Па справе аб умяшанні ў амерыканскія выбары 13 расейцам прад’явілі абвінавачванні


Адпаведны дакумент апублікаваны на сайце міністэрства юстыцыі ЗША.

У спісе абвінавачаных – бізнесмэн Яўген Прыгожын, якога лічаць чалавекам, блізкім да прэзідэнта Расеі Уладзімера Пуціна.

Таксама Прыгожына звязваюць з кампаніяй «Агенцтва інтэрнэт-даследаванняў» – «фабрыкай троляў», супрацоўнікі якой пішуць платныя каментары ў сацсетках і групай «Вагнэра» – прыватная ваенная кампанія, якая пастаўляе наймітаў у Сірыю.

13 грамадзянаў Расеі абвінавачваюцца ў «змове з мэтай падмануць Злучаныя Штаты». Двум фігурантам справы прадʼяўленае абвінавачванне ў банкаўскім махлярстве. Чацвярых абвінавачваюць у несанкцыянаваным выкарыстанні асабістых дадзеных іншых людзей, адзначае meduza.io.

Яўген Прыгожын пасля публікацыі абвінавачванняў заявіў РИА Новости: «Амерыканцы вельмі ўражлівыя людзі, яны бачаць тое, што хочуць бачыць. З вялікай павагай стаўлюся да іх. Я зусім не засмучаны, што апынуўся ў гэтым спісе. Калі яны хочуць бачыць дʼябла – няхай бачаць».

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары