Пад кіраўніцтвам намесніка Міністра абароны Рэспублікі Беларусь генерал-маёра Сяргея Патапенка на палігоне «Абуз-Лясноўскі» пад Баранавічамі з 23 па 27 красавіка праводзіцца паказное тактычнае вучэнне з удзелам 19-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгады.
Паводле Мінабароны, у вучэнні ўдзельнічаюць больш за 1000 вайскоўцаў, каля 34 танкаў, 50 баявых браніраваных машын і 15 гармат артылерыі і рэактыўных сістэмаў залпавага агню. Армія адпрацоўвае вядзенне абарончых дзеянняў ва ўмовах «напружанай абстаноўкі, якая хутка змяняецца».
«У ходзе вучэння, у тым ліку будуць адпрацаваныя пытанні вядзення спецыяльных дзеянняў па ўзмацненні ўчастка Дзяржаўнай мяжы сумесна з падраздзяленнямі органаў памежнай службы», – адзначае прэс-служба Мінабароны.
Нагадаем, у сакавіку-красавіку ў Беларусі паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі адбылася маштабная праверка Ўзброенных сілаў. Праверка ўключала ў сябе правядзенне вучэнняў з баявой стральбою (у тым ліку на палігоне «Абуз-Лясноўскі»), фармаванне асобнай механізаванай брыгады ды іншыя мерапрыемствы. З запасу прызываліся да 2 тыс. ваеннаабавязаных, у тым ліку жанчыны.
ІІ, belsat.eu