Пачаўся суд у справе аб гандлі зброяй: на лаве падсудных – 10 чалавек


Суд Баранавіцкага раёну і гораду Баранавічы 10 верасня распачаў разгляд справы аб гандлі зброяй. Сярод дзесяці падазраваных ёсць былыя вайскоўцы з 8-й радыётэхнічнай брыгады супрацьпаветраных войскаў, сталяр і нават аператыўнік крымінальнага вышуку, перадае карэспандэнтка belsat.eu.

У жніўні мінулага года стала вядома пра затрыманне (яно адбылося яшчэ ў чэрвені) у Баранавічах прапаршчыка Дзмітрыя Кульжыка, які быў загадчыкам складу ў роце матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння, у вайсковай частцы 29 969. Яго падазравалі ў тым, што, пачынаючы з восені 2017-га, ён нібыта вынес са складу сорак адзінак зброі з мэтай продажу. Таксама тады паведамлялася, што разам з Кульжыкам былі затрыманыя два міліцыянты.

Перад пачаткам паседжання адбылася патасоўка. Блізкія фігурантаў справы не хацелі, каб журналісты здымалі ў судзе.

Следства ў справе доўжылася больш за год, матэрыялы змяшчаюцца ў 63 тамах. Сёння на лаве падсудных апынуліся дзесяць асобаў розных прафесіяў: тут і тэхнік сувязі, і сталяр, і экспедытар, беспрацоўны ды маёр міліцыі. Васьмёра абвінавачаных на працэсе сядзелі ў «клетцы», яшчэ двое – у зале пад аховай канвою ў бронекамізэльках.

Да пачатку судовага паседжання канвой забараняў журналістам здымкі, пратэставалі супраць прысутнасці фотакарэспандэнтаў і сваякі абвінавачваных. Апошнія – збольшага таксама прыхоўвалі твар ад аб’ектываў камераў.

Фігуранты справы хаваюць твары ад журналістаў

Спачатку суддзя Аксана Літвінчык назвала асобы падсудных. Гэта Дзмітрый Кульжык, Юрый Марчанка, Аляксандр Века, Мікалай Дзямідаў, Максім Новікаў, Мікалай Чорны, Дзяніс Шавель, Сяргей Сяўрук, Мікалай Азарка і Віталь Суднік-Грынкевіч. Наймалодшы – Кульжык, якому толькі споўнілася 25, найстарэйшыя – 44-гадовыя сталяр Сяўрук і Века, оперупаўнаважаны крымінальнага вышуку УУС Баранавіцкага райвыканкаму. У некаторых з іх ёсць няпоўнагадовыя дзеці.

Дзяніс Шавель
Мiкалай Азарко
Максім Новікаў
Аляксандр Века
Дзмітрый Кульжык
Сяргей Сяўрук
Мікалай Чорны

Абвінавачаным інкрымінуюць шэраг артыкулаў, звязаных з незаконным набыццём, захоўваннем, перамяшчэннем, збытам і замахам на збыт агнявой зброі ды выбуховых рэчываў, а таксама абвінавачваюць у злосным хуліганстве (арт. 294, 295, 296, 216, 211, 339 КК Беларусі). Падсудныя хадайнічалі аб допуску сваіх адвакатаў, агулам у зале прысутнічалі дзесяць абаронцаў. Недавер да суда выказаў толькі Века, аднак адводу пры гэтым не меў. Пракуроры перайшлі да зачытвання абвінавачвання, гэта заняло больш за дзве гадзіны.

Пісталеты Макарава і аўтамат Калашнікава

Месца дзеяння – Баранавічы і Берасцейскай вобласць, перыяд – 2017–2018 гады. Паводле следства, асноўныя фігуранты справы – былы загадчык аддзелу матэрыяльнага забеспячэння в/ч 29 969 Юрый Марчанка і міліцыянт Аляксандр Века. Апошні, паводле дзяржабвінаваўцы, неаднаразова набываў у Марчанкі пісталеты Макарава 60-х гадоў выпуску з патронамі, а таксама вінтоўку і аўтамат Калашнікава са 120 баявымі патронамі да яго. За гэтую зброю пакупнік плаціў ад 250 да 600 долараў. Пасля набыцця Века захоўваў зброю і перавозіў яе на машыне. Падобных эпізодаў у матэрыялах справы некалькі, следства мяркуе, што схема незаконнага гандлю працавала рэгулярна.

У набыцці ў Марчанкі зброі, а таксама бяздымнага пораху і гранатаў РГД вінавацяць і авіятэхніка Максіма Новікава. У траўні 2018 года той нібыта здзейсніў у нецвярозым стане каля 20 стрэлаў у лясным масіве. Злоснае хуліганства за падобныя дзеянні інкрымінуюць і беспрацоўнаму Мікалаю Чорнаму.

Не быў узяты пад варту толькі тэхнік сувязі в/ч 7404 Віталь Суднік-Грынкевіч. Ён патлумачыў прычыну: «У мяне была добраахвотная выдача, у адрозненне ад іншых. Я сам здаў зброю, яе не вымалі, і даў паказанні». На пытанне belsat.eu, ці згодны ён з абвінавачваннем, той сказаў: «Так, усё праўда».

Як распавяла адна з абаронцаў, адзін з галоўных фігурантаў Юрый Марчанка быў не ў «клетцы» з астатнімі, бо «ў яго адбыўся канфлікт з міліцыянтам Века, і Марчанка папрасіў ізаляваць сябе». Прычыны канфлікту яна не патлумачыла.

Канвой у зале суда

Сябры сям’і Кульжыкаў, прысутныя на працэсе, кажуць, што суды аб гандлі зброяй у Баранавічах цягнуцца не першы месяц, проста цяпер разглядаюцца эпізоды, выдзеленыя ў асобнае справаводства. «Калі судзілі высокапастаўленых вайскоўцаў, шышак гэтых, была цішыня, а цяпер узялі гучна гэтых дурняў, проста пешак», – кажа сяброўка сям’і, якая не пажадала называцца. Яна мела на ўвазе суд над палкоўнікам Баранавіцкага гарнізону, якога ў траўні пакаралі чатырма гадамі калоніі за незаконныя дзеянні са зброяй.

Маці Дзмітрыя Кульжыка Ларыса пацвярджае, што цяперашняя «справа дзесяці» і вырак палкоўніку – звязаныя. Акрамя таго, паводле ейнай інфармацыі, калі Кульжык у 2015 годзе стаў загадчыкам складу, зброі ўжо не хапала.

Перад пачаткам судовага паседжання. Матэрыялы справы складаюць 63 тамы

«Калі ён прымаў склад, там быў недахоп. Але яму паабяцалі, што гэты недахоп спішацца падчас вучэнняў. Ён нічога не разумеў, хацеў проста працягваць служыць, бо войска была ягонай марай, – кажа Ларыса. – У мяне паўстае пытанне, калі Дзіма цягам года выносіў зброю – куды столькі часу глядзелі ўлады? Дзе былі рэвізіі? Чаму ўсё было добра і ўзялі яго толькі ў 2018-м?» – дадае жанчына.

Бліжэйшым часам суд працягне разгляд справы ў дачыненні ўсіх фігурантаў. Парадак давання паказанняў пакуль не вызначаны. Belsat.eu будзе сачыць за працэсам.

Hавiны
«Яму прыгразілі, каб маўчаў». Новыя дэталі справы кантрактніка, падазраванага ў гандлі зброяй
2018.08.06 18:15

КА, фота ІА belsat.eu

Стужка навінаў