Пачаўся суд над маладафронтаўцам Піліпам Шаўровым за расфарбаваны помнік


Піліп Шаўроў.
Фота: «Белсат»

Суд Цэнтральнага раёна Менску распачаў разгляд справы маладафронтаўца Піліпа Шаўрова, якога абвінавачваюць у тым, што ён расфарбаваў помнік Пушкіну і нанёс палітычныя графіці. Шаўрову інкрымінуюць «хуліганства».

У залі прысутнічаюць каля 15 чалавек, сярод якіх сябры і паплечнікі маладафронтаўца. Прыйшла і ягоная жонка Вольга, якая адмовілася ад дачы паказанняў. Працэс вядзе суддзя Іван Касцян.

На пачатку працэсу падсудны прызнаў сваю віну, аднак заявіў, што не згодны з кваліфікацыяй абвінавачвання. У прыватнасці з тым, што следства ўбачыла ў ягоных дзеяннях «хуліганскія матывы». Паводле яго, яны насілі палітычны характар.

Фота «Белсат»

Агульная сумма пашкоджання помнікаў – Пушкіну і загінулым міліцыянтам – ацанілі ў 130 рублёў 75 капеек. Графіці на будынку Менскводаканалу – на 98 рублёў 18 капеек. Шаўроў кампенсаваў усе гэтыя кошты.

Суд перайшоў да апытання сведак.

У якасці сведак выступілі двое працаўнікоў РАУС Цэнтральнага раёну, куды з’явіўся Шаўроў у студзені. Таксама выступіў дырэктар крамы, дзе Шаўроў, імаверна, набыў балончыкі з фарбай.

Піліп Шаўроў перад пачаткам паседжання. Фота «Белсат»

***

Паводле следства, у студзені 2020 года актывіст «Маладога фронту» Піліп Шаўроў нанёс фарбай невялікую адносна памеру помніка выяву бел-чырвона-белага сцяга на гранітны складнік помніка загінулым працаўнікам МУС, а таксама пафарбаваў у чырвоны колер рукі помніка А. Пушкіну. Акрамя таго ён нібыта нанёс надпіс «1937» на плот помпавай станцыі на ўскраіне Менску.

Маладафронтавец быў затрыманы 19 студзеня пасля таго, як сам прыйшоў у міліцыю, каб распавесці, што гэта менавіта ён расфарбаваў рукі помніка Пушкіну.

Шаўрову высунулі абвінавачванне паводле трох ч. 1 і ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»). Справу накіравалі ў суд. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да 6 гадоў.

16 красавіка праваабаронцы прызналі Шаўрова палітвязнем і запатрабавалі ягонага вызвалення. Паводле іх, праз свае дзеянні Шаўроў выказваў палітычныя погляды.

Напрыканцы красавіка газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ – Беларусь сегодня» распаўсюдзіла аператыўнае відэа допыту, дзе Шаўроў крытыкаваў апазіцыю і ўхваляў рэпрэсіі.

7 траўня Шаўрова выпусцілі з СІЗА да суду.

КА belsat.eu

Стужка навінаў