Пад Кіевам спалілі дом экс-кіраўніцы Нацбанку. Некалькі дзён таму згарэла аўто ейнай нявесткі


Невядомыя спалілі дом былой кіраўніцы Нацыянальнага банку Украіны (НБУ) Валерыі Гантарэвай. Гэтую інфармацыю яна падтвердзіла выданню thebabel.com.ua.

Экс-кіраўніца НБУ распавяла, што зламыснікі кінулі бутэльку з запальнай сумессю праз плот.

«Дом цалкам згарэў. Пажарнікам не ўдалося яго нават патушыць. Гэта ўжо поўнае і канчатковае беззаконне. Я не ведаю, куды мне звяртацца, тэрор працягваецца!», – заявіла Гантарэва.

Паводле Гантарэвай, падчас пажару ў доме нікога не было і ніхто не пацярпеў.

5 верасня ўкраінскія медыі паведамілі, што невядомыя спалілі аўто нявесткі Гантарэвай. Некалькімі днямі раней экс-кіраўніцу НБУ Валерыю Гантарэву збіў аўтамабіль у Лондане. Гантарэва мяркуе, што гэтыя здарэнні павязаныя міжсобку.

6 жніўня экс-кіраўніцу НБУ выклікалі на допыт у Генпракуратуру ў якасці падазраванай па справе збеглага бізнесмена Сяргея Курчанкі. Гантарэву падазраюць у адмыванні грошай і крадзяжы дзяржсродкаў у часы кіравання Віктара Януковіча.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў