У Менскім раёне затрымалі кіроўцу-бяспраўніка, які кіраваў аўтамабілем «Нісан» у стане моцнага алкагольнага ап’янення.
Здарэнне адбылося 12 лістапада ў аграгарадку Новы Двор. Затрымаўшы кіроўцу 1988 года нараджэння, нарад ДАІ даставіў парушальніка ў медустанову для медычнага агляду, які паказаў наяўнасць у крыві затрыманага 4,5 праміле алкаголю. Акрамя таго, высветлілася, што ў кіроўцы няма пры сабе дакументаў на транспартны сродак, і ён не мае права кіраваць аўтамабілем, пра гэта агенцтву БелТА паведамілі ў ДАІ Менаблвыканкаму.
Парушальнік распавёў, што прыкладна за гадзіну да таго, як сесці за руль, выпіў 250 г гарэлкі і накіроўваўся да крамы, каб купіць яшчэ «гаручага» і працягнуць «адпачываць». Аўтамабіль даставілі на ахоўную стаянку. Яго маюць канфіскаваць у адпаведнасці з заканадаўствам, бо дадзенае парушэнне мужчына здзейсніў паўторна.
З 2006 года кіроўца 6 разоў быў затрыманы за стырном нападпітку і тройчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за гэтае ж парушэнне.
Смяротная доза алкаголю можа быць ад 5 праміле ў крыві.
МЯ, паводле belta.by