Пачаліся перамовы аб саміце Еўрапейскага Звязу і «Усходняга партнёрства» ў Менску

ВІДЭА

Замест сустрэчы з Фэдэрыкай Магерыні, вярхоўнаю прадстаўніцай Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі, Аляксандр Лукашэнка асабіста пазнаёміўся з Уладзімірам Зяленскім. Накладка у раскладах? Наўрад ці. Што сапсавала планы Уладзіміра Макея? Ці усе так безнадзейна?

Калі гэты сюжэт з’явіўся эфіры ў пятніцу, Вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі Фэдэрыка Магерыні мелася б адпачываць у Менску пасля сустрэчы з кіраўніком ураду Беларусі – і рыхтавацца да сустрэчы з кіраўніком Беларусі.

У спатканнях Магерыні з Румасам і Лукашэнкам меліся ўзяць удзел і міністры замежных справаў Польшчы, Літвы, Латвіі.

Эдгар Рынкевіч, міністр замежных справаў Латвіі, у інтэрв’ю «ПраСвету» заявіў:

«Мы бачым, што можам дасягнуць большага, калі кантактуем наўпрост, размаўляем з прэзідэнтам Беларусі, запрашаем яго і распрацоўваем нейкі стыль дачыненняў».

Аднак у сераду міністр замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч адмяніў свой візіт у Менск, спасылаючыся на пахаванне бацькі прэм’ер-міністра Польшчы. Пасля яго Магерыні, а за ёй – кіраўнік літоўскай дыпламатыі Лінас Лінкявічус.

Зрыў сустрэчы супаў у часе з Варшаўскім форумам бяспекі, які сабраў у адным месцы палітыкаў, вайскоўцаў і палітолагаў. Паводле яго арганізатара, Еўразвяз традыцыйна адкрыты для Беларусі, а максімум, што можа спалохаць еўрапейскіх палітыкаў, – абвінавачанні ў занадта цёплых размовах з Лукашэнкам: маўляў, «сябруеце з дыктатарам».

Каментуе Збігнеў Пісарскі, прэзідэнт Фонду імя Казімежа Пуласкага, Польшча:

«Лукашэнка вельмі далёкі ад дэмакратычных стандартаў, але адначасова – не прысутнічае ў клубе найгоршых сатрапаў свету. У сувязі з гэтым – ёсць з кім размаўляць. Калі прэзідэнт ЗША здольны сядзець з лідарам Паўночнай Карэі, то, мяркую, не павінна быць прычынаў, каб мы не селі за стол перамоваў з прэзідэнтам Лукашэнкам».

У процьме інсінуацыяў пра прычыны адмены візіту Магерыні называлася і пазіцыя Вільні што да Беларускай АЭС, але ў гэтым выпадку інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскія праекты – важнейшая за спрэчкі вакол АЭС.

Гаворыць Алесь Лагвінец, палітолаг, Беларусь:

«Яшчэ 1 кастрычніка амбасада Літвы рассылала запрашэнні на сустрэчу з міністрам замежных справаў».

Каментуе Мантас Адаменас, дэпутат Сейму Літвы:

«Калі абстрагавацца ад пытання Астравецкай АЭС, то мы – за дыялог для нашых краінаў».

Пра тое, што за дыялог – і Беларусь, яшчэ нядаўна заяўляў кіраўнік Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мы павінныя глядзець і на Усход, і на Захад. І Расеі нас папракнуць няма ў чым. У іх нават арол двухгаловы: і туды, і туды глядзіць».

Калі беларусы чакалі Магерыні ў спадзеве на яшчэ адзін крок у бок «візаў па 35», Лукашэнку сустрэча з Магерыні была патрэбная напярэдадні снежаньскага спаткання з Пуціным і чарговага кроку да інтэграцыі.

Алесь Лагвінец:

«Улады Беларусі будуць спрабаваць паказаць, што, так бы мовіць, дзверы для кантактаў з калектыўным Захадам у іх адчыненыя. І гэта, відавочна, так ці інакш напружвае або нават раздражняе Маскву».

Адчыненыя, ці, хутчэй, прыадчыненыя, дзверы да кантактаў з Еўропай у нас ужо 30 гадоў. Дамова, якая рэгулюе нашыя дачыненні з ЕЗ, была падпісаная СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю ў 1989 годзе!

Жаданне гэта змяніць ёсць, падаецца, у абодвух бакоў, а найвялікшаю перашкодаю можа стацца сам Лукашэнка, які часта хоча грошы наперад крэслаў. Для яго візіты замежнікаў – пусты гук без падтрымання ў выглядзе крэдытаў і інвестыцыяў.

Алесь Лагвінец:

«Мы сёння знаходзімся на гэткай пэўнай стадыі, калі яшчэ невядома, што і куды можа павярнуцца. Відавочна, што ёсць пэўная дынаміка, але дынаміка ў сферы больш публічнага піяру і публічнай палітыкі, а не нейкіх істотных, глыбінных зменаў у стасунках Беларусі з калектыўным Захадам».

Напрыканцы Варшаўскага форуму бяспекі беларускае МЗС пацвердзіла інфармацыю, што абмяркоўваецца арганізацыя ў Менску вялікага саміту краінаў Еўразвязу і «Усходняга партнёрства», першай сустрэчы па-за межамі ЕЗ. Намеснік Уладзіміра Макея адказаў на пытанне «Белсату».

Алег Краўчанка, віцэ-міністр замежных справаў Беларусі, заявіў:

«Мы ўжо распачалі перамовы аб правядзенні саміту «Усходняга партнёрства» па-за межамі Еўравязу. Год таму запрапанаваў міністр замежных справаў Беларусі Уладзімір Макей – правесці саміт «Усходняга партнёрства» ў Менску».

Паводле беларускага дыпламата, ідэю ўжо падтрымаў польскі міністр замежных справаў Яцэк Чапутовіч. А менавіта ён адмяніў прыезд у Менск першым.

Таму трэнд – прынамсі пакуль – такі, што Беларусь і Еўропа збіраюцца размаўляць, а непрыезд Магерыні нічога глабальна не змяніў.

Эдгар Рынкевічс, міністр замежных спраў Латвіі:

«Адзін візіт, адна сустрэча нічога не мяняе».

Каб шэнгенскія візы каштавалі для нас па 35 еўраў, Беларусь павінная дамовіцца з ЕЗ да канца года. Каб дзверы з ЕЗ заставаліся адчыненымі – да 8 снежня. Імаверна, нехта з высокіх палітыкаў Еўразвязу усе ж да нас завітае да гэтае даты.

Дзяніс Дзюба

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 05.10.2019

Іншыя тэмы выдання:

Глядзі таксама
Каментары