Пад Карэлічамі знайшлі замкавую браму часоў ВКЛ


Рэшткі драўлянага замку часоў Вялікага Княства Літоўскага археолагі выявілі на ўзгорку пасярод поля. Пабудова належала шляхецкай сям’і Кмітаў. Навукоўцы шукалі яе пяць гадоў.

Уязную вежу знайшлі ў вёсцы Беразавец Карэліцкага раёну. Яе ўмацаванні, як аказалася, былі каменнымі, а не драўлянымі. Гісторыкі кажуць, што знаходка дапаможа ў вывучэннні жыцця шляхты XVI стагоддзя.

«Хацелася б знайсці драўляную царкву, уніяцкую. Дакладней тое, што ад яе засталося. І хацелася б вызначыць дакладнае размяшчэнне панскіх дамоў», – адзначыла вядучая навуковая супрацоўніца Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музею Наталля Пачобут.

Драўлянай архітэктуры часоў ВКЛ у краіне амаль не захавалася, таму для экспертаў важная кожная інфармацыя пра побыт тае эпохі. Падчас раскопак археолагі знайшлі таксама вялікую колькасць чарапкоў посуду, костак, гаршкі, манеты, кафлю, пломбаў для дакументаў ці тавараў, упрыгожванні і музычныя інструменты.

Замак у Беразаўцы належаў сямʼі Кмітаў, якая атрымала зямлю ў падарунак ад вялікага князя і збудавала тут сваю рэзідэнцыю, памер якой складаў 95×60 метраў. Паводле тагачасных стандартаў, гэта быў буйны двор.

Зараз навукоўцы паспрабуюць вызначыць месцазнаходжанне абарончых сцен і двух вежаў. Астатнія пабудовы на тэрыторыі рэзідэнцыі будзе вылічыць прасцей: у 1636 годзе новы ўладальнік замка зрабіў падрабязную вопіс маёмасці.

Адмыслоўцы ацэньваюць, што поўнае даследаванне замкавага комплексу зойме не адзін дзясятак гадоў, і рыхтуюць цяпер 3D-мадэль аб’екту.

Тэлеканал АНТ падае, што ў гэтага месца ёсць шанец стаць у будучыні не менш папулярным турыстычным напрамкам, чымся Мірскі замак, які знаходзіцца недалёка.

ДД

Глядзі таксама
Каментары