Пад Менскам 14 вагонаў грузавога цягніка сышлі з рэек


Аварыя на чыгунцы адбылася каля вёскі Калядзічы Менскага раёну.

У Менскім раёне 14 вагонаў грузавога цягніка сышлі з рэек, паведамілі БелТА ў абласным упраўленні МНС Беларусі.

Паведамленне пра надзвычайную сітуацыю паступіла днём 25 чэрвеня. З рэек сышлі 14 вагонаў грузавога цягніка Калінкавічы–Менск–Сартавальны каля вёскі Калядзічы Менскага раёну. Увесь цягнік меў 73 вагоны. У выніку аварыі перакуліліся 12 грузавых вагонаў: 6 – з металам, 2 – з драўнінай, 1 – з паліўным брыкетам, 2 – з камбікормам і 1 – з бутэлькамі сланечнікавага алею.

Было пашкоджана 200 м чыгуначнага шляху ды апора кантактнай лініі 27 кВ. Пацярпелых няма. Затрымкі ў руху цягнікоў не адбылося. Наступствы ліквідуюць 3 аварыйна-аднаўленчыя цягнікі Беларускай чыгункі. Працы плануюць завершыць раніцай 28 чэрвеня. Прычыну аварыі ўсталёўвае камісія Беларускай чыгункі.

МЯ, паводле belta.by

Стужка навінаў