Другі дзень суда над Уладам Казакевічам. У 2014-м у яго дыягнаставалі «шызоідны разлад асобы»


Улад Казакевіч

Справа былога студэнта першага курсу МІТСО, 18-гадовага Улада Казакевіча разглядаецца ў Менскім гарадскім судзе.

У другі дзень працэсу ў зале менш прысутных, прыйшоў толькі адзін пацярпелы Аляксандр Александронец, муж загінулай жанчыны, а таксама студэнты, якія ходзяць на суд, таму што «вельмі цікава». Сёння далей апытваюць сведкаў, у тым ліку супрацоўнікаў ГЦ «Еўропа».

У 2014 годзе Казакевічу паставілі дыягназ «шызоіднага расстройства асобы» і «ўмеранага дэпрэсійнага эпізоду». Пра гэта сёння ў судзе распавёў лекар-псіхіятр, якога тады запрасілі ў аддзел РНПЦ для кансультацыі пацыента.Сведка сказаў, што суіцыдальныя думкі Казакевіча былі звязаны, верагодна, са школай альбо з настаўніцай. Гэта быў момант жыццёвага крызісу. Казакевіч спрабаваў падпаліць сябе ў сутарэнні.

Казакевічу пагражае 17 гадоў, а не 12, як паведамлялася раней. Тэрмін большы, бо яго абвінавачваюць адразу па трох артыкулах КК, адзін з якіх лічыцца асабліва цяжкім.

Будзе абноўлена

Маньяк з бензапілой шкадуе, што забіў мала людзей

Вынік першага дня разгляду справы – хлопец, які ўчыніў напад у гандлёвым цэнтры, цалкам прызнаў віну.

«Віну прызнаю цалкам», – заявіў Улад Казакевіч, знаходзячыся ў клетцы.

Ад абвінавачванага агулам патрабуюць 369 тыс. рублёў кампенсацыі. Маці загінулай папрасіла 65 тыс. рублёў, родная сястра і муж – па 45, дачка – 75.


Працэс – адкрыты, сёння адбываецца першы дзень судовага працэсу.

Хлопца вінавацяць у здзяйсненні злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу (падрыхтоўка да забойства двух і болей асобаў), ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арты 139 (замах на забойства двух і болей асобаў), ч. 2 арт. 139 (забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю з хуліганскіх матываў), ч. 1 арт. 339 (хуліганства).

Казакевічу пагражае ад 6 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Расстраляць ці асудзіць пажыццёва яго не могуць – на момант злачынства хлопец быў няпоўнагадовым.

За што судзяць

Паводле дадзеных следства, 8 кастрычніка мінулага года каля 17:30 Улад Казакевіч, знаходзячыся ў стане алкагольнага ап’янення, зайшоў у гандлёвы цэнтр «Новая Еўропа» з чахлом для музычнага інструмента, заведзенай і гатовай да ўжывання бензапілой.

Абвінавачваны пасля затрымання

Падлетак выбіраў ахвяраў сярод працаўнікоў і наведнікаў гандлёвага цэнтру. Першай ён паспрабаваў забіць жанчыну, аднак тая змагла хутка адрэагаваць і ўцякла.

Другой жанчыне хлопец нанёс два ўдары бензапілой. Калі бензапіла заглохла праз тое, што ў ланцуг трапіла адзенне ахвяры, хлопец дастаў з чахла ад гітары кувалду і нанёс жанчыне ўдары, ад якіх яна памерла на месцы.

Відэа Следчага камітэту з месца трагедыі

Пасля абвінавачваны, працягваючы перамяшчацца па гандлёвым цэнтры, нанёс цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці двум жанчынам, якім пазней аказалі медычную дапамогу. Пацярпелымі прызнаныя тры жанчыны і сваякі загінулай.

Чытайце таксама:

НМ, belsat.eu, фотаздымак «Радыё Свабода»

Стужка навінаў