Па справе аб выбуху салютаў у Менску затрыманыя двое падазраваных


Па крымінальнай справе аб выбухах феерверкаў 3 ліпеня ў Менску затрыманыя падазраваныя, паведамляе Следчы камітэт у сваім тэлеграм-канале.

«У ходзе следства ўстаноўлена, што ў працэсе зараджання салютных установак прадстаўнікі прадпрыемства-пастаўшчыка дапусцілі парушэнне парадку працы з феерверачнымі вырабамі: яны ажыццяўлялі механічнае ўздзеянне на зарады піратэхнікі пры зараджанні марцір, ня прадугледжанае правіламі абыходжання з імі», – распавялі ў СК.

Мужчыны (28 і 25 гадоў) прыбылі ў Беларусь спецыяльна для аказання тэхнічнай дапамогі пры падрыхтоўцы да святочнага салюту. У іхных дзеяннях, паводле інфармацыі Следчага камітэта, угледжваюцца прыкметы злачынства, прадугледжанага ч.2 ст.299 КК (парушэнне правілаў абыходжання з выбуханебяспечнымі рэчывамі, піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Ці з’яўляюцца яны грамадзянамі Расеі – СК не ўдакладняе.

Вядома, што пастаўшчыком піратэхнікі для салюту на Дзень Незалежнасці была расейская кампанія «Пиро-Росс».

На дадзены момант расследаванне працягваецца.

КА belsat.eu

Стужка навінаў