларусі затрыманыя трое расейцаў

Пагадзіцеся: гэта ж далёка не пустое пытанне. (Разумею, што слова «пытанне» ужываецца мной у гэтым маім тэксце вельмі часта, але ж і пытанні, прабачце, сур’ёзныя.) Таму што калі падазрэнні ў небездакорнасці службы Уцюрына закрадваюцца ў галаву Аляксандра Лукашэнкі да ўзнагароджання бравага палкоўніка адпаведным ордэнам, то за што яго ўзнагароджвалі і якая сапраўдная цана такой узнагароды? А калі пасля ўзнагароджання, то як быць цяпер з гэтай самай урадавай узнагародай? Ці застаецца палкоўнік Уцюрын годным яе, паколькі 150 тысяч долараў – так, дробязь, жонцы на шпількі і дзеткам на гаджэты? Ці ўсё ж такі прысутнасць яго імя сярод пераліку кавалераў ордэна дыскрэдытуе саму назву ордэна як такавую? Як быць з бездакорнасцю службы?

І што менавіта лічыць бездакорнасцю службы?

Вось, у тым жа каментары кіраўніка дзяржавы, распаўсюджаным БелТА, гаворыцца: «Ад іх (дзяржаўных служачых) залежаць мільярды рублёў. Я кавалак зямлі даю чыноўнікам пабудаваць дом або кватэру, каб ён не краў гэтыя мільярды і яны засталіся ў дзяржавы. І калі ты парушаеш гэты парадак – адказвай на ўсю катушку».

Вядома, выдатна, што яны адкажуць. Але ці значыць гэта, што на вышэйшыя пасады ў дзяржаве (а намеснік дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі – бясспрэчна, адна з вышэйшых пасад) прызначаюцца людзі, пра якіх загадзя вядома, што яны, не атрымаўшы кватэры або кавалка зямлі ў прэстыжным чыноўніцкім селішчы, будуць красці мільярды? І якая ў іх, цікава, для гэтага магчымасць?

Прааналізуем спіс тых, хто атрымаў гэты самы кавалак зямлі. Не ўвесь – часткова.

  • Уладзімір Андрэйчанка – старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
  • Рыгор Васілевіч – генеральны пракурор.
  • Наталля Качанава – кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.
  • Уладзімір Макей – міністр замежных спраў.
  • Валерый Міцкевіч – намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
  • Алег Праляскоўскі – міністр інфармацыі.
  • Наталля Пяткевіч – намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
  • Аляксандр Радзькоў – намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта.
  • Валянцін Сукала – старшыня Вярхоўнага суда.
  • Мар’яна Шчоткіна – міністр працы і сацыяльнай абароны.
  • Аляксандр Якабсон – старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю.
  • Лідзія Ярмошына – старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі.

Гэта, так бы мовіць, выбраныя персоны з спісу.

За што адкупіўся?

А зараз патлумачце мне, якія менавіта мільярды гэтыя людзі маглі скрасці ў дзяржавы? І калі рэальна спадарыня Ярмошына і спадарыня Шчоткіна не маглі скрасці мільярд, то за што ж у такім выпадку Аляксандр Лукашэнка заплаціў ім кавалкам зямлі ў элітным, прабачце за выраз, пасёлку «Дразды»? За што адкупіўся?

Я не выпадкова спажыў слова «адкупіўся». У дачыненні, напрыклад, да Чачні ў Расеі сёння проста кажуць: мы плацім даніну Чачні, каб выбухаў не было. А спадарыня Шчоткіна і спадарыня Ярмошына – яны ж нічога, наколькі я разумею, падарваць не могуць. Тады патлумачце мне – калі выбухаў ад іх чакаць не прыходзіцца, ды і скрасці мільярд старшыня ЦВК і міністр працы (тагачасны) не маглі, то – за што?

За бездакорную службу? Так дайце ім той жа ордэн, што і Уцюрыну, калі яны заслугоўваюць падобнага лёсу! Пратэстаў у грамадстве гэта не выкліча, паверце. Але асабняк, які можна здаць потым за пяць з лішнім тысяч долараў у месяц у не самай багатай краіне… А за што Вы, Аляксандр Рыгоравіч, тады з Кебічам змагаліся? З Шушкевічам, які, па Вашых словах, за скрынку цвікоў недаплаціў? Або – тая скрыня каштавала мільярд?

Эх, Уцюрын, Уцюрын… Трэба было адразу мільярд браць – на хрэна на дзесяць мільёнаў расейскіх рублёў разменьвацца?

СМІ: Уцюрына арыштавалі за тое, што ён «зліваў» інфармацыю ФСБ

Аляксандр Фядута/ІР belsat.eu

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Глядзі таксама
Каментары