Пачварныя рыбіны, Капернік, тэлеграфіст-самагубца… Топ-5 сюжэтаў з новай кнігі пра гісторыю Горадні


Кніга Андрэя Павача «Гарадзенскія гісторыі» будзе прэзентаваная на Дзень гораду – 14 верасня. Папяровыя асобнікі надрукуюць на наступным тыдні. Мы ж пакуль абралі пяцёрку сюжэтаў – чытайце і ацэньвайце.

Андрэй Павач – загадкавы гарадзенскі аўтар, з-пад пяра якога выйшла ўжо з паў дзясятка кніг гістарычнага характару па-беларуску і па-расейску. Самога аўтара ніхто ніколі не бачыў: ці хаваецца за мянушкай адзін гісторык, ці гэта калектыўны псеўданім – ніхто не ведае. Галоўнае ж, каб цікава было, праўда?

Прадстаўляем Вашай увазе пяць гістарычных эпізодаў з гарадзенскай мінуўшчыны, знойдзеных па архівах ды размовах з гарадскімі старажыламі. Агулам жа ў кнізе будзе прадстаўлена ажно сорак сюжэтаў.

Замкавая гара ў Горадні, на якой мог разважаць пра нябесныя сферы Капернік. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

1. Капернік у Горадні

У 1506 годзе вармінскі біскуп Лукаш Ватцэнродэ быў запрошаны ў Вільню да караля польскага і вялікага князя літоўскага Аляксандра. Размова важная, бо тычылася яна крыжакоў, якія спрабавалі вырвацца з васальнай залежнасці ад Польшчы. Нягледзячы на аслабелыя пасля Грунвальдскай бітвы 1410 году пазіцыі Ордэна, для суседзяў ён заставаўся сурёзнай небяспекай.

Вядома, што біскуп ехаў праз Горадню, прабыў у Аляксандра тры тыдні і вярнуўся назад у Варму. Лукаш Ватцэнродэ быў родным дзядзькам Мікалая Каперніка, і хай той нідзе ў дакументах не фігуруе як удзельнік той вандроўкі, ёсць нагода казаць пра ягоную прысутнасць. Чаму? Капернік быў пры дзядзьку адначасна сакратаром і лекарам, таму той рэдка выязджаў без яго ў важныя падарожжы. Больш за тое, кароль Аляксандр тады быў ужо стары і цяжка хворы – верагодна, адукаваны ў Еўропе лекар мог агледзець і караля.

Хто ведае, магчыма, акурат стоячы на гары Старога замку ў Горадні ў красавіку 1506 году, Капернік мог разважаць пра тое, ці Сонца круціцца вакол Зямлі, ці Зямля вакол Сонца.

Вялізны асяцёр, злоўлены на Нёмане ў 1927 – апошні зафіксаваны рэкорд.
Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

2. Каралеўскі асяцёр, якога засмажылі гарадзенцы

На гербе гораду Пілаў ва Усходняй Прусіі (сёння – Савецк у Калінінградскай вобласці, РФ) быў выяўлены асяцёр у кароне – «рыбін кароль». У часы ВКЛ асятроў у нас называлі «нямецкай рыбай», бо плылі яны з Балтыкі да нас на нераст: заплывалі ажно пад Карэлічы. У Гарадзенскім гісторыка-археалагічным музеі нават захоўваюцца пазванкі асятра, знойдзеныя падчас раскопак Замкавай гары, па якіх можна вылічыць, што рыбіна мела амаль тры метры ў даўжыню – сапраўдная марская пачвара!

Апошні ж задакументаваны выпадак, датычны вялізных асятроў, датуецца 1927-м годам. Тады на Нёмне, пад Каложскай царквой у Горадні, вылавілі 96-кілаграмовага асятра даўжынёй больш за два метры. Дырэктар Музея прыроды, таксідэрміст і падарожнік Станіслаў Жыўна прасіў, каб рыбіну аддалі ў музей, але рыбакі з прозвішчам Баран вырашылі па-іншаму… У выніку рыбіна апынулася ў рэстаране Куявінскага: яе засмажылі і з’елі. Наогул жа асятроў, праўда, меншых, у Нёмне бачылі яшчэ ў 1950-х гадах.

Сённяшні рэстаран «Беласток», дзе месцілася Бузярня Васілевіча. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

3. Буза, рахат лукум і гарадзенскі «Стамбул»

У высокай старой камяніцы на рагу Віленскай і Савецкай сёння месціцца рэстаран «Беласток» і кавярня «Камунарка». У 1930-х жа тут была культавая для Горадні ўстанова – Бузярня «Orient» ды Фабрыка слодычаў Васілевіча. Васілевіч быў гарадзенцам, які выкупіў у македонцаў бізнес з усходнімі прысмакамі і раскруціў яго ў Горадні. Напрыклад, для бузы, якая і дала ўстанове назву, бярэцца крупа, дадаюцца дрожджы, масла, усё гэта награваецца, бродзіць, працэджваецца… Атрымліваецца прахалодны слаба алкагольны напой, дагэтуль папулярны ў Турцыі.

Што яшчэ рабіў Васілевіч? Сваю чурчхэлу, рахат лукум, карэоку (рысавую муку ў салодкім сіропе), «цытрынкі» (пасечаны са скурай лімон у цукры) ды інш. Адной халвы тут было каля 15 гатункаў. Праз дарогу, дзе зараз месціцца ЗАГС, была іншая кавярня – «Стамбул» або «У турка». Там, праўда, сядзеў не турак, але азербайджанец. Ці былі кальяны? Пра гэта, на жаль, нічога невядома… Пасля 1939-га году, зразумела, ад кавярняў анічога не засталося, а чурчхэлу гарадзенцы маглі пакаштаваць адно на курортах у Грузіі.

4. Смаленскі шляхціч, які «уратаваў» Капенгаген

Каля адной з апораў чыгуначнага мосту над Нёмнам некалі быў прычал, дзе ў другой палове ХІХ ст. стаяў параход «Нёман». На працягу трох год на ім хадзіў па рацэ, чысціў і даглядаў ваколіцы інспектар Нёманскага ўчастку водных шляхоў Павел Рыкаў, выхадзец са смаленскай шляхты. Для яго накіраванне ў Горадню было сапраўднай высылкай, бо дагэтуль Рыкаў быў марскім афіцэрам імператарскай арміі… Як так сталася?

Недзе тут стаяў прычал парахода «Нёман», на якім хадзіў Павел Рыкаў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У 1870-я гады Рыкаў служыў старэйшым памочнікам капітана на вайсковым параходзе-фрыгаце «Олаф». У той час паравыя суды толькі пачалі дамінаваць над ветразевымі, а «Олаф» быў ледзьве не пярлінай імператарскага флоту. Неяк, стоячы ў бухце Капенгагена, «Олаф» загарэўся: на борце было багата пораху і амуніцыі, выбух мог пашкодзіць не толькі караблі, але і раён гораду. Старпом прыняў рашэнне: затапіў судна, зняў небяспеку, за што быў узнагароджаны ордэнам. Але справа на гэтым не скончылася: адказнасць за пажар скінулі на Рыкава і адправілі ў высылку… у Горадню.

З часам Павел Рыкаў усё ж дамогся сваёй рэабілітацыі і вяртання на марскі флот, нават стаў адміралам. Ягоныя сыны пайшлі па шляху бацькі, таксама зрабіўшы кар’еру на флоце. Пасля перавароту 1917 году большасць афіцэраў з роду Рыкавых былі рэпрэсаваныя… Магчыма, каб Павел Рыкаў усё ж застаўся б у нялюбай яму Горадні, лёс сям’і склаўся б па-іншаму.

Магіла самазабойцы-тэлеграфіста Платона Зубава. Фота — Васіль Малчанаў/«Белсат»

5. Загадкавая магіла Платона Зубава

На ўскрайку гораду непадалёк ад берага Нёмна стаіць самотны камень з неразборлівым надпісам. Гэта магіла Платона Зубава, начальніка тэлеграфнай лініі, які трагічна загінуў у 1847 годзе. Як самагубцу, згодна традыцыям, яго пахавалі паза межамі могілак. Доўгі час для гісторыкаў таямніцай была дата пахавання, бо тэлеграф у Горадні з’явіўся толькі на пачатку 1860-х. У 1840-х яго толькі прыдумлялі, ішлі эксперыменты… Тады, як гэта магчыма? Спіраль часу дала збой?..

Апынулася, усё прасцей і цікавей. Зубаў быў начальнікам аптычнага тэлеграфу, які прыдумалі ў Францыі напрыканцы ХVIII ст. Схема працавала так: на адлегласці ў 5-10 км ставіліся вежы, якія перадавалі па ланцугу аптычныя сігналы – зашыфраваныя літары.

У часы Мікалая І праз Беларусь прайшла лінія найдаўжэйшага ў свеце аптычнага тэлеграфу: ад Пецярбурга да Варшавы (амаль 1500 км). Напрыклад, Вежа Гедыміна ў Вільні была ў тыя часы тэлеграфнай, а паўстанцаў 1863 году хавалі на месцы знесенага дамка начальніка аптычнага тэлеграфу, які страціў актуальнасць.

Такім чынам, Платон Зубаў адказваў за дыстанцыю ад Горадні да Беластоку на тым даўжэзным імператарскім тэлеграфе. Калі адлегласць паміж гэтымі гарадамі складае каля 70 км, то ў ягоным падпарадкаванні было каля дзясятка аптычных вежаў. Дзе месцілася падобная вежа ў Горадні, на жаль, пакуль невядома.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў