Пад Асіповічамі затрымалі ды збілі анархіста Дзядка. Яго тэлеграм-канал захапілі


Мікола Дзядок.
Фота: racyja.com

Затрыманы адзін з лідараў анархісцкага руху Беларусі Мікола Дзядок, паведамляе тэлеграм-канал МУС Беларусі.

Падазрэнні пра затрыманне актывіста з’явіліся пасля таго, як у ягоным тэлеграм-канале з’явілася інфармацыя з крытыкай пратэсту і пратэстоўцаў. Пасля гэтага пацвердзілі і ў МУС, заявіўшы, што «супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі 32-гадовага менчука Мікалая Дзядка, які на працягу некалькіх гадоў адміністраваў радыкальны тэлеграм-канал «Мiкоlа», дзе публічна заклікаў да ўдзелу ў масавых беспарадках і сілавых акцыях «прамога» дзеяння».

Hавiны
Сілавікі пачалі рэйд па ўніверсітэцкіх актывістах. Затрымліваюць студэнтаў і выкладчыкаў
2020.11.12 15:23

Як заяўляецца, актывіст хаваўся ў канспіратыўнай кватэры ў пасёлку Сасновы Асіповіцкага раёну. Адзначаецца, што там знайшлі замежныя банкаўскія аплатныя карткі і буйныя сумы грошай у рознай валюце, кактэйлі Молатава, улёткі, налепкі, пратэставую атрыбутыку і камп’ютарную тэхніку.

«Фігурант актыўна супрацоўнічае са следчымі органамі і дае прызнальныя паказанні», – заяўляюць у МУС.

На апублікаваных відэакадрах бачна, што Мікола Дзядок моцна збіты.

  • Мікола Дзядок нарадзіўся ў 1988 годзе. Быў арыштаваны 3 верасня 2010 года паводле справы аб «нападзе на амбасаду Расейскай Федэрацыі» у ноч на 31 жніўня ў Менску. 27 мая 2011 года яго асудзілі на 4,5 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Быў прызнаны палітвязнем.
  • За пяць дзён да сканчэння тэрміну 26 лютага 2015 года суд Ленінскага раёну Магілёва асудзіў палітвязня паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса «злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі» да 1 года зняволення ў калоніі строгага рэжыму. Быў памілаваны 22 жніўня 2015 года.
  • Пасля неаднаразова затрымліваўся паводле адміністратыўных артыкулаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў