Пад Стоўбцамі воўк напаў на чалавека


8 снежня каля 18-й гадзіны воўк напаў на 56-гадовага жыхара вёскі Хатава Стаўбцоўскага раёну. На дапамогу мужчыну прыйшоў ягоны сын і вяскоўцы. Цяпер Уладзіслаў Ламака – у шпіталі. Адмыслоўцы высвятляюць, ці хворая жывёла на шаленства. Пра інцыдэнт паведамляе суполка «Стаўбцоўская рыбалка» ў VK.



У нядзелю 8 снежня Уладзіслаў Ламака з жонкай праводзілі свайго сына на вучобу. Яны адвезлі юнака на прыпынак. Ужо вечарэла. Воўк нечанака напаў на Уладзіслава, піша kp.by.

«Малы ўзяў нож, які ляжаў у машыне, але што яму, ножык маленькі, хіба ім ваўка зарэжаш? Я пабегла машыны спыняць, дык людзі тыя, яны горш ваўкоў, ніхто не спыняўся. Адзін спыніўся, я да яго, прашу: дапамажыце, дайце хоць манціроўку, я што, з голымі рукамі пайду на ваўка? А там сядзіць здаровы такі мужчына, кажа: «Я не смяротнік!». І дзверы зачыніў шчыльней, толькі фарамі пасвяціў. Добра, мужчына з суседняй вёскі пад’ехаў, ён пляменніка на маршрутку выпраўляў. Выбег з машыны з сякерай, даў ваўку па лбе і па шыі», – распавяла жонка Уладзіслава Ніна Ламака.

Вяскоўцы забілі ваўка, што напаў на іх. Фота: https://vk.com/

У выніку вяскоўцы адолелі жывёліну. Цела ваўка забралі на экспертызу, каб высветліць, ці не быў драпежнік шалёным.

Уладзіслаў Ламака ў шпіталі. Воўк моцна яго пакусаў.

Здаровыя ваўкі рэдка падыходзяць блізка да людзей. Гэтак, залетась ва ўсёй краіне па медычную дапамогу пасля кантакту з ваўком звярнуліся 10 чалавек. А пасля нападу сабакаў – больш за 13 тысячаў.

Здаровыя дзікія жывёлы звычайна не кідаюцца без прычыны на чалавека. Прыкметамі шаленства могуць быць павіслая сківіца ды актыўнае выдзяленне сліны. Адмыслоўцы засцерагаюць: на ранніх стадыях вірус можа і не праяўляцца. Аднак калі хатні гадаванец стаў млявым ды адмаўляецца ад ежы – варта схадзіць да ветэрынара.

Па Целяханах хадзіў шалёны янот

СК belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары