Пачалася прыхаваная акупацыя Беларусі

Расейскія вайскоўцы ў Беларусі, а беларускія – у Расеі. Нібыта нічога незвычайнага. Аднак штосьці змянілася кардынальна. Пачынаецца прыхаваная акупацыя Беларусі, лічыць незалежны расейскі эксперт Павел Фельгенгаўэр. На такую агрэсію практычна немагчыма рэагаваць, бо адбываецца яна пад выглядам частых вайсковых вучэнняў. Расея праводзіць манеўры адначасова ў Беларусі і на Каўказе.

Традыцыйныя беларуска-расейскія вайсковыя вучэнні «Славянскае братэрства» пачаліся 15 верасня і павінныя доўжыцца 10 дзён. Аднак адбываюцца яны на фоне масавых акцыяў пратэстаў, а іх маштаб у разы большы за ранейшы.

Каментуе расейскі вайсковы эксперт Павел Фельгенгаўэр, аналітык амерыканскага даследчага цэнтру Джэймзтаўнскі фонд:

«Па сутнасці пачалася акупацыя Беларусі. У нас на вачах тактычныя батальённыя вучэнні, узмоцненага батальёну 800 чалавек. Ужо без сербаў ператварыліся ў дывізійныя вучэнні. 6000 чалавек, і там высаджваюцца расейскія батальёны паветрана-дэсантныя, кіруе гэтым асабіста камандуючы ПДС Сердзюкоў. І сказана, што гэтыя вучэнні будуць насіць перманентны характар. Гэта на два парадкі вышэй, чым планавалася».

І не дзіўна, што Крэмль напружыўся. Любы з варыянтаў – ці то Беларусь хоць крыху наблізіцца да Паўночнаатлантычнага альянсу, ці то заявіць пра нейтралітэт – для Расеі катэгарычна непрымальны.

Мабілізуюцца вялікія сілы не толькі на заходніх рубяжах, але таксама нібыта традыцыйна Расея праводзіць вучэнні на паўднёвым кірунку, у Каспійскім басейне – «Каўказ-2020». У якіх задзейнічаныя Расгвардыя, працаўнікі МНС, падраздзяленні супрацьракетнай абароны і флоту Расеі, 250 танкаў.

Працягвае Павел Фельгенгаўэр:

«Гэта непасрэдная падрыхтоўка да вялікай рэгіянальнай вайны. З Амерыкай і саюзнікамі Амерыкі. Да вайны, якая можа перайсці ад рэгіянальнай да глабальнай. Тут правяраюць магчымасці мабілізацыі сілаў, разнастайных сродкаў. У гэтым выпадку на паўднёва-заходнім кірунку. Але альтэрнатыўна праводзіцца на ўсіх чатырох кірунках. Вайна плануецца з Захадам у бліжэйшыя некалькі гадоў».

Калі казаць пра амерыканскіх саюзнікаў на паўднёва-заходнім кірунку, дык у першую чаргу гэта Грузія і Украіна, якія і імкнуцца далучыцца да NATO, каб вызваліцца ад расейскага ўплыву.

Пачаліся вучэнні ЗША, якімі пужае Лукашэнка. Ці трэба іх баяцца?

Гаворыць Бэка Кірыя, заснавальнік і дырэктар «Gagra Institute», Грузія:

«Адна з задачаў Расеі – яна спрабуе быць больш жорсткай. Вярнуць уплыў не толькі на постсавецкія краіны, але і выйсці за межы гэтага рэгіёну. Расея не задаволеная зместам трансатлантычнай бяспекі ці структурай бяспекі Еўрапейскага Звязу. Яна дае выразны мэсідж заходнім краінам, што яна пашырае ўплыў у рэгіёне Каспійскага і Чорнага мора. І яна намагаецца захаваць за сабою ролю цэнтральнага гульца, дзе іншыя саюзнікі могуць знаходзіцца толькі ў яе арбіце».

Безумоўна, вайны можна пазбегчы (пра што не раз казаў і расейскі лідар), калі Захад пойдзе на пэўныя саступкі, а гэта азначае, што частка Еўропы застанецца ў арбіце Расеі. Беларусь як яе стратэгічны саюзнік з гэтай арбіты і не сыходзіла. І тут узнікае пытанне Украіны, якая не першы год застаецца ў стане фактычнай вайны з Расейскай Федэрацыяй.

Невыпадкова Украіна цяпер праводзіць планавыя вучэнні разам з ЗША і Вялікай Брытаніяй «Аб’яднаныя намаганні» паводле працэдураў штабоў NATO. Наша паўднёвая суседка правярае ўзровень баявой падрыхтоўкі асабістага складу.

Каментуе ўкраінскі ваенны эксперт Міхайла Самусь, намеснік дырэктара Цэнтру даследавання арміі, канверсіі і раззбраення:

«Гэтыя вучэнні, якія праходзяць на фоне «Каўказ-2020», сапраўды прызначаныя, каб адпрацаваць абарончыя аперацыі ў супрацьвагу тым наступальным аперацыям, якія адпрацоўваюцца Расеяй на «Каўказе-2020», на паўднёвым стратэгічным кірунку».

Стратэгія Украіны простая: яна знаходзіцца ў стане вайны, таму вымушаная адпрацоўваць элементы абарончых аперацыяў не толькі ў паўднёвым, але і з паўночнага кірунку, дакладней з боку Беларусі. А ў нас «Славянскае братэрства» працягваецца.

Новая ваенная стратэгія Пуціна ў Беларусі. Ці Лукашэнка запрасіў «зялёных чалавечкаў»?

«Вучэнні называюцца антытэрарыстычнымі, але ў іх бяруць удзел два стратэгічныя бамбавікі Ту-160. Відавочна не для антытэрарыстычнай барацьбы. Гэтыя бамбавікі падыходзяць больш для стратэгічных вучэнняў, як «Каўказ-2020». Гэта азначае, што ўсе вучэнні праходзяць паводле адзінага плану, замыслу і фармуюць адзіны фон, аўтары якога не ў Менску, а ў Маскве», – працягвае Міхайла Самусь.

Украіна адназначна расцэньвае вучэнні, якія праходзяць у Беларусі, як пагрозу нацыянальнай бяспецы з адной простай прычыны – Саюзная дзяржава Расеі і Беларусі ў вайсковым плане фактычна ёсць асновай для фармавання адзінай арміі.

Міхайла Самусь упэўнены:

«Да апошніх падзеяў у Беларусі наш цэнтр заўсёды ацэньваў ваенную сферу ў Беларусі з пункту гледжання існавання сумеснай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы. Вучэнне «Славянскае братэрства» – яно ёсць традыцыйным. Часам называюць іх антытэрарыстычнымі, могуць называць разнастайнымі эпітэтамі, але насамрэч гэта адпрацоўванне дзеянняў групоўкі Саюзнай дзяржавы для аховы так званых вонкавых межаў».

Дэкларуецца, што асноўная задача расейскай арміі – ахова межаў. Аднак відавочна, што сталая вайсковая прысутнасць усходняга суседа ў Беларусі цяпер імкліва расце. Мэта – ахоўваць рэжым Лукашэнкі, імперскія інтарэсы Крамля і трымаць беларусаў у няволі.

Наста Ільіна, для праграмы «ПраСвет»

Крэмль у Беларусі рыхтуецца да вялікай вайны. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою

Фота вокладкі: Kremlin Pool / Russian Look / Forum

Hавiны