У Гомлі хлопцу пагражае 6 гадоў за ўдар «нявыяўленым чынам па задняй паверхні правай нагі» міліцыянта


Аляксей Губіч. Фота з сямейнага архіву.

У Гомлі пачалі новую крымінальную справу супраць удзельніка пратэсту. Яго вінавацяць у гвалце супраць міліцыянта.

Абвінавачаны – 24-гадовы гомелец Аляксей Губіч. Ён мае вышэйшую адукацыю і планаваў звязаць сваё жыццё з музыкай.

Афіцыйна

Паводле пастановы, якую падпісаў старшы следчы Аляксандр Шчаглоў, падазраваны 20 верасня, паміж 15:00 і 15:30, на скрыжаванні вуліц Савецкай і Пушкіна ў Гомлі здзейсніў гвалт у дачыненні да інспектара крымінальна-выканаўчай інспекцыі Паўла Шапавалава.

У прыватнасці, Губіч спачатку нанёс «нявыяўленым чынам адзін удар па задняй паверхні правай нагі» Шапавалава.

«Калі ў выніку дадзенага ўдару Шапавалаў П.А. упаў на зямлю і схапіў Губіча А.В. за ногі, таксама паваліўшы яго на зямлю, апошні, працягваючы свае злачынныя дзеянні, вырваў з захопу свае ногі і нанёс імі не менш за два ўдары па галаве Шапавалава П.А., прычыніўшы яму сінякі і раны на галаве, якія адносяцца да цялесных пашкоджанняў, што не пацягнулі за сабой кароткачасовага расстройства здароўя або нязначную ўстойлівую страту працаздольнасці», – гаворыцца ў пастанове.

На падставе артыкулу 364 КК Аляксею пагражае арышт, абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Што кажуць сваякі

Як распавяла ў каментары belsat.eu маці Аляксея Губіча Наталля Сяргееўна, ейнага сына затрымлівалі два разы. У першы раз яго затрымалі праз два дні пасля акцыі – 22 верасня. Ён адбыў у ІЧУ 18 содняў. Затым 20 кастрычніка, праз дзесяць дзён пасля сканчэння арышту, яго затрымалі паўторна – ужо паводле крымінальнай справы.

«Дзесяць дзён ён знаходзіўся ўдома, ніхто яго не чапаў», – адзначыла Наталля Сяргееўна.

Кайданкі на хлопца надзелі ў следчага, да якога ён прыйшоў сам.

Hавiны
З польскай Акадэміі Мастацтваў – у беларускі ізалятар
2020.10.21 09:15

У СІЗА Аляксея спачатку змясцілі ў каранцінную камеру, адтуль перавялі ў звычайную і адразу ж змясцілі ў карцар. У карцары ён знаходзіўся каля чатырох-шасці дзён.

Сведкі абвяргаюць следства

Сваякі ўжо знайшлі адваката, з аплатай якога дапамагаюць праваабаронцы. Але ані азнаёміцца са справай, ані ўбачыць падабароннага таму не даюць.

Аляксей Губіч са сцягам (скрайні справа).
Фота: з сямейнага архіву

Акрамя таго, знойдзеныя пяць сведак, якія гатовыя распавесці пра здарэнне, і шэраг відэа інцыдэнту.

«Усе сведкі цвердзяць, што Шапавалаў упаў, калі бёг. Была стычка і, магчыма, яго нават сам АМАП паваліў. Калі ж уставаў, усе бачылі, што з ім было ўсё добра. Таксама кажуць, што ён нават пасля хадзіў з рупарам, урэзаўся ў дрэва і набіў гэтым рупарам сабе сіняк пад вокам. Усе бачылі, як пасля гэтага нібыта збіцця ён спакойна гуляў, нібы нічога не было. А наш сын пасля гэтага стаяў са сцягам, фатаграфаваўся і ніхто яго не затрымліваў», – распавяла маці.

Сваякі шукаюць дадатковыя сведчанні пра інцыдэнт 20 верасня на скрыжаванні вуліц Пушкіна і Савецкай у Гомлі. Перадаць іх можна па нумары тэлефону: +37525 7276627.

Вырашылі пасадзіць актывістаў

Жанчына адзначыла, што Шапавалаў заяўляе, што пазнаў Аляксея на фотаздымку, дзе ён стаяў у масцы са сцягам. Сам жа абвінавачаны пасля выхаду з ІЧУ распавядаў маці, што быў сведкам сутычкі, але Шапавалава не бачыў.

Hавiны
У Гомлі настаўніцы далі 15 содняў: яна прапанавала прыбраць могілкі. У ІЧУ трапіла і ейная племянніца з мужам
2020.10.30 07:05

«Яго проста ўзялі і абвінавацілі ў тым, што ён не рабіў. Мы яму верым на 100 %», – падкрэсліла Наталля Губіч.

Яна мяркуе, што міліцыянты вырашылі пасадзіць актывістаў.

«Яны пабачылі на фотаздымку, што сын стаіць са сцягам. Палічылі, што ён актывіст. Ім, напэўна, было ўсё адно, каго саджаць, і вось яны абралі яго проста па фотаздымку», – падкрэсліла жанчына.

Сотні абвінавачаных

28 кастрычніка генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед заявіў, што ў Беларусі па фактах масавых беспарадкаў і гвалтоўных дзеянняў у дачыненні да праваахоўнікаў і службовых асоб пачалі 657 крымінальных справаў, перадае БелТА.

Па гэтых справах прызнаныя абвінавачанымі каля 200 чалавек. Каля 70 спраў ужо накіраваныя ў суды, дзевяць спраў разгледжаныя.

У каментары belsat.eu праваабаронца Леанід Судаленка заявіў, што ў Гомлі пачатыя не менш за 12 крымінальных справаў у дачыненні да пратэстоўцаў. Людзей абвінавачваюць паводле розных артыкулаў, пачынаючы ад абразы Аляксандра Лукашэнкі і сканчаючы злосным хуліганствам за тое, што чалавек зняў з флагштоку чырвона-зялёны сцяг, а павесіў бел-чырвона-белы.

Hавiны
«Пракурор сказаў: усіх у турму». Двум абаронцам мемарыялу Тарайкоўскага пагражае да 10 гадоў зняволення
2020.10.30 08:14
  • Пратэсты ў Беларусі цягнуцца з 9 жніўня. За гэты час былі арыштаваныя не менш за 15 тыс чалавек, шмат з іх былі збітыя, некаторыя былі згвалтаваныя, па меншай меры 6 чалавек загінулі. Паводле крымінальных справаў затрыманыя больш за 350 чалавек.
  • Праваабарончай супольнасцю 102 асобы прызнаныя палітычнымі зняволенымі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў