«Падаецца, увесь свет стаў беларускамоўны»


Часта даводзіцца чуць, што беларуская мова – гэта мова сялянаў, калгаснікаў і апазіцыі. Быццам бы ніхто не размаўляе ў Беларусі па-беларуску. Але гэта міф, які можна разбурыць, папросту азірнуўшыся вакол сябе.

Для кагосьці гэта першая родная мова, для кагосьці – прынцыповая пазіцыя. А шмат каму проста падабаецца размаўляць па-беларуску, бо беларуская – адна з самых мілагучных моваў свету.

«Я нарадзілася ў вёсцы, ніколі гэтага не саромелася, і ў нас была сапраўдная беларускамоўная школа. Усе прадметы мы вывучалі па-беларуску, і пытання з лексікай у мяне ніколі не ўзнікала», – распавядае Адарка Шут-Яцэвіч.

«Трэба нешта змяняць у гэтай краіне і трэба пачынаць з сябе»

Муж Адаркі Павал таксама навучаўся ў беларускамоўнай школе, але, калі прыйшлі ўніверсітэцкія часы, каб было прасцей камунікаваць з большасцю, хлопец размаўляў на расейскай мове.

«Былі выбары ў 2006 годзе і я вырашыў, што трэба нешта змяняць у гэтай краіне, і трэба пачынаць з сябе. Вось і з таго дня я сабе не здрадзіў», – тлумачыць сваё вяртанне да беларускай мовы Павал.

Ва ўніверсітэце Адарка таксама размаўляла па-расейску. Вярнулася да беларускай, калі пачала рыхтавацца да алімпіяды па паліталогіі. Дзяўчына рабіла даклад пра беларускую нацыянальную ідэю і вырашыла рабіць яго на беларускай мове.

«Я заўважыла, што людзі цябе больш уважліва слухаюць. Гэта мяне моцна ўразіла. Мне хацелася, каб тое, што я кажу, чулі, а не проста слухалі», – узгадвае Адарка.

Размаўляючы па-расейску, Адар’я заўважыла, што забывае беларускую мову. З другога курсу яны прыняла рашэнне цалкам размаўляць па-беларуску.

Беларуская – мова кахання

Дзякуючы беларускай мове, Адар’я пазнаёмілася са сваім мужам Паўлам.

«Муж сказаў, што адмыслова шукаў беларускамоўную і трапіў на мяне», – усміхаецца Адарка.

Вяселле таксама было ў беларускім стылі. Маладзёны тлумачаць гэта лагічным працягам сваёй беларускамоўнасці.

«Мая бабуля расплакалася, калі я сказала: «Бабуля, даставай дзяругі і ручнікі, яны спатрэбіліся». Яна кажа: «Я ведала, я ведала! 50 год чакала, што яны некаму спатрэбяцца». І ў запрашэнні пазначылі, што ў нас усё вельмі проста – размаўляем па-беларуску, апранайцеся ў джынсы і вышыванкі, бо адзначаем усё ў лесе», – распавядае Адар’я.

Госці падтрымалі маладзёнаў і апранулі адзенне з нацыянальнымі матывамі.

Цяпер Адар’я і Павал гадуюць маленькага сына Янку.

«Янка наш яшчэ ніяк не ўмее, але будзе па-беларуску гаварыць», – запэўнівае Павал.

Маладзёны лічаць, што, размаўляючы па-беларуску, можна змяніць свет вакол сябе.

«Гартаеш фрэндстужку, навіны – яны ўсе беларускамоўныя. І, падаецца, увесь свет стаў беларускамоўны. І людзі ўсе такія харошыя, такія шчырыя. Мне падаецца, варта паспрабаваць пагаварыць па-беларуску, каб адкрыць для сябе свет беларускамоўных людзей у Беларусі», – кажа Адар’я.

Адзнач роднай беларускую!

У 2019 годзе ў нашай краіне пройдзе чарговы перапіс насельніцтва, сярод пунктаў будуць пытанні (нумар 12 і 13) і пра вашую родную мову. Адказ мае не толькі сімвалічнае, але і практычнае значэнне. Ад колькасці людзей, якія ў адказах назавуць беларускую мову, будзе залежаць далейшая палітыка дзяржавы. Адказам «беларуская» вы станоўча паўплываеце на яе.

Беларуская мова – гэта неад’емная частка нашай культуры і гарантыя нашай будучыні як унікальнага народу. Вынікамі перапісу мы здольныя засведчыць самі сабе і ўсяму свету, што мы – паўнавартасная нацыя, вартая зацікаўлення і павагі з боку іншых нацыяў свету.

Падтрымайма наш нацыянальны скарб – мову нашых продкаў, якая нас усіх аб’ядноўвае і робіць унікальнымі.

Далучайцеся да кампаніі «Беларускамоўны»! Стварайце новы свет вакол сябе!

Беларускамоўны

Прыходзьце на Свята роднай мовы 21 лютага!

Лупі на мове! Танцуй пад сваё! 21 лютага ў Менску адбудзецца канцэрт «Дзень роднай мовы»

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары