Падаткавікі знайшлі 10 000 «дармаедаў»


Усім дармаедам накіравалі адмысловыя паведамленні. Атрымальнікам лістоў ад падатковай трэба будзе даказаць, што яны працавалі ў 2015 годзе больш за 183 дні, або выплаціць збор да 15 лістапада 2016-га, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства па падатках і зборах.

Раней чыноўнікі казалі, што тых, хто не працуе і не плаціць падаткі ў Беларусі больш за 400 000. Пакуль знайсці ўсіх не ўдалося.

«Цяпер падатковыя органы працягваюць працу над базай плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў у 2015 годзе», – кажуць у міністэрстве.

Вызначэнне перыяду ўдзелу грамадзянаў у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў, удакладняюць у падатковай, «ажыццяўляецца на падставе звестак, якія ёсць у дзяржаўных органах і арганізацыях».

«Праінфармаваць аб праве на вызваленне ад выплаты збору, можна звярнуўшыся ў падатковы орган асабіста або накіраваўшы паведамленне праз размешчаны на сайце міністэрства сэрвіс «Электронны зварот», – растлумачылі спецыялісты.

Дарэчы, сёння ўжо больш за 11 000 грамадзянаў апавясцілі падатковыя органы аб праве на вызваленне ад выплаты збору.

ЮВ, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў