Падарожжы ў часе, дэтэктыў і модны паказ: найцікавейшае на «Ночы музеяў» у Менску


Ілюстратыўнае фота chatoff.by

Увечары 19 траўня ў Менску пройдзе традыцыйная «Ноч музеяў». Плануецца шмат імпрэзаў на розных пляцоўках. Belsat.eu сабраў для вас топ-5 найцікавейшых месцаў і падзеяў.

Дом-музей Ваньковічаў, вул. Інтэрнацыянальная, 33А

У 19.00 ва ўнутраным дворыку музею пачнецца праграма «І зноў жыве старадаўні дворык» з удзелам навучэнцаў школы «JAM» і паказам калекцыі «Аксамітная кветка» дызайнера Марыны Ужаставай, дзіцячага мадэльнага агенцтва «Dolce vita». З 19.00 да 21.00 наведнікі змогуць узяць удзел у музейнай квэст-гульні «Сакрэты старадаўняй сядзібы».

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, Музычны завулак, 5

«Ноч музеяў» на Музычным завулку пачнецца ў 19.00 і прапануе ўдзельнікам самыя разнастайныя актыўнасці. Тут можна будзе павандраваць у часе і адчуць сябе шляхцічам, наведаўшы выставу «Жыццё беларускай шляхты на мяжы стагоддзяў». Адмыслова для аматараў Instagram – фота ў інтэр’ерах перыяду XVII-XIX стагоддзя.

У 19.40 выступяць Вольга Акуліч і беларускі гурт »Верасень« ( спяваюць у жанры «інтэлектуальны рок», «стым-рок»), а затым госці павучыцца танчыць парныя танцы ў стылі 19 стагоддзя (пачатак майстар-класа ў 20.30) і танцы пачатку 20 стагоддзя (пачатак у 21.15). У праграме – факстрот, вальс, танга. У 22.00 для ўсіх ахвотных – новаарлеанскі джаз ад менскага джаз-бэнду MASTERSKAYA 41. Для тых, хто стаміўся танчыць – майстар-клас па стварэнні папулярнай цацкі віктарыянскага часу – тауматропа.

Музей гісторыі гораду Менску, вул. Герцэна, 2А

Для тых, хто жадае інтэлектуальнай размінкі гэты музей падрыхтаваў гіпер-квэст «Музейны дэтэктыў», які дазволіць наведаць 7 музеяў за адну ноч.

«У Музеі гісторыі гораду М. адбылося таямнічае знікненне каштоўнага прадмета, – анансуюць арганізатары. – На дапамогу запрашаюцца ўсе свядомыя гараджане». Пошукі пачнуцца ў 20.00: гульцам трэба будзе сабраць доказы, якія выкрадальнік пакінуў у сямі месцах у Верхнім горадзе, у прыватнасці – мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15), гарадской мастацкай галерэі Л.Д. Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10), арт-гасцёўні «Высокае месца» (вул. Герцэна, 2а), Мінскай гарадской ратушы (пл. Свабоды, 2а), Археалагічным музеі (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6), а таксама экспазіцыях «Карэтная» (вул. Кірыла і Мяфодзія, 8), і «Мінская конка» (вул. Кірыла і Мяфодзія, 6). Білет, які дазваляе наведаць усе гэтыя месцы ў рамках квэста, можна купіць за 5 рублёў на Minskmuseum.by.

Галоўны прыз для пераможцаў квэсту – рамантычнае «Спатканне на даху» апоўначы, а астатнім дэтэктывам у якасці ўзнагароды дазволяць падняцца на Менскую ратушу (2 месца), атрымаць сертыфікаты на экскурсіі па музеі (3, 4 месца) і сямейны квіток на наведванне экспазіцый (5 месца).

Нацыянальны мастацкі музей, вул. Леніна, 20

 

«Ноч» у Нацыянальным прапануе гледачам даведацца «прыроду колеру». Гасцей чакаюць 14 лакацый, кожная з якіх дапаможа па-новаму зірнуць на спалучэнне прасторы і формы, святла і колеру.

Арганізатары кажуць, што госці пабачаць »пластычнае пераасэнсаванне творчасці вядомага марыніста Івана Айвазоўскага«. Таксама можна будзе адчуць колер музыкі – пад шыпенне дыяпраектара «Пеленг-600» і слайд-шоў. Асобная лекцыя будзе прысвечана колеру ў мастацтве Усходу. Аповед будзе суправаджацца перформансамі і гучаннем старажытных інструментаў.

Фішкай «ночы» стане выступ салісткі Вялікага тэатра Аксаны Волкавай. Фонавае музычнае суправаджэнне падрыхтаваў саўнд-дызайнер Віталь Гармаш, відэаінсталяцыі – Павел Плаха.

Пачатак – у 19:00, а працягнецца яна да 02:00. Кошт квіткоў: 10 для дарослых, 5 – для дзяцей і студэнтаў

Музей навук «Квантум», пр-т газеты «Праўда, 29 (ГЗЦ «Тытан»)

Музей займальных навук упершыню ўдзельнічае ў «Ночы музеяў» і абяцае зладзіць мега-навуковае шоў, якое будзе цікава і дзеткам, і дарослым.

Госці змогуць пагуляцца ў «вадзяны млын», уласнаручна сабраць Машыну Голдберга (інтрыга!), пастраляць са старажытнагрэцкай катапульты, паспаборнічаць на «алдовых» прыстаўках, прыгатаваць сярэднявечную зубную пасту, прадэманстраваць свае навуковыя веды ў квізе.

Пачатак шоў – у 19:00. Музей навукі чакае гасцей да 24:00.

Квіткі: стандартны – 13 рублёў, дзіцячы – 12 рублёў, сямейны (3-4 чалавекі) – 35 рублёў. Прама на месцы можна будзе атрымаць зніжку ў 50%, калі ўдасца правільна адказаць на пытанні Прафесара.

KA, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары