Пад Пружанамі шукаюць метэарыт

ВІДЭА

Ілюстратыўнае фота

Паміж Пружанамі і Бярозай мог пагаснуць балід, які 7 студзеня зафіксавала камера відэаназірання ў вёсцы Малыя Шчытнікі. Такую здагадку зрабілі ўдзельнікі праекту УфоКом, паведамляе партал Pruzhany.net.

Удзельнікі праекту УфоКом наведалі Малыя Шчытнікі, знайшлі месца, адкуль былі зробленыя здымкі аб’екта і па фота вызначылі азімут траекторыі падзення баліда. Ён ляцеў з захаду на ўсход – паўночны ўсход.

«Гэта пацвердзілі і некалькі відавочцаў, якія назіралі балід ужо ў раёне Пружанаў, – распавёў удзельнік УфоКом Віктар Гайдучык. Адзін са сведкаў згадвае цікавую падрабязнасць пра тое, што ён назіраў абʼект, які свеціцца парадку трох секунд, а затым, праз пятнаццаць секунд, пачуўся гулкі гук, які доўжыўся секунд сорак. Вельмі падобна, што гэта была ўдарная хваля ад праходжання атмасферы балідам.

Паводле папярэдніх ацэнак, балід патух над мясцовасцю, размешчанай паміж гарадамі Пружаны і Бяроза, але мог ён паляцець і за межы Берасцейскай вобласці».

Паводле экспертаў, памер абʼекта па наяўных дадзеных вызначыць цяжка. Метэорнае цела, якое мае невялікія памеры, часам цалкам выпараецца ў атмасферы Зямлі, але ў выпадку балідаў магчыма выпадзенне на зямлю метэарытнага рэчыва, у тым ліку і ў выглядзе аскепкаў, як было з Чэлябінскім метэарытам у 2013 годзе.

Зараз удзельнікі праекту шукаюць відавочцаў падзення баліда, якія маглі б дапамагчы ўстанавіць месца, дзе могуць знаходзіцца яго фрагменты.

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары