Пад Мядзелам мужчыну збілі, прывязалі да машыны і працягнулі праз лес, каб забраць 50 рублёў


Надзвычайнае крымінальнае здарэнне на мінулым тыдні пад Мядзелам: дваіх мужчын збілі, а потым аднаго з іх прывязалі да машыны і працягнулі праз лес.

Нападнікі былі ўпэўненыя, што ў іх скралі 50 рублёў, а такім чынам прымушалі аддаць грошы. Пра гэта паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

Увечары 19 ліпеня ў міліцыю патэлефанаваў 43-гадовы жыхар раёна і заявіў: двое знаёмых адвезлі яго ў лес, збівалі і патрабавалі грошы. Аказалася, двое мужчын (30 і 34 гадоў) зладзілі разборкі праз нібыта выкрадзеныя 50 рублёў. Напярэдадні ў іх доме пацярпелыя чынілі печку, а разлічыліся алкаголем.

На наступны дзень гаспадар і ягоны кватарант падумалі: пасля застолля павінны былі застацца 50 рублёў, напэўна іх узялі ўчорашнія рабочыя. Яны адшукалі мужчын, сілай пасадзілі ў машыну і павезлі ў лес каля вёскі Азаркі. Спачатку іх проста збівалі, а потым:

«У нейкі момант зламыснікі палічылі, што збіцця будзе недастаткова і для мацнейшага эфекту прывязалі ахвяру адрэзаным рамяням бяспекі да фаркопа аўтамабіля. Пасля гэтага пачалі рух па лясной дарозе. Так праехалі некалькі сотняў метраў», – распавялі праваахоўнікі.

Затым закатаванага мужчыну кінулі ў багажнік і павезлі на возера Баторына «выкупаць». Другі мужчына тым часам змог уцячы праз лес. Пазней першага прывезлі ў дом, каб працягнуць катаванні, але ён таксама збег і патэлефанаваў міліцыю.

Адзін з пацярпелых трапіў у шпіталь: закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пераломы і шматлікія раны. У дачыненні да падазраваных распачатая крымінальная справа за катаванне, «ва ўсялякім разе, пакуль», кажуць у міліцыі.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў