«Пачулі, што ён грамадзянін Украіны, і пачалі метадычна збіваць». Што адбываецца на Акрэсціна


Сілавікі моцна збіваюць людзей у ізалятары на Акрэсціна. Выключэнне не робіцца ні для журналістаў, ні для грамадзянаў іншых краін. Пра гэта распавёў па тэлефоннай сувязі у эфіры нашага тэлеканалу журналіст Уладзімір Лунёў.

Аператара «Белсату» Уладзіміра Лунёва затрымалі напярэдадні каля метро Пушкінская разам з іншымі людзьмі і даставілі ў ізалятар на Акрэсціна.

«Я думаў, што прэссу яны не будуць чапаць. Але яны білі ўсіх – і жанчын, і дзяцей, і прэсу. Нас завялі ў аўтазакі, завязлі, я так разумею, на Акрэсціна. Там адбываўся жах.

Людзей метадычна збівалі, каб у іх адпала ахвота ўдзельнічаць у акцыях пратэсту. [] Што паўгадзіны-гадзіну прывозілі новую групу людзей, і мы чулі, як іх збіваюць у прыёмным калідоры. Вакол быў хаос, кроў, людзі крычалі ад болю і прасілі іх не біць, але іх ніхто не слухаў».

Паводле Уладзіміра Лунёва, да людзей ставяцца горш, чым да ската. Асабліва моцна пабілі ўкраінца.

«Са мной быў грамадзянін Украіны. Як толькі супрацоўнік пачуў, што ён грамадзянін Украіны, яго ўзялі ды павалаклі да плота і пачалі метадычна збіваць.

Каб застацца цэлым, я не казаў, адкуль я. Сказаў, што жылетку «прэсса» узяу у сябра. Я не казаў нічога, я разумеў, што мяне проста заб’юць пад гэтым плотам.

На конт таго, як нас утрымлівалі. Месцаў, я так разумею, няма. Усе стаялі з 12-ай уначы да 12-ай начы – 24 гадзіны. Людзі стаялі адзін побач з адным, не было магчымасці сесці. Людзі падалі. Некаторым станавілася кепска, крычалі “Выклікайце хуткую”. Вады не давалі, не кармілі».

У падобных умовах на Акрэсціна ўтрымлівалі іншага журналіста «Белсату» Станіслава Івашкевіча. Ён распавёў пра ўмовы ў ізалятары на сваім Фэйсбуку:

«Камера, дзе я знаходзіўся з 9.08 па 11.08 – разлічаная на тры месцы. Нас там было 13 чалавек (пазней двух шпіталізавалі: аднаго – з пабоямі, атрыманымі пры затрыманні, а ў другога ногі былі пасечаныя асколкамі светашумавой гранаты). За двое сутак арышту нам выдалі адзін бохан хлеба на ўсю камеру. Адзін раз вывелі ў двор і прагналі «праз шыхт», збіваючы гумовымі палкамі».

Станіслава Івашкевіча прысудзілі да штрафа. Сотні беларусаў, а таксама грамадзяне Расеі і Украіны чакаюць суда.

МВ, Белсат

 

 

Стужка навінаў