«Падабаецца цішыня і людзі». Кітайцы трэйлерам ужо месяц вандруюць па Беларусі


На беразе маляўнічага возера Сялява на Крупшчыне ў кемпінгу стаіць караван з Кітаю. Яго жыхары ў дарозе ўжо 7 месяцаў, з якіх амаль месяц вандруюць па Беларусі.

На аўтадоме налеплены сцягі краін, якія вандроўнікі ўжо пабачылі.
Фота: Belsat.eu

Сем месяцаў таму пара з Кітая выехала на сваім караване. Проста аднойчы вырашылі набыць трэйлер і паехаць вандраваць. І… даехалі да Беларусі! Да такой вялікай вандроўкі пара рыхтавалася больш за год!

– Так, варта назапасіць сродкі. У мяне свой бізнес у Кітаі, а ў мой каханы – высакакласны інжынер, таму фінансы для нас не асноўнае. Галоўнае – ведаць законы краіны, у якую едзеш, – тлумачыць кітаянка Лілі.

Журналісты Belsat.eu вырашылі паехаць на кэмпінг, каб пабачыць, у якіх умовах жывуць турысты з Кітаю і даведацца, што ім падабаецца ў нашай краіне.

– Мне вельмі падабаецца тут экалогія, цішыня і людзі. Толькі дождж усё псуе, – кажа Лілі.

Лілі любіць вандраваць і рабіла гэта заўсёды, але трэйлер, кажа, гэта зусім іншае.
Фота: Belsat.eu

Яна любіць вандраваць і рабіла гэта заўсёды. То бок такое падарожжа ў яе далёка не першае: наведала ўжо больш за 30 краін.

– Звычайна я перасоўвалася на самалёце. Перад гэтай паездкай троху хвалявалася. Але жытлавы прычэп – гэта зусім іншы чын адпачынку. Ты значна лепей можаш пабачыць незвычайнасць краіны, шчыльней пазнаёміцца з наваколлем. Так падарожнічаць – гэта цяпер маё.

Грошы, па словах Лілі, гэта не галоўнае. А галоўнае – ведаць законы краіны, у якую ты едзеш.
Фота: Belsat.eu

Далей пара мае на мэце наведаць краіны Еўразвязу. Але з Беларусі пакуль з’язджаць не спяшаюцца і ўжо амаль месяц працягваюць арэнду месца для свайго аўтадому. Дарэчы, на транспарце можна пабачыць сцягі краінаў, якія ўжо наведалі вандроўнікі.

Па словах Лілі, апошнія гады ў Кітаі – бум на вытворчасць трэйлераў. Штогод іх робяць больш за 1000 адзінак. Праз гэта зʼяўляюцца і клубы караванераў.

Лілі пазначае на тамтэйшым сайце аматараў вандровак са сваім жытлом, дзе і як яны адпачывалі.

– Мы дасылаем звесткі пра месца, якое нам спадабалася. І караванеры выпраўляюцца яго наведаць. Багата людзей зацікавілася тым, што мы прыехалі сюды. Мяркую, хутка ў Беларусі будзе шмат кітайскіх турыстаў, – кажа турыстка з Кітаю.

Пасля Беларусі пара мае намер наведаць краіны Еўразвязу. Але пакуль затрымаюцца ў Беларусі.
Фота: Belsat.eu

Турысты не валодаюць замежнымі мовамі і камунікуюць выключна праз перакладчык. Што праўда, ім гэта не замінае:

– Мы намагаемся не турбаваць людзей лішні раз. Нас паўсюль сустракаюць ветліва.

– Мы любім цішыню і прыроду. А тут на дзіва ціха, – кажа Лілі.
Фота: Belsat.eu

У Беларусі кітайскія турысты паглядзелі толькі Мірскі замак. Лілі кажа, што яны не аматары шумных месцаў:

– Мы любім цішыню і прыроду. А тут на дзіва ціха.

За амаль месяц турысты з Кітаю наведалі ў Беларусі толькі Мірскі замак. Астатні час бавяць у кэмпінгу. На пытанне грошай Лілі не адказала – кажа, што грошы для іх не галоўнае. Ежу набываюць – у мясцовым сельпо. Як распавяла Belsat.eu прадавачка крамы, кітайцы ходзяць да яе з галасавым перакладчыкам, часта ўсміхаюцца. Набываюць звычайную ежу. Ды і выбар у краме не такі вялікі: мяса, крупы, хлеб.

Турысты валодаюць толькі кітайскай мовай і карыстаюцца мабільным перакладчыкам.
Фота: Belsat.eu

Жанчына, што назірае за кэмпінгам, распавяла, што турысты з Кітаю амаль увесь час сядзяць у трэйлеры. Толькі Лілі ходзіць час ад часу па беразе, а ейны каханы, бывае, што бавіць вечары з прадстаўнікамі ТВВОД. Дзіўна, але імя каханага Лілі называць адмовілася. Сам мужчына таксама ўвесь час, што мы размаўлялі, прасядзеў у жытлавым прычэпе, хаваўся. Адзінае, што пра яго вядома – што ён значна старэйшы за Лілі.

У Беларусі турыстам падабаецца прырода, цішыня, людзі.
Фота: Belsat.eu

Марыя Грыц, фота НГ Belsat.eu

Стужка навінаў