У міліцыі знаходзяцца Зміцер Дашкевіч і яшчэ некалькі чалавек
Калі акцыя памяці скончылася і большасць удзельнікаў і журналістаў разышліся, ля будынку КДБ засталіся актывісты «Маладога фронту». Хлопцы меліся дапільнаваць, калі дагараць лампадкі і забраць іх разам з партрэтамі.
Гэтым часам ля будынку зʼявілася машына ЖЭСу разам з прыбіральшчыкамі ва ўніформе памаранчавага колеру. Узнік канфлікт, бо нехта з ЖЭСаўцаў паспрабаваў забраць партрэты, расстаўленыя па перыметры будынку, хоць актывісты паабяцалі прыбраць усё самі.
У выніку, як паведаміла карэспандэнту Belsat.eu жонка Зміцера Дашкевіча Наста, сілавікі затрымалі некалькі актывістаў, сярод якіх сам Дашкевіч, а таксама Уладзь Яроменак, Зміцер Пальчэўскі, Наталля Басалыга-Гарачка. Праўдападобна, затрыманых прывезлі ў Цэнтральны РАУС.
Нагадаем, што начальнік менскай міліцыі Аляксандр Барсукоў яшчэ падчас акцыі гразіўся актывістам у любы момант «згарнуць увесь гэты карагод», а за помнікам Дзяржынскаму дзяжурылі два аўтазакі.
АК, belsat.eu